Дом з дамавікамі (fb2)
- Дом з дамавікамі 255K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Алексеевич Орлов
Уладзімер Арлоў
Дом з дамавікамі
Аповесць
Хачу вам паведаміць, шаноўныя сеньёры, што памянёны ідальга прыбыў да нас з намерамі сумнеўнымі і надзвычай падазронымі.
1
У аэрапорце за паўгадзіны да пасадкі Марцін выняў з наплечнай кайстры кармінавы штодзённік, каб спраўдзіць, ці не забыўся чаго істотнага. Ён перагарнуў старонкі на бліжэйшыя дні і зрабіў маленькае адкрыццё: абведзеная колцам дата — 23 красавіка — прыпадала акурат на канец яго кароткага падарожжа. Гэта адразу перайначыла Марцінаў настрой, дадаўшы да лёгкага перадвандроўнага хвалявання новыя эмоцыі.
Ён міжволі ўсміхнуўся: дзяцінства праз столькі гадоў па-ранейшаму заставалася з ім. Ён абвёў вачыма пачакальню. Наўрад ці хто-небудзь мог хоць прыблізна ўявіць, чым занятыя цяпер ягоныя думкі.
А імі завалодалі Шэкспір і Сервантэс.
2
Больш за прыгоды і фантастыку ў дзіцячыя гады Марцін любіў чытаць розныя даведнікі, а таксама кніжкі і часопісы з цікавосткамі ды таямніцамі, што друкаваліся пад рубрыкамі накшталт «Загадкі мінулых стагоддзяў» або «Вучоныя дагэтуль шукаюць адказ». Там ён знаходзіў займальныя для юнага розуму звесткі пра жорсткую помсту егіпецкіх фараонаў археолагам ці пра высокаразвітую цывілізацыю інкаў, якая, тым не меней, не ведала кола. Яго захапляла загадка шумераў, што не толькі вынайшлі кола, аднак за тысячы гадоў да Каперніка былі ўпэўненыя, што Зямля рухаецца вакол Сонца. Ну а пошукі ў Гімалаях снежнага чалавека хвалявалі тады і шмат якіх дарослых, у прыватнасці, ягонага старэйшага стрыечнага брата-студэнта. Той ставіўся да Марцінавага захаплення з разумением і забяспечваў аматара тайніцаў адпаведнымі выданнямі.
3
Сталася так, што Марціна наймацней узяла ў палон загадка смерці Шэкспіра і Сервантэса. У сёмым класе ён вычытаў у часопісе «Вакол свету», што знакамітыя пісьменнікі памерлі ў адзін і той самы дзень 23 красавіка аднаго і таго ж 1616 года. Яны не загінулі ў адной бітве, не патанулі, плывучы на адным караблі, не былі атручаныя на нечы загад, калі сядзелі за адным сталом на каралеўскім балі. Яны, як выглядала, наогул ніколі не сустракаліся. Між тым энцыклапедыі неабвержна сведчылі, што аўтар «Рамэа і Джульеты» пакінуў гэты свет у родным Стратфардзе-на-Эйване, а стваральнік «Дон Кіхота» ўбачыў цётухну з касой — пра яе Марцін у тыя гады думаў легкаважна і амаль весела, адно як пра метафару — у неверагодна далёкай, як на тадышні час, ад Стратфарда іспанскай сталіцы.
Гэтая таямніца настолькі захапіла хлопчыка, што, каб занатоўваць развагі пра яе, Марцін завёў адмысловы вялікі нататнік з жоўтай вокладкай, на якой ён напісаў і абвёў колцам загадкавую дату. Ад лічбы 23 разыходзіліся стрэлкі, што сімвалізавалі яго пошукі і гіпотэзы. Атрымалася нешта падобнае да сонейка з вострымі промнямі, якіх пакрысе рабілася ўсё больш.
4
Нататнік даўно згубіўся, ды Марціну і сёння добра памятаўся ягоны змест.
Побач са здагадкаю, што ў 1616 годзе ўсю Еўропу ахапіў жудасны чумны паморак, які і забраў жыцці двух геніяў, пад жоўтай вокладкай хавалася версія ўтручвання ў гэтую справу цёмных магічных сілаў. Магчыма, даваў волю фантазіі начытаны падлетак, Шэкспір і Сервантэс адмовіліся прадаваць душу ў абмен на вечнае жыццё і былі за тое пакараныя.
Дэталёва Марцін распрацаваў і гіпотэзу, звязаную з іншапланетнікамі. Але не з тымі, што, безумоўна, дапамаглі некалі шумерам, а — з варожымі зямлянам прыхаднямі з касмічных глыбіняў, якія разлічвалі ў будучыні захапіць Зямлю і ператварыць яе ў калонію. Пакуль жа іхнія выведнікі пасылалі на самых выдатных жыхароў нашай планеты нябачнае смяротнае апраменьванне.
Памятаецца, цэлую школьную чвэрць Марцін, знаходзячы сабе ўсё новыя, самыя фантастычныя доказы і малюючы ў сваім нататніку касмічных прыхадняў з пяццю вачыма на круглых безвалосых галовах і хабаткамі замест насоў, трымаўся менавіта такога адказу на загадкавае пытанне. Але аднойчы ён прачнуўся з думкаю, што вінаватыя ўсё ж не хобатаносыя, а больш блізкія, зямныя цёмныя сілы, калі іх увогуле можна назваць зямнымі, бо не выключана, што яны валадараць ці, прынамсі, ставяць свае бесчалавечныя эксперыменты ва ўсім сусвеце.
Падставаю для такога меркавання стала невытлумачальная смерць аднакласніцы Лілі, якая яшчэ ў панядзелак спісвала ў яго на матэматычнай кантрольнай, а ў пятніцу ляжала абкладзеная кветкамі ў невялікай падлеткавай труне. Хадзіла пагудка, што на просьбу мачахі Лілю «зачаравалі і за два дні звялі са свету». Пасля таго, як Ліліна сям’я выехала з горада ў невядомым накірунку, гэтыя размовы набылі новы накірунак. Марцінава бабуля казала, што цяпер праклён будзе ляжаць на ўсім родзе і нават на тых, хто паселіцца ў іхняй апусцелай кватэры ў суседнім доме. Аднак у колішняй Лільчынай кватэры неўзабаве атабарылася маладая сямейка з зарэчнай вёскі, у якой, здаецца, штогод нараджаліся белагаловыя здаровыя дзеці, і бабуліна вера ў праклён урэшце адышла ў мінулае.
5
Сярод запісаў у нататніку мелася ўжо і не надта дзіцячае вытлумачэнне, згодна з якім Шэкспір ды Сервантэс ліставаліся між сабой і, стаміўшыся ад жыцця і славы, змовіліся сысці ў вечнасць у адзін дзень, пакінуўшы сваю загадку нашчадкам. Марцін марна намагаўся шукаць пацверджанне ў самім «Дон Кіхоце», прычым не ў сваім, з маленькага хатняга кнігазбору, дзе на тытульнай старонцы было пазначана, што кніга пераказаная для дзяцей, а папрасіў маці прынесці раман з дарослай бібліятэкі і напачатку чытаў яго з трымценнем, нібы кабалістычны трактат. Але нават вывучэнне раздзела пра незвычайную прыгоду Дон Кіхота з калёсамі Суда Смерці скончылася безвынікова.
Марцін спрабаваў звяртацца па дапамогу не адно да кніг, але і да дарослых. Маці засмуціла, бо лічыла таямніцу смерці геніяльных пісьменнікаў простым супадзеннем. Вясёлы чырвонаносы настаўнік гісторыі параіў пакінуць праблему вучоным-шэкспіразнаўцам. Бабуля паводле ейнай завядзёнкі меркавала, што паўсюль трэба шукаць сляды нязводных д’ябальскіх сілаў. Брат-стрыечнік, які ведаў пра Марцінаў жоўты нататнік, дакляраваў у вольны час разабрацца з пісьменнікамі, ды хутка пра тое забыўся.
Але, што б там ні было, Марцін пераканаў сябе: 23-ці красавіцкі дзень — не шараговы, у гэты дзень мацней праяўляюцца неспасцігальныя чалавечым розумам сілы і перад верагоднай сустрэчаю з імі трэба трымацца напагатове.
Якраз тады, няхай і не 23 красавіка, а напярэдадні, ён знайшоў на беразе ракі пасля паводкі срэбную манету з партрэтам яшчэ невядомага яму манарха на аверсе і конным рыцарам на рэверсе. Тое здарэнне сведчыла, што і ў наш час у дваццатых днях другога вясновага месяца могуць адбывацца рэчы непрадказальныя і, апрача таго, неабавязкова сумныя.
Так у Марціна з’явілася асабістая таямніца — магічны дзень.
6
Загадка Шэкспіра і Сервантэса не давала Марціну спакою да дзявятага класа. Але аднойчы брат-студэнт, які прыехаў да іх на Каляды, паблажліва паляпаў Марціна па плечуку і даў параду супакоіцца і пашукаць сабе іншую таямніцу.
Стрыечнік не забыў на абяцанку і, нарэшце заглыбіўшыся ў тэму, высветліў, што насамрэч сэрцы класікаў спыніліся не ў адзін і той жа дзень. Сервантэс адышоў на дзесяць дзён раней, бо ў каталіцкай Іспаніі дзейнічаў грыгарыянскі каляндар, а пратэстанцкая Англія ўпарта трымалася юліянскага. Брат патлумачыў, што такія аддаленыя ад нас даты не пераводзяцца ў новы стыль, праз што і ўзнікла міфічная таямніца, якой дураць наіўныя галовы.
7
Марцін перажыў глыбокае расчараванне. Ягоны свет страціў адну з непаўторных барваў. Сітуацыю не ратавалі і адкапаныя звесткі, паводле якіх Шэкспір памёр у той самы дзень, калі і нарадзіўся, што таксама выглядала дзіўнавата. Марцін з сумам закінуў жоўты нататнік з пабляклым сонейкам на антрэсолі ды ўзяўся шукаць новыя загадкі.
Аднак яго даўняя таямніца не канула ў Лету і па часе вярнулася. Па-першае, разважаў Марцін, і Іспанія, і Англія, а значыць, і Шэкспір з Сервантэсам пражывалі той далёкі дзень менавіта як 23 красавіка. Такім чынам версія з ліставаннем і пакрыёмай дамоваю класікаў канчаткова не губляла імавернасці. А, па-другое, Марціну проста расхацелася развітвацца з магічным днём.
8
Комментарии к книге «Дом з дамавікамі», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев