Каменданцкі час для ластавак (fb2)
- Каменданцкі час для ластавак (Дэбют) 630K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алена Брава
Алена Брава
КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК
Аповесці, апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Алена Брава, Каменданцкі час для ластавак. Аповесці, апавяданні., — Мінск: Мастацкая літаратура, 2004. — 183 с. (Дэбют)
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
ІМЯ ЦЕНЮ — СВЯТЛО
(гісторыя адной фабіі)
Частка першая
Калі Загадчык гарадской культуры з істэрычным узвіскатам тупой пілы верашчыць, што яна звольнена, так — зволь – не – на за правал учарашняга фэсту, вядома ж, бессэнсоўна нагадваць, што менавіта яна, Вікторыя, папярэджвала, ды што там — проста такі прарочыла на ўвесь голас магчымыя ападкі, заклінаючы правесці “мероприятие” не на вуліцы — усё ж верасень, не ліпень! — а ў сценах палаца культуры, і што ўвогуле яна стамілася, бы тая траянская Касандра, прадказваць няшчасці, якія потым здараюцца з-за чужога глупства ды безадказнасці. Спраўдзілася і ўчора — дакладна так, як маляваў ейны страх: дождж быццам толькі і чакаў узмаху дырыжорскай палачкі, каб абрынуцца скрозь прапалены феерверкамі навес на сцэну і ўмомант — дырыжор не паспеў яшчэ скончыць немузычную фразу з рэзка акцэнтаваным рытмам — ператварыць яе ў свежазалітую коўзанку. Аркестр захлынуўся дажджавой вадою. У пачатку праспекта паказаўся ўжо начальніцкі картэж, а прыбіральшчыцы з вёдрамі ды анучамі, мабілізаваныя Загадчыкам на няроўную барацьбу са стыхіяй, раскірачана соўгаліся па хлюпкай сцэне, павярнуўшыся да высокіх гасцей спінамі. “Кто р-распор-рядился?!” — закрычаў, вылецеўшы з машыны і вылупіўшыся на ўсю гэтую бяссэнсавую валтузню, местачковы Куратар, і Вікторыя, рупліва захоўваючы на твары маску пераможцы, адказала на пытанне. Загадчыка, на яго шчасце, побач не было, ён паімчаўся да дырэктара універмага, хацеў заслаць мокрую сцэну дыванамі. “Плевать я хотел на его указания, начинайте концерт!” — прашыпеў, ужо шэптам, Куратар, таму што з аўто якраз выходзіла пад дагодлівыя парасоны сама Кіраўніца з міністэрства культуры, адно прозвішча якой выклікала ў кар’ерных абарыгенаў трымценне жаху, — цвёрды жэст, якім яна па-мужчынску паціскала працягнутыя рукі, напомніў Вікторыі маму. Менавіта для гэтай сурагатнай маці, а зусім не для дзяцей, і ладзіўся фэст — дзецям наогул давялося горш за ўсіх: вылецеўшы ў іскрыстым рытме “Крыжачка” на коўзкую, як лёд, сцэну, яны адразу ж пачалі падаць… Словам, свята, да якога мастацкія калектывы правінцыяльнага палаца культуры рыхтаваліся ў моцна настоенай атмасферы нервовага зрыву, перанасычанай — аж да немагчымасці дыхаць! — пахам карвалолу, асабліва пасля “наездаў” сталічных рэжысёраў, што ліхаманкава правілі ўжо зацверджаны сцэнар, — свята гэтае абярнулася задницей, у якой усе яны цяпер сядзяць. Грубае слова — яго ўчора ўвесь час паўтараў, бы цвікі забіваў ім у галовы, раззлаваны Куратар — назойліва свярбіць ў мазгах, правакуючы — Вікторыя адчувае гэта — прыступ недарэчнага смеху, які пагражае перайсці ў істэрыку. Яна спяшаецца пакінуць кабінет Загадчыка.
На гарадской плошчы яшчэ тлее ўзбуджэнне ўчарашняга фэсту. Рознакаляровыя палаткі прапаноўваюць “у шырокім асартыменце” паўгарэлыя шашлыкі ды “гумавыя” беляшы. Дарослыя і дзеці ляніва працуюць сківіцамі, уталопіўшыся на сцэну (зусім ужо прасохлую), дзе выдурняюцца скамарохі. Натоўп цясніць Вікторыю з усіх бакоў, патыхаючы едкім потам і гарэлачным духам, і яна адчувае, як звычайна ў такіх выпадках, што сэрца надта ўжо часціць. Дзіўна, аднак, іншае: яна не адчувае страху! Недаверліва, без асаблівай надзеі, Вікторыя прыслухоўваецца да сябе: тая дзяўчынка-баязлівіца, што з некаторага часу жыла ў глыбіні яе істоты і зусім не пачувалася пераможцай, — тая дзяўчынка знікла, быццам памерла. Галаўны боль, які пачаўся ўчора, пасля правалу, па-ранейшаму сцягвае скроні пульсуючым абручом, але страху — страху няма!
Вікторыя задуменна выбіраецца з натоўпу, садзіцца ў бліжнім скверыку на лаўку, дзе трое дзяўчат дымяць цыгаркамі ды разліваюць па пластыкавых пляшках таннае віно. Яна міжволі звяртае ўвагу на вясёлую кампанію, бо ведае адну з іх па мастацкай самадзейнасці. Менавіта з гэтай дзяўчынкі — яна быццам бы адмаўляецца ад чаркі — пасміхаюцца сяброўкі: “А табе — слабо? Давай, пойла выкіпае!” “Не згаджайся,” — у думках звяртаецца Вікторыя да дзяўчынкі, што вагаецца, але тая раптам ненатуральна смяецца: “А вось і не слабо!” — і працягвае руку па цыгарку. Вікторыя ўздыхае і паднімаецца з лаўкі.
Да палаца культуры хвілін дзесяць няспешнай хады. Яна спакойна праходзіць праз натоўп, які віруе на ганку універмага, і... раптам спыняецца, уражаная новай і простай, нібыта формула сонечнага святла (сонца — вось цуд! — учора заззяла і дождж перастаў, як толькі Кіраўніца паехала) і такой жа ўсё прасвятляючай думкай.
Гэта не дзеці на сцэне — гэта я ўчора ўпала.
Даўні страх спраўдзіўся, збылося горшае з прароцтваў.
А калі так — ёй, Вікторыі, сапраўды няма чаго больш баяцца.
Што ўзломлівае замкі і разрывае ланцугі, трушчыць жалезныя латы рыцараў, бы крохкую шкарплупіну, выпускаючы са змрочных закануркаў падсвядомасці зведаны ў дзяцінстве страх? Вікторыя ведае — што, бо паспытала тое на ўласных сасудах і нервах: падабенства сітуацый, няхай нават зусім непадобных з пункту гледжання нармальнага чалавека (але што гэта — нармальны чалавек? умоўнае дапушчэнне, як адносная атамная маса, не болей). На той падманліва-каварнай ідэнтычнасці ўвесь час рызыкуючы паслізнуцца, якраз як учора дзеці на мокрай сцэне, Вікторыя правальваецца скрозь прагнілыя дошкі гэтага старажытнага позорища, якое ведала яшчэ катурны трагікаў ды лапці Пятрушкі, каменем ляціць яна ў глухі калодзеж пад сцэнай, у суфлёрскі буданчык, у сваё — ці ўжо не сваё — дзяцінства, у агульнае дзяцінства ўсіх нялюбых дзяцей, з цемрадзі якога правальную гульню акцёраў агучвае страх, паступова ператвараючы памост для відовішчаў у месца катавання.
У дзяцінстве Вікторыя часта траціла прытомнасць, бо была кволай, хваравітай дзяўчынкай. Маці, аматарка папарыцца, па суботах цягала яе з сабой у грамадскую лазню, што месцілася на ўскраіне гарадка побач з дзетдомам. “Вось будзеш дрэнна сябе паводзіць — аддам сюды, дзе дзеці з голымі жыватамі пад плотам валяюцца”, — вядома, маці толькі пужала, але дзяўчынка верыла кожнаму яе слову і ўсё спрабавала зазірнуць праз вялізныя шчыліны ў тым плоце, выглядала ў пабурэлых лісцях ці ў снезе голыя брудныя жываты няшчасных дзяцей, а потым старанна цёрла губкай уласны, які пакрываўся ўжо знізу цёмным пушком, праўда, не такім іржава-драцяным, як у цялістых цётак з тлушчавымі складкамі і адвіслымі грудзямі, што мыліся на суседніх лаўках. Ад пары, грукату балей, мільгацення распараных цел ёй рабілася млосна: запацелы, як шкло, калі на яго падыхаць, пакой некуды сплываў, па руках і нагах пачыналі сноўдаць сотні нябачных мурашоў, а сэрца заходзілася ад жахлівай думкі: што будзе, калі яна, ужо намытая да лялечна-ружовага бляску, зараз упадзе туды, дзе сцякае брудная пена, — у дзетдом! яе аддуць у дзетдом!
Толькі б не ўпасці, толькі б не…
Страх рабіў падзенне непазбежным.
Прыходзіла ў сябе яна звычайна на лаўцы прылазніка, у паветры стаяў востры, як лязо, пах нашатыру, а голая распараная маці з па-вядзьмарску ўскудлачанымі валасамі біла яе па шчоках на вачах у такіх жа голых распараных цётак.
Комментарии к книге «Каменданцкі час для ластавак», Алена Брава
Всего 0 комментариев