Здалёк паказаўся той, каго я называю сваім незнаёмым. Сёння нечым засмучаны, ідзе і на людзей не глядзіць: а чаму? Мо ўчора ў клубе яго дзяўчына танцавала з іншым?.. Спыніць бы і падбадзёрыць: хло-опча, гэта ўсё драбяза!..
У аднаго радасць, у другога смутак — у кожнага сваё...
З часам людзі позіркамі пачынаюць гаварыць табе, якая прыгожая сонечная раніца, як шмат паспелі зрабіць за суткі муляры.
І гэтак з дня ў дзень!
Ідзеш з работы стомленая, галава поўная клопатаў, у руцэ — партфель, пузаты ад сшыткаў, і вось цябе штосьці пачынае цікавіць. Хоць яшчэ і нязначнае, але радаснае, тваё, часамі таямнічае, прыемнае: ты паглыбляешся ў яго, і стомленасць твая кудысьці знікае. Тады табе здаецца, што ты ўжо была некалі на свеце. Магчыма, і нават напэўна,— не чалавекам, а мо галінкай, цаглінай, хмарай...
Калі мяне агортвае замілаванне да ўсяго свету — кветак, сонца, каменняў, людзей,— то здаецца, што гэтая бязмерная колькасць пачуццяў дасталася мне ў спадчыну ад таго Мінулага, ад тае Сутнасці...
2
Такім чынам хаджу ў школу і — назіраю...
З нейкага часу ў плыні прахожых пачынаю вылучаць таго маладога чалавека, майго незнаёмца. Ветлівы твар. Чыстыя вочы. Лёгкая хада спартсмена. Заўсёды акуратна апрануты. І наогул нейкі не такі, як іншыя.
Пачынаю гадаць — хто ён?
Гадаю кожную раніцу і амаль з нецярплівасцю чакаю выпадку зазірнуць яму ў твар.
Ён не заўважае маіх позіркаў. Гэта мяне нават крыху абурае: не забылася пра той час, калі кожны хлапец вытрэшчваў на мяне, студэнтку, вочы. Паступова чытаю ў вачах незнаёмага здзіўленне. А неўзабаве ён ахвотна адказвае мне вачыма. Але ж мы толькі... пешаходы, як гаворыцца ў правілах вулічнага руху.
...Вяртаюся дамоў. Інстытут даў мужу на год творчы водпуск, Косця цяпер дома. Застаю яго так, як і пакінула. Абкладзены слоўнікамі, даведнікамі, кіпамі рукапісаў, капіркай — ён упарта стукае па бліскучых клавішах машынкі.
— Косця, ты мяне чуеш? — адрываю яго ад работы і чамусьці не зусім складна расказваю: — Кожную раніцу на мяне паглядвае нейкі дзядзечка!
— Што? — злуе ён.
Комментарии к книге «Свежая рыба», Алексей Никифорович Карпюк
Всего 0 комментариев