«"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”»

1102

Описание

отсутствует

2 страница из 33
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Чытачам “Дзеяслова” прапануюцца мемуары Юліі Восіпаўны, якія напісаны ў 1967 г. па просьбе Арсеня Сяргеевіча Ліса і цяпер захоўваюцца ў асабістым фондзе навукоўца і пісьменніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Тэксты запісаны ў 1 агульным і ў 15 вучнёўскіх сшытках, апошнія адрозніваюцца колькасцю аркушаў, якія аўтарка ўкладала ў кожны сшытак. Аркушы спісваліся з аднаго боку, другі пакідаўся для дапаўненняў і заўваг. Большасць сшыткаў мела назву, напісаную на вокладцы алоўкам: Поразава, Свянціца, гімназія, Бабруйск, курсы, зноў Бабруйск, людзі, сябры, чытачы і прыхільнікі, Дзяржаўная бібліятэка (Беларускі аддзел). Самы вялікі аб’ём маюць сшыткі, у якіх Юлія Бібіла распавядала пра вучобу на Бястужаўскіх курсах у Пецярбургу (55 рукапісных старонак) і працу ў Белдзяржбібліятэцы (77 старонак у агульным сшытку). Многія тэксты пачынаюцца з эпіграфаў на лацінцы, цытат з твораў беларускіх, польскіх, рускіх аўтараў. Тэксты напісаны аўтаручкай на вучнёўскіх лістах у клетку, дробным, прыгожым, чытэльным почыркам.

Кожны чытач знойдзе для сябе адпаведную сваім інтарэсам тэму: апісанне побыту, народных святаў і даваеннага жыцця ў заходне-беларускіх мястэчках, у гарадах Ваўкавыску і Бабруйску; звернецца да падзей Першай сусветнай вай­ны, акупацыі, рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі і Расіі; з цікавасцю прасочыць станаўленне характару ўпартай, мэтанакіраванай, прагнай да ведаў дзяўчынкі, пошукі ёю свайго месца ў жыцці, захапленне беларушчынай і творамі Янкі Купалы; азнаёміцца з вучобай яе ў Ваўкавыскай і Бабруйскай гімназіях і на Бестужаўскіх курсах; адзначыць яркія ўражанні ад лекцый знакамітых расійскіх выкладчыкаў-прафесараў, выступленняў экзальтаванага паэта Канстанціна Бальманта і ўкраінскага сляпога бандурыста Грыцько Кажушкі; зафіксуе факт удзелу беларускай студэнткі-бястужаўкі ў рэвалюцыйных выступлениях у лютым 1917 г. у Пецярбургу; азнаёміцца з педагагічнай і асветнай дзейнасцю маладой настаўніцы ў школах Бабруйска, а таксама з асаблівасцямі і шматлікімі накірункамі працы загадыцы Беларускага аддзела ў Дзяржаўнай бібліятэцы.

Асаблівую цікавасць выклікаюць успаміны Юліі Восіпаўны пра выдатных дзеячаў палітыкі, культуры, навукі 1920-30-х гадоў, сярод якіх Янка Купала, Змітрок Бядуля, Язэп Дыла, Цішка Гартны, Мікалай Азбукін, Іосіф Сіманоўскі, Юліян Дрэйзін, Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч, Мікалай Галадзед, Уладзімір Пічэта, Аляксандр Чарвякоў, Мікалай Улашчык і многія іншыя. Дакладнымі штрыхамі, трапнымі дэталямі Юлія Бібіла стварыла запамінальныя партрэты знакавых асоб беларускай гісторыі.

Мемуары Юліі Бібіла друкуюцца ўпершыню, акрамя фрагмента, прысвечанага яе ўдзелу ў Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. (апублікаваны ў “Беларускім гістарычным часопісе”, 2017, №2). У тэкстах сшыткаў №№ 1-11 зноскі зроблены аўтарамі публікацыі. Асаблівасці стылю і граматыкі Юліі Бібіла захаваны.


Таццяна КЕКЕЛЕВА, Арсень ЛІС


Сшытак 1


Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб тэй мове,

Якой азваўся беларус?


Янка Купала


Сям’я маёй маткі - местачкоўцы-каталікі; бацькі - б[ылыя] прыгонныя сяляне, “перавёрнутыя” ўніяты, бацька ўжо праваслаўны. Каб пажаніцца ў царкве з праваслаўным, трэба было “перахрысціцца”. У пашпарце маткі, выданым пасля смерці бацькі, стаяла: “праваслаўная”. Сястра маткі Ванда, мая цётка, калі выходзіла замуж за праваслаўнага, мусіла “прыняць” праваслаўе. Гэта было ўжо на маёй памяці. Бабка ёй гэтага не магла дараваць. Шура, сын Ванды, гаварыў мне, што ён бачыў бабку незадоўга да яе смерці. Яна вельмі перажывала, што ў свой час “пракляла” дачку, і плакала. [Памерла ў 20-х гадах].

Гістарычны рэлігійны пераплёт балюча сцябаў па ўсведамленні простых людзей. З бабкай я хадзіла да “kosciola”, з бацькам - у царкву. Пацеры такія і сякія. Калі падрасла і начыталася Л. Талстога, перастала саўсім маліцца, а ў царкву хадзіла толькі таму, што вучаніцы павінны былі гэта рабіць, хаця ўжо ў галаве раіліся ўсялякія дзерзкія думкі. Бытавалі словы: праваслаўны - гэта значыць рускі, каталік - паляк. Падзялялі народ, які гаварыў на аднэй мове, а ён называў сябе “тутэйшым”. Хто я - не задумвалася. Гаварыла па-беларуску, па-польску, па-руску, як дзе трэба было. Школа не абуджала нацыянальнага ўсведамлення, весткі пра родны край - самыя стандартныя, па зацьверджаных у “сферах” падручніках. І толькі, трапіўшы ў 1915 годзе на курсы, я адкрыла, што належу да пагарджанага і лапатнага народу. Тут пазнаёмілася з працамі Е. Карскага, Е. Раманава. Трапіўся мне № “Лучынкі” з вершамі Цёткі. Успомніліся дзіцячыя гады, насычаныя багатым фальклорам. Аб мужыцкай літаратуры загаварылі і аб саміх беларусах. Колькі было спрэчак!

Старое чыноўніцтва, выхаванае на вялікадзяржаўнай палітыцы, пырскала сліною. Ад старога настаўніцтва, што яшчэ не паскідала з шапак цэшак з арлом, спагады таксама не чакалі. Адзін будучы “вучоны” Перчыкаў дагаварыўся нават да таго, што адмаўляў існаванне нейкіх там беларусаў. “Колькі я ні жыву, - казаў ён, - ніколі аб іх не чуў”. У думках я яму зазначыла: “А хлеб іх са смакам еў”. Вось так школы на Беларусі рыхтавалі “дзеячоў” для беларускай зямлі. Праз некалькі гадоў гэты чалавек стаў выкладчыкам у Беларускім дзярж[аўным] універсітэце, калі той адчыніўся. А ў той час ён быў варожа настроены да нейкіх там беларусаў. Прыйшлося яму напомніць, што існуе адзін сапраўдны вучоны, які не пасароміўся назваць сваю шматтомную працу - “Беларусы” (Е. Карскі). А што да паэзіі, то маючы такога баяна, як Я. Купала, можна беларусам ганарыцца.

Хочацца яшчэ ўспомніць аднаго эсэра Бабчонка, які ў перапынках на настаўніцкіх сходах любіў паспрачацца на гэту тэму. Потым я яго спатыкала ў Мінску, працаваў выкладчыкам у Камвузе.

Шмат шкоды беларускаму руху нарабілі панкі, якія паўлазілі ў Камітэты ў Мінску і гнулі там сваю лінію. Вельмі слушныя былі выказванні супраць накіраванасці іх палітыкі, але, на жаль, валілі ў адну кучу паноў і не паноў. Выступалі наогул супраць пастаноўкі беларускага пытання, лічылі яго “польскай інтрыгай”, “панскай выдумкай”. І гэта часта гаварылі партыйцы! Як там у Маскве глядзелі, да нас яшчэ не дайшло, але на месцы блытаніны было многа і не скора яна разблыталася.

Да якіх жа паноў залічыць мне сябе ды і тых маіх сяброў, якія таксама лічылі сябе беларусамі і гатовы былі шчыра працаваць на культурнай ніве для свайго народу?


Найбольшае ўражанне на мяне рабілі вершы Я. Купалы. Шмат вывучыла на памяць, чытала ўсім, хто хацеў слухаць. У першую чаргу - сваёй матцы, якая не давала веры, што ён сам іх напісаў, бо што добрага мог даць лапатны беларус? Коласаўскія “Песні жальбы” не хвалявалі. У “Вянку” Багдановіча ззяла гэтулькі дыяментаў, аднак такой сілы пачуцця, як ў Купалы, я не знаходзіла. Песні Купалы ішлі ад сэрца і траплялі ў самае сэрца і больш адпавядалі тагачасным узнёслым настроям.

Ён гаварыў ад імя “пагарджанага век” народу, які нёс сваю вялікую крыўду “на свет цэлы”, хацелася яму, каб прынялі яго чалавечую годнасць.

Я - трэйцяе пакаленне сялянскай сям’і - з аднаго боку прыгоннай, з другога - вольнай ад прыгону - ад культуры з усходу і з захаду нямала харошага ўспрыняла. І вось вершы Купалы ўзбунтавалі маю сялянскую кроў, і стукнула яна мне ў самае сэрца. Я адчувала сябе моцна звязанай з народам і з роднай краінай, над якой “строілі здзекі”. Гэта была нейкая арганічная, біялагічная сувязь, а не прыдуманая. Трэба нешта рабіць? А што?

Лета 1917 г. Начытаўшыся вершаў Купалы, мне захацелася самой папрабаваць пісаць па-беларуску. Ці добра памятаю я мову маіх дзіцячых гадоў? Я не лезла ў пісьменнікі, ведала, што ніякага таленту ў мяне няма. Можна папрабаваць перакласці якую-небудзь рэч. І я выбрала казку М. Горкага “Палаючае сэрца Данка”. Паказалася яна мне тады вельмі сучаснай. Чалавек для людзей ахвяраваў сваё сэрца, а яны, выбраўшыся з багнаў на шырокія прасторы, забыліся на яго. Узнёслая, з сваеасаблівым рытмам проза мне дужа падабалася. Я пераклала і некаму пахвалілася. Не памятаю, хто гэта быў. Магчыма, знаёмая з Мінска, якая папрасіла мяне даць пераклад. Друкаваць я нідзе не збіралася. Няхай каму-небудзь пакажа. Падпісала яго лацінскімі літарамі І.В. Пераклад зьявіўся ў газ. “Вольная Беларусь”, хаця я не меркавала яго туды пасылаць.

1919 г. Нехта падаў мне думку перакласці “Рабінзона Крузо”. Я набыла перапрацоўку кнігі Дэфо і нямала над ёй папрацавала, многа пераклала, але забракавала. Што ж гэта я буду з перапрацоўкі перакладаць? А на большае не хапала часу, і мой пераклад трапіў у печ.


Комментарии к книге «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”», Юлия Иосифовна Бибила

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства