Ягоная нявыкрутка абрынулася на яго нечакана, напрыканцы зімы, як пачала яўна здыхаць ягоная фірма, што нядаўна яшчэ квітнела пад назвай «паштовая скрынка». Заказы міністэрства абароны скончыліся, рабочым перасталі плаціць, і Ступак, плюнуўшы на новыя парадкі, звольніўся «па ўласным». Думаў, трохі адпачне і прыгледзіць што-небудзь болей для сябе здатнае. Праўда, тады была немалая надзея на жонку Людмілу Пятроўну, якая рабіла бухгалтаркай у банку. Але, мусіць, так ужо заведзена ў жыцьці, што дзе тонка, там і рвецца, парвалася і з Людкай. Нечакана для сябе ён уведаў, што ў той паявіўся староньні ўхажор і не абы хто, а генеральны дырэктар таго ж банка. Вядома ж, не абышлося бяз лаянкі, жонка сьпярша апраўдвалася, клялася і бажылася, але як ён даў ёй добрага кухталя, са злосьцю прызналася, што так: ёсьць чалавек, мужык, ня тое, што ты — тля. Ня можаш пракарміць сябе, ня толькі жонку з дзіцём. Тады Ступак усё зразумеў і, правільна ацаніўшы становішча, узяў пінжак і з трэскам грукнуў дзьвярыма. Усё ж ён — ня тля, ён чалавек з характарам, да таго ж — афганец. А калі часам лішняе вып’е, дык цяпер хто ня п’е? Хворы, або каму не даюць. Хто ня мае за што.
Адно праўда, апошнім часам ён ня меў за што выпіць.
Гэты яго металічны, некалі звараны з жалезных лістоў гараж прытуліўся на ўскрайку гарадскога падворку ля радка маладых ліпак, поруч з шасьцю іншымі гэткімі ж часовымі збудоўкамі для аўтамабіляў. Гаражы тыя прастаялі тут гадоў мо па дзесяць, але нядаўна аказалася, што незаконна — прыйшла пастанова іх зьнесьці. Куды? — папыталіся іхнія ўласьнікі і, не атрымаўшы здатнага адказу, вырашылі: во вам, выкусіце! Нікуды зносіць ня будзем. Надзіва, ад іх пакуль што адсталі, перасталі наклейваць грозныя абвесткі на іржавых дзьвярах. Гаражнікі было падумалі, што перамаглі, як у пачатку лета ўсіх выклікалі ў падатковую інсьпекцыю, дзе выпісалі падатак і штраф. Штраф быў немалы, ды гаражнікі-пенсіянеры, дачакаўшыся пенсіяў, змусілі ўсё заплаціць. Ступак жа другі раз сказаў: «Выкусіце!» — у яго ўжо даўно не было грошай ня толькі на штраф, а на які куфаль піва, каб захмялець зранку.
Комментарии к книге «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1», Василь Быков
Всего 0 комментариев