«"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”»

1102

Описание

отсутствует

1 страница из 33
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!” (fb2) файл не оценен - "...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!” 516K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Юлия Иосифовна Бибила



Юлія БІБІЛА


"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”


Успаміны


Творца летапісу беларускага друку


Юлія Восіпаўна Бібіла, адна з першых беларускіх бібліёграфаў, краязнаўца, нарадзілася 10 студзеня 1897 г. у мястэчку Поразава ў сям’і валаснога пісара. Адметна, што ў родзе Бібілы па лініі маці захоўваліся звесткі пра паўстанне 1863-64 гадоў, былі сваяцкія сувязі з сям’ёй Каліноўскіх.

Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці (ранняя смерць бацькі), Юліі ўдалося скончыць прыватную гімназію ў Ваўкавыску. У 1914 г. разам з маці Юлія Бібіла пераехала ў Бабруйск, скончыла восьмы (педагагічны) курс прыватнай гімназіі Аляксеевай, пачала настаўнічаць. Праз нейкі час здолела паступіць яшчэ і на Вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. У красавіку 1917-га па вяртанні з Бястужаўскіх курсаў у Бабруйск актыўна ўключылася ў шырэйшую грамадскую працу. Зноў працавала ў мясцовым Камітэце помачы ахвярам вайны, стала сябрам аддзялення Беларускага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”.З рэкамендацыяй Фабіяна Шантыра паступіла ў Беларускую сацыялістычную грамаду. У савецкі час працягвала настаўнічаць, паралельна працавала ў гарадской бібліятэцы, дзе арганізавала аддзел краязнаўчай літаратуры, правярала стан хатаў-чытальняў на Бабруйшчыне.

На той час Бабруйск адыгрываў прыкметную ролю ў палітычна-грамадскім жыцці Беларусі. Там вёў арганізацыйную працу вядомы беларускі дзеяч левага накірунку, пісьменнік, публіцыст, старшыня Бабруйскага камітэта БСГ Фабіян Шантыр, працаваў у будучым знаны беларускі географ і краязнавец Мікалай Азбукін. Апошні казаў Юлі: “Вось граніцы падуць, і мы з табой пехатой пойдзем у Парыж”. Трэцяй прыкметнай асобай у тагачасным Бабруйску быў дырэктар гарадской бібліятэкі І.Б. Сіманоўскі, выпускнік Бернскага ўніверсітэта Швейцарыі.

Фарміраванне светапогляду, грамадзянскай пазіцыі Юліі Бібілы адбывалася, такім чынам, у абставінах вялікіх грамадскіх зменаў у жыцці краіны.

Грамадзянскае сталенне будучага бібліёграфа праходзіла ў Менску падчас навучання на этнолага-лінгвістычным аддзяленні БДУ. Нягледзячы на малады век першай вышэйшай навучальнай установы Савецкай Беларусі, яна валодала першакласнымі педагагічнымі кадрамі. Былі гэта навукоўцы і ўдзельнікі палітычна-грамадскага руху Беларусі 1917-1920 гадоў. Курс беларускай мовы вёў выдатны беларускі мовазнавец Язэп Лёсік. Курс гісторыі Беларусі чытаў гісторык і наркам асветы БССР Усевалад Ігнатоўскі. Лекцыямі геаграфіі Беларусі паланіў Аркадзь Смоліч. Пра гісторыю беларускага мастацтва ад старажытных часоў да сучаснасці распавядаў Мікалай Шчакаціхін.

З пачатку 1920-х гадоў імкліва пачала развівацца беларуская савецкая літаратура, рэпрэзентаваная цэлай кагортай маладых паэтаў, празаікаў, крытыкаў. У Вільні была выдадзеная першая “Гісторыя беларускай літаратуры”, напісаная Максімам Гарэцкім.

Адразу пасля паступлення ў БДУ ў 1922 годзе энергічная і мэтанакіраваная Юлія Бібіла па рэкамендацыі І.Б. Сіманоўскага пачала працаваць у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы. Узначаліла ў ёй Беларускі аддзел, занялася яго ўкамплектаваннем, распачала складанне картатэкі кніг і перыядычных выданняў Беларусі. Пры Белдзяржбібліятэцы як асобная структура яе была заснавана Кніжная палата. За сакратара ў ёй прызначылі Мікалая Улашчыка, у будучым таленавітага гісторыка. Маладыя інтэлігенты калегавалі, раіліся, разам набывалі вопыт у захапіўшай іх працы з кнігамі.

Да распачатай у 1923 годзе Беларускім аддзелам бібліятэкі працы над падрыхтоўкай і выданнем беларускай бібліяграфіі ў 1925 годзе далучыўся Інстытут беларускай культуры. У 1926 годзе дзеля выдання бібліяграфіі пры Дзяржбібліятэцы было створана Бібліяграфічнае бюро.

У аснову картаграфічных правілаў Белдзяржбібліятэка, яе адпаведныя падраздзяленні ўзялі англа-амерыканскія правілы з некаторымі зменамі, уведзенымі Міжнародным бібліяграфічным інстытутам у Бруселі. Бібліяграфічная служба ў Савецкай Беларусі 1920-х усталёўвалася грунтоўна.

Падрыхтаваныя матэрыялы бібліяграфіі сталі публікавацца ў бюлетэні “Летапіс беларускага друку”, які выдавала Кніжная палата. Кожны выпуск “Летапісу...” меў нумарное пазначэнне парадкавай часткі. Паколькі першая частка, прызначаная апісанню старадрукаў, яшчэ не была падрыхтавана, выданне пачыналася з другой. Яна храналагічна ахоплівала выданні 1835-1916 гг. і мела падзагаловак “Паасобныя выданні на беларускай мове з дадаткам пракламацый і адозваў 1863 і 1905 гг”. Адметна, што выпуск улучаў 10 пазіцый выдадзеных кніг В. Дуніна-Марцінкевіча з пазначэннем дадзеных, адпаведных бібліяграфічным правілам. Была ўпершыню апісана спадчына пісьменніка. Трэцяя частка “Летапісу беларускага друку” прадстаўляла выданні на беларускай мове 1917-1924 гг. У чацвёртай быў скрупулёзна апісаны перыядычны друк на беларускай мове за 1917-1926 гг. У прадмове адзначалася, што “такі сшытак будзе даведнікам для даследчыка - гісторыка, публіцыста, для кожнага, хто будзе вывучаць развіццё беларускай грамадскай думкі”. Асобна пазначалася, што 4-я частка “Летапісу беларускага друку”, як і папярэднія, “уложана загадчыцай Беларускага аддзелу Беларускай бібліятэкі Ю. Бібіла”.

Паспрабавала сябе Юлія Восіпаўна і ў літаратуразнаўстве. Надрукаваны ёю ў 1928 годзе ў “Запісках гуманітарнага аддзела навук” Інбелкульта артыкул аб жыццёвым шляху Алаізы Пашкевіч (Цёткі) была адной з першых грунтоўных публікацый пра паэтэсу-рэвалюцыянерку.

Была складзена і апублікавана Юліяй Бібіла і аднаасобная, так бы мовіць, персанальная бібліяграфія. У ёй зарэгістравана публікацыя твораў Ц. Гартнага (Зміцера Жылуновіча), чалавека неардынарнага сярод беларускай інтэлігенцыі 1920-х. Выявіць кожнае выданне, de visu апісаць яго: дзе, калі, кім, якім выдавецтвам і годам выдадзена, - усё гэта патрабавала шмат часу. Патрэбна была любоў да справы, руплівасць, адказнасць, і ўсё гэта мелася ў маладой Юліі.

Была спрыяльная грамадска-палітычная атмасфера ў рэспубліцы - даволі паспяхова адбывалася дзяржаўнае будаўніцтва, ішло станаўленне нацыянальнай культуры, навукі. Ды беларускі Рэнесанс 1920-х гадоў аказаўся маланкава кароткі. Наступілі 1930-я гады з іх нечуванымі масавымі рэпрэсіямі. Не абмінулі яны ў 1937-м і сціплай працаўніцы на карпатлівай дзялянцы беларускай бібліяграфіі. Па сваёй працы Юлія Бібіла была знаёмая з многімі вядомымі беларускімі інтэлектуаламі - як наведнікамі Беларускага аддзела Дзяржбібліятэкі. Пра гэта пазней расказала ў сваіх мемуарах. Пры арышце ж яе следства імкнулася выкарыстаць кантакты Юліі Восіпаўны з ужо раней рэпрэсаванымі інтэлігентамі, выстаўляла ёй ілжэабвінавачанне ў ролі сувязной, кур’ера нацдэмаў. Высланая ў горад Саратаў, пасля выхаду з турмы яна працавала бібліёграфам фундаментальнай бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта.

Праз 22 гады вярнулася ў Мінск, аднавіла працу ў Белдзяржбібліятэцы. Збірала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжны фонд. Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, складанне першай у Беларусі краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі. У суаўтарстве з Ф. Амерынай склала “Летопись печати БССР. Ч.ІІІ. 1917-1924. Тетрадь 2”, у якой былі ўлічаны выданні на рускай, польскай, яўрэйскай мовах. Прыняла ўдзел у складанні “Бібліяграфіі па гісторыі Беларусі” (феадалізм, капіталізм) пад аўтарствам М.Г. Крэканэ, А.А. Сакольчыка. Разам з А.А. Сакольчыкам падрыхтавала бібліяграфічны даведнік “Асвета Беларускай ССР за 50 год Савецкай улады” (1973).

Вярнуўшыся на радзіму, аднавіла сувязі, ліставанне з тымі, што засталіся, нешматлікімі інтэлігентамі, людзьмі, неабыякавымі да лёсу Беларусі часоў сваёй маладосці. Дзялілася ўспамінамі, цікавілася творчасцю маладых. Засталася ў памяці жывой, уважлівай да духоўна-культурных праяваў жыцця, лёсаў інтэлігенцыі.

Гартаваная няпростымі жыццёвымі абставінамі, руплівая інтэлігентка-асветніца Юлія Бібіла сваёй працай рэальна дапамагала даследчыкам беларушчыны спасцігаць культурніцкія, навуковыя здабыткі свайго народа, яго гісторыю. Інакш кажучы, працавала над стварэннем своеасаблівай лоцманаўскай карты для арыентацыі ў моры кніг, часопісных ды газетных публікацый. І за гэта ёй гаворыць “дзякуй” сёння, і яшчэ скажа, не адно пакаленне працаўнікоў навукі, асветы, палітыкі.

Комментарии к книге «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”», Юлия Иосифовна Бибила

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства