Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі] (fb2)
- Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі] 1064K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алексей Никифорович Карпюк
Аляксей Карпюк
СУЧАСНЫ КАНФЛІКТ
Аповесць, Франтавы дзённік, Не зусім гродзенскія гісторыі
Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Сучасны канфлікт. Аповесць, Франтавы дзённік, Не зусім гродзенскія гісторыі, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 317 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Сучасны канфлікт
Аповесць
Цеціва патрэбна луку,
Як жанчына для мужчыны;
Хоць яна яго згінае,
Але ён кіруе ёю;
Хоць яна яго і цягне,
Ды за ім ідзе слухмяна;
Сэнс жыцця іх — у адзінстве.
З «Песні аб Гаяваце» Г. Лангфела, пераклад А. Куляшова
ПРАДМОВА
Аднойчы, памятаю, наш абласны цэнтр усхваляваў трагічны выпадак.
Ад нашага горада ў поле вядзе кіламетраў з дзесяць стужка асфальту. Праклалі яе яшчэ немцы, яны збіраліся ў канцы асфальту нешта будаваць, не паспелі, пакінулі гораду трафей — шырокі і роўны, як стол, кавалак дарогі, які нікуды не вядзе. Людзі празвалі яго тупіком і знайшлі яму ўжытак. Рэйсавы транспарт па ім не ходзіць, тут гараджане прабуюць свае новыя веласіпеды, матаролеры, матацыклы, машыны...
I вось на гэтым тупіку здарылася жудасная катастрофа. Доктар псіхалагічных навук з медінстытута Станкевіч на асфальце прабаваў свой новенькі «Масквіч». На толькі што купленай «Волзе» яму насустрач выскачыў работнік «Інтурыста» Вавілаў з недалёкага гарадка. Станкевіч чамусьці дадаў газу, уключыў сігнал, раптам звярнуў на левы бок і ўрэзаўся ў машыну Вавілава. На «Волзе» і «Масквічы» яшчэ стаялі абмежавальнікі, аднак хуткасць збліжэння абодвух у суме раўнялася ста дваццаці кіламетрам!
Сведкі расказваюць — раздаўся стрэл, бытта з сілай адкаркавалі вялізную бутэльку шамманскага. Машыны да паловы ўлезлі адна у адну, скаціліся ў кювет і загарэліся.
Пажарныя каманды і тэхнічаая «хуткая дапамога» прыляцелі, калі ля асфальту яшчэ бушавала полымя і трывожна гудзеў сігнал. Пажар пагасілі. Покуль пачаць рэзаць аўтагенам жалеза і даставамь тое, што засталося ад целаў, тэхнікі кінуліся шукаць провад, каб абарваць назойлівае гудзенне. Провад шукалі доўга, а з груды чорнага і абсыпанага белымі пялёсткамі жалеза, кажуць, урачыста, трывожна, настойліва, упарта і жаласліва, што аж праходзіў па скуры мароз, даносілася, плакала, крычала на двух танах:
— А-а-а-а-а-а-а-а-а-а-а!!!
Людзі гаварылі, што самым страшным быў якраз гэты сігнал, пасля якога кожны, перш чым сесці за руль, успомніць гэты жудасны енк.
Жыхары нашага горада абодвух мужчын шкадавалі. Вавілава — бо халасцяк, заехаў у наш горад выпадкова, як бы толькі для таго, каб знайсці сабе смерць, а Станкевіча — бо пакінуў дзяцей, самаму малому хлопчыку не было яшчэ і трох год.
Другога вадзіцеля людзі, вядома, шкадавалі больш. Праяўляўся мясцовы патрыятызм. Станкевіча ўсе добра ведалі як аўтара папулярных навуковых кніжак — самыя складаныя праблемы з галіны чалавечай псіхалогіі ён умеў падаць неяк проста, пераканаўча і займальна. Яго творы друкаваліся стотысячнымі тыражамі і ў Маскве, і ў Кіеве, і за мяжой, а мы ўсе ганарыліся, што папулярны аўтар жыве менавіта ў нашым горадзе. Да нас перабраўся Станкевіч з гарадка, адкуль быў і Вавілаў, у медінстытуце загадваў кафедрай, а я радаваўся, што будзе папаўненне нашай невялічкай пісьменніцкай арганізацыі. Я нават рыхтаваў ужо дакументы, каб ставіць пытанне аб прыёме яго ў Саюз пісьменнікаў...
I вось табе на!
Шкадавалі людзі аўтамабілістаў і, вядома, не падазравалі, што за выпадкам хавалася трагедыя сямейнага плана.
Пасля няшчасця я наведаў жонку доктара, Ірыну Іванаўну Станкевіч. Сям'ю яе ведаў ужо з год і нават зайздросціў таму ладу ды парадку, які, мне здавалася, у іх заўсёды панаваў. Выяўляецца, мужык з жонкай умелі здорава хаваць ад пабочнага вока тое, што насілі ў душы, у сценах сваёй кватэры, і Станкевіч урэзаўся ў машыну Вавілава зумысна.
Іронія лёсу — Станкевіч быў гэткім для нас аптымістам, падтрымліваў дух часамі нават і ва мне, а сам вось паддаўся часовай слабасці.
Прыбітая двайным няшчасцем кабета мне даверыла, як на споведзі свае сямейныя таямніцы. Гісторыя здалася павучальнай, якраз на сучасную тэму, і я выпрасіў дазволу ў Ірыны Іванаўны напісаць на гэтым матэрыяле аповесць.
Зрэшты, мой удзел у ёй скромны. Станкевічы нібы ўсё прадбачылі, кожны з іх вёў дзённік, а людзі яны развітыя і эрудзіраваныя. Ірына Іванаўна аддала свае і мужавы сшыткі, засталося мне адно матэрыял прывесці ў сістэму, дапрацаваць, некалькі разоў нанова перапісаць начыста ды здаць у друк. Няхай гэты твор, бы той трывожны і настойлівы сігнал з пакарэжанай машыны на тупіку, папярэджвае іншых.
Раздзел першы
1.
Я — настаўніца. У мяне двое дзетак, муж ледзь не пісьменнік.
Апошпі час пачынаю любіць вершы. Вучыць на памяць няма калі, таму запісваю іх на паперы, вешаю над ложкам, а перад сном прабягу вачыма па радках — і праз некалькі дзён, глядзіш, яны ўжо моцна сядзяць у галаве. Слабасці сваёй крыху саромеюся і нават хаваюся ад Косці.
Між іншым, калі з'явіцца новая паперка над ложкам, муж паблажліва прачытае яе, дасць прафесійную ацэнку аўтару, але чамусьці не цікавіцца, навошта яна вісіць, і нават не дзівіцца.
У школе мяне лічаць сур'ёзным педагогам, выдаюць пахвальныя лісты, а мне — няёмка. Мне здаецца, што я — проста дзяўчынка. Раптам захочацца марожанага, пацягне пагуляць у класы ці паўзірацца на свет праз каляровае шкельца; або раніцой, ідучы па работу, здаецца, вярнулася б ды паспала б яшчэ гадзіны чатыры ці ўткнулася б маме ў прыпол і прасядзела б так паўдня. Не раблю так, бо мама далёка.
Жыву ў невялікім горадзе, хаджу на работу заўсёды ў адзін час, у адным напрамку, адной і той жа дарогай.
Ходзіш у школу дзень, два, месяц, год. Памалу звыкаешся з тым, што навокал цябе. Непрыкметна ўсё, што сустракае цябе кожную раніцу, становіцца тваім, нават— інтымным.
Насупраць бібліятэкі — клумба, каля яе праходжу кожны раз а палове дзевятай.
Далей — дрэўцы, вельмі знаёмыя, выраслі на вачах: вясной нецярпліва чакаю, калі з набрынялых пупышачак нарэшце з'явяцца тоненькія, свежыя стрэлачкі лісцікаў. Лстам хочацца памыць знямоглае ад пылу лісце, а ўвосснь — сабраць у букет: такое яно яркае і прыгожае!
А тут выставіў напаказ свае ажурныя контуры будаўнічы кран. У ім — званок, як у школе. Пачуўшы яго, спачатку я палохалася — няўжо спазняюся на ўрок? А гэта так рабочыя падаюць сабе сігналы. Яны будуюць гасцініцу.
Кожны ранак заўважаеш, як выраслі за суткі яе сцены. Муляры — зусім маладыя хлопцы, а як сур'ёзна працуюць!
Асабліва падабаецца мне адзін: бледны, у акулярах. Гадаю, хто ён такі, як стаў будаўніком, пра што марыць. Вельмі яны мяне ўразілі пасля аднаго выпадку.
Раніцой трапляю на сцэнку.
Хлапец на рыштаванні надзяе фартух, знізу яму крычыць дзяўчо:
— Вася-а!
— Чаго табе там?
— Падкову знайшла на вуліцы! З вухналямі нават!.. Адшліфаваная — на серабро!..
— Віншую!
— На, замуруй яе на шчасце!
— Кідай! — ажыўляецца муляр.
Яшчэ больш блізкімі становяцца гэтыя людзі. Многіх прахожых ужо ведаю.
Вось гэты, у шэрым палітэчку, пунктуальны: на работу выходзіць мінута ў мінуту.
А то сунецца, мабыць, бюракрат. Ідзе важна, ні на каго не гляне, пасопвае і так трымае галаву, бытта з яе што-небудзь спадзе. Няўжо і ён быў калісьці маленькім хлопчыкам, як мой Віця?.. Уяўляю яго ў кабінеце: слухае чалавека, уткнуўшыся ў настольнае шкло, і да яго гаварыць — што да шафы. А ёсць жа людзі, якія такое важнічанне лічаць праявай аўтарытэту!
А вунь маладзенькая будаўніца спяшаецца на работу. Новую вясеннюю касынку нясе на галаве як бы нядбайна, толькі ж ты мяне не ашукаеш, хітруння: мне ўжо хутка дваццаць восем, але яшчэ ўмею і я так рабіць!..
Комментарии к книге «Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]», Алексей Никифорович Карпюк
Всего 0 комментариев