Далей — дрэўцы, вельмі знаёмыя, выраслі на вачах: вясной нецярпліва чакаю, калі з набрынялых пупышак, нарэшце, з'явяцца тоненькія, свежыя стрэлачкі лісцікаў. Летам хочацца памыць знямоглае ад пылу лісце, а ўвосень — сабраць у букет: такое яно яркае і прыгожае!
А тут будуюць гасцініцу. Кожны ранак заўважаеш, як выраслі за суткі сцены. Муляры — зусім маладыя хлопцы, а як сур'ёзна працуюць! Асабліва падабаецца мне адзін: бледны, у акулярах. Гадаю, хто ён такі, як стаў будаўніком, пра што марыць. Вельмі яны мяне ўразілі пасля аднаго выпадку.
Раніцой трапляю на сцэнку. Хлопец на рыштаванні надзяе фартух, знізу яму крычыць дзяўчына:
— Вася, падкову знайшла на вуліцы! З вухналямі нават... Адшліфаваная — на серабро!.. На, замуруй яе на шчасце!
— Кідай! — ажыўляецца муляр.
Яшчэ больш блізкімі становяцца гэтыя людзі.
Многіх прахожых ужо ведаю.
Вось гэты, у шэрым палітэчку, пунктуальны: на работу выходзіць мінута ў мінуту.
А то сунецца, мабыць, бюракрат. Ідзе важна, ні на каго не гляне, пасопвае і так трымае галаву, бытта з яе што-небудзь спадзе. Няўжо і ён быў калісьці маленькім хлопчыкам, як мой Віця?.. Уяўляю яго ў кабінеце: слухае чалавека, уткнуўшыся ў настольнае шкло, і да яго гаварыць, што да шафы. А ёсць жа людзі, якія такое важнічанне лічаць аўтарытэтам!
А вунь маладзенькая будаўніца спяшаецца на работу. Новую вясеннюю касынку нясе на галаве як бы нядбайна, толькі ж ты мяне не ашукаеш, хітруня: мне ўжо хутка дваццаць восем, але яшчэ ўмею і я так рабіць!..
Наганяю групку дзяўчат. Адразу відаць, што яны першы раз у нашым горадзе. Ага, у Доме народнай творчасці ідзе абласны конкурс самадзейнасці... Абганяць іх не спяшаюся. Дзяўчаткі няўпэўнена ўзыходзяць на мост (а ён у нас высокі!), ім закружыліся галовы. Спыняюцца воддаль ад парэнчаў, нямеюць, зачараваныя.
— Ах, гэта ж — Нё-оман! — шэпча адна.— Колькі вершаў пра яго вучылі, песень пяялі...
Па мосце праехаў цягач, заглушыў словы.
Комментарии к книге «Свежая рыба», Алексей Никифорович Карпюк
Всего 0 комментариев