Павел Пруднікаў
ПАЎНОЧНАЕ ПЕКЛА
Частка першая
Можа, у дол пахавалі,
Можа, сняжком замяло...
На чалавекапавале
Нормы тады не было.
С. Законнікаў
Далёкая дарога
Студзеньскім ранкам 1938 года са станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі адыходзіў незвычайны цягнік з незвычайным грузам. Ён складаўся з 50 вагонаў, большая палова з якіх — цяплушкі, набітыя да адказу людзьмі. У кожнай з гэтых цяплушак знаходзілася не менш як 50 чалавек, бо ў большасці вагоны былі пульманаўскія. Звычайна ў такіх вагонах майструюцца нары-палаці ў два ярусы, а ў гэтых — у тры. Інакш яны не паспявалі б вывозіць у тэрмін тысячы «пасажыраў». Такімі цягнікамі была запруджана ўся паўночная ветка чыгункі. Іх набралася значна больш, чым намячалася па графіку — на адным дні па некалькі.
Хто ж былі гэтыя загадкавыя пасажыры? Яны — армія першапраходцаў паўночна-ўсходніх раёнаў, бясплатная рабочая сіла — цягло з агульным кляймом-ярлыком «вораг народа». Гэта бяспраўныя істоты з «наморднікамі», ці, як іх потым празвалі, «барадатыя камсамольцы», якіх чакаў цяжкі, невядомы лёс. Куды іх вязуць, навошта вязуць — ім невядома. Вядома толькі, што яны надоўга, а можа, і назаўсёды расстаюцца з сем’ямі і Паўночнай Пальмірай — Ленінградам...
Вось грымнулі дзверы вагона. Прынеслі першую дарожную баланду. Вырашылі перад адпраўкай накарміць — дарога далёкая. А было гэта ў дзевяць гадзін раніцы пятнаццатага студзеня. Надвор’е стаяла халоднае, марознае.
— Грамадзянін начальнік, куды далёка паедзем? — хтосьці з нявольнікаў спытаўся ў старшага канваіра.
— Прыедзем — убачыш,— адказаў той.
— А раней ведаць няможна?
— Няможна.
— А чаму? — не адставаў смелы вязень.
— Таму што я і сам яшчэ не ведаю,— схітрыў канвойны начальнік.— Зачыніце дзверы! — звярнуўся ён да радавога канваіра.
На гэтым і закончылася гутарка, да якой так прыслухоўваліся: хацелася ведаць хоць трохі з таго, што іх чакала.
— Во звяругі, нават не скажуць, куды павязуць,— сказаў невядома каму расчараваны вязень.
— Да цешчы на бліны,— падкалоў яго сусед па нарах.— А калі ў «Крыжы» вязлі, табе сказалі куды?
— То была іншая рэч: турма, ды яшчэ і следчая. А цяпер жа мы як быццам вольныя.
Комментарии к книге «Паўночнае пекла», Павел Иванович Прудников
Всего 0 комментариев