Развітальная вячэра (fb2)
- Развітальная вячэра 103K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Валерий Николаевич Гапеев
Валерый Гапееў
Развітальная вячэра
сямейная драма
1
Дом быў не стары, высокі і светлы — абшаляваны і пафарбаваны знізу сіняй, пасярэдзіне — жоўтай фарбай, накрыты ацынкованай бляхай. Двор густа здзірванеў невысокай травой, па ёй, пэўна, было б прыемна прайсці басанож. Івану, які нёс вялізны баул сястры, захацелася зараз менавіта гэтага — зняць туфлі, шкарпэткі і адчуць мяккае казытанне травы на падэшвах ног.
Дзверы ў сенцы былі адчыненыя.
Зайшлі. Спачатку Іван, за ім, з меншым баулам, Надзея, яго сястра. Апошняй нясмела, употай хутка ўсё аглядаючы, увайшла Лена. Яна пагадзілася ехаць з Іванам цяпер, каб пазнаёміцца з яго бацькам, братам і сястрой — балазе, усе павінны былі сустрэцца ў гэты вечар.
Але хата была пустая. Іван патузаў ручку зачыненай другой паловы дома, зваліўся стомлена на канапу каля вялікага драўлянага стала, пакрытага лінялай кляёнкай.
— Ну, сястрычка, я за тое, што гэта цягнуў, палову з яго з'ем.
— Ага, еш, — Надзея сама апусцілася на стул, выцягнула з-за пазухі насавую мятую хустку, ацерла твар і шыю. — Трусы там жаночыя, паспрабуй на густ, раптам спадабаюцца.
— Якія трусы?
— Баваўняныя, 400 штук. Добрыя, якраз для баб вясковых. Хаця, і тваёй Лене можна нешта выбраць, там рэйтузы добрыя ёсць.
— А на якую халеру ты сюды столькі трусоў прыцягнула? — здзівіўся Іван.
— Не ў падарунак жа бацьку. Па вёсцы адвячоркам пабегаю — бабы расхапаюць.
— Ну, ты даеш! І тут сваё ўхопіш. Яе тэлеграмай выклікаюць, а яна трусамі гандляваць едзе, — папракнуў Іван сястру.
— А што там баця з яго тэлеграмамі? — адмахнулася Надзея. — Прыспічыла старому чагосьці ўсіх нас сабраць, сумна яму стала, вось і нарассылаў тэлеграм. Не відаць яго нешта… У агародзе дзе-небудзь. Чакае, пакуль выйдзем, дапаможам. На стол каб прыгатавалі, любіць жа на гатовае прыходзіць. Ох, давай, Лена, ставіць што, я тут не толькі трусы везла…
Надзея прынялася разбіраць адзін з баулаў. Лена, якая да гэтага стаяла каля дзвярэй, схамянулася:
— Так-так, мы таксама з сабою прывезлі вось, трохі… — і пачала мітусліва даставаць са сваёй торбы скруткі.
— Ды не мітусіся ты! — прыпыніла яе Надзея. — Паспеем. Кліма нашага яшчэ няма.
— Зараз прыкоціць Клім, на "Мэрсэдэсе" сваім, — упэўнена заявіў Іван.
Надзея ўздыхнула.
– І калі ж я на свае колы разжывуся? Цягну-цягну, а грошы як вада — раз і сплылі… Чуеш, Іван, выйдзі ты ў агарод, а то бацька вусны закусіць. Выглядзеў нябось, як мы ў хату заходзілі. Цяпер чакае.
— Добра, пайду, — адказаў Іван, з неахвотай паднімаючыся.
Жанчыны рыхтавалі на стол некаторы час моўчкі. Маўчанне парушыла Надзея:
— Даўно, ці што, жывяце разам?
— Мы не жывем разам, — адказала Лена збянтэжана. — У мяне пакой у інтэрнаце.
— Спіце хоць? — як аб самым простым спытала Надзея.
— А …навошта вам гэта ведаць? — Лена пачырванела.
— Ды ажаніцца гэтаму шалапуту трэба, — гаварыла Надзея, не гледзячы на Лену, з цяжкасцю рэзала селядзец. — Я гляджу, дзеўка ты нічога, ён кватэру толькі пабудаваў. А то, знойдзецца якая набрыдзь, абвядзе вакол пальца і без страхі над галавой пакіне. Ён такі…
— Мы неяк не гаварылі аб жаніцьбе…
— Цю-ю, зацяжарыць не ўмееш? З дзіцём не кіне — ён у нас сумленны.
— Я не жадаю… так.
— Ну, тады сказаць проста можна, што цяжарная. Маўляў, затрымка ў мяне месяц. А потым і адгаварыцца. Ды як заява ў Загсе, можна і па-сапраўднаму. І ўсе справы, — Надзея паставіла талерку з нарэзаным селядцом на сярэдзіну стала, як ставіла кропку.
— Як проста ўсё ў вас атрымоўваецца, — асуджальна зазначыла Лена.
— А чаго ўскладняць? Жыццё, яно простае: ухапіў — тваё, празяваў — хадзі галодны. Чапляцца трэба за шчасце сваё, пазногці ў кроў зрываць, а трымацца.
— Я так не ўмею, — Лена адказала цвёрда.
— Нічога, жыццё навучыць, — махнула рукой Надзея. — Папіхаешся вось як я: з двума дзецьмі, з мужам-п'яніцам — кіпцюры адрастуць. Як аднойчы няма чаго будзе дзецям есці даць — імгненна з’явяцца. Калі дзеці заплаканыя са школы прыходзіць пачнуць, таму што з іх там смяюцца за іх старыя адзёжкі — і іклы выступяць. Мне вось што трэба? Перахапіла чаго нашча, на вагоннай паліцы выспалася, мужык раз у месяц пакрэкча наверсе — і ўсё маё шчасце. А дзеці — гэта іншае. Для іх усё здабуду. Сябе сто раз прадам і сто адзін раз выкуплю, але ў іх і булка з маслам будзе, і адзенне не горш, а лепш, чым у іншых. Я ў дзяцінстве чорным акрайцам душылася, са старой мамінай спадніцы мне сукенку ў школу сшылі — хопіць. Хай яны людзьмі пажывуць.
— А яны? — Лена прысела на краёк крэсла. — Яны таксама будуць жыць для сваіх дзяцей? Вашы бацькі жылі дзеля вас. У чым тады сэнс усяго жыцця гэтага? Калі жыць дзеля сябе? Ці не трэба для сябе?
Надзея таксама села, задуменна працягнула:
— Бацькі, гаворыш… Маці, так, для нас і жыла. Хлеб за сталом не ела, у рукаў хавала ад бацькі, каб нам потым аддаць. А бацька… Мы за стол садзіліся, калі ён канчаў есці. І даядалі, што заставалася. Ён жа ў нас працаваў! А мы — не! І маці — не! Гэта ён так лічыў. У сельсавеце ён працаваў, пісарчуком нейкім, ці яшчэ кім. Восем гадзін адседзіць, прыходзіць дахаты — сто-о-омлены. Я яму боты сцягваю, Клім на рукі цёплай вадой палівае, маці на стол накрывае. Як жа — карміцель наш прыйшоў. Паеў — на канапу, паляжаць гадзінку. Хоць там пажар, а пасля абеду паляжаць было справай святой. А дзве каровы, пяцёра кабаноў, куры, качкі, гусі, агарод — гэта ж не праца… Ведаеш, я восені і цяпер баюся. Бульбы саджалі шмат, страшная гэта пара была — копка бульбы. Дзень крукам сагнуўшыся стаіш, да позняга вечара мяшкі цягаеш. Маці тварам чарнела за месяц. І сам бацька чарнеў, нас падганяў. Сябе ён на такой працы, калі капейку ўрваць можна было, не шкадаваў. А нас тым больш… Бізун ён з свайго старога рэменя сплёў. Ім нас і выхоўваў. Так хвастаў, што па месяцу сінякі не сходзілі. Усе атрымоўвалі.
— Усе? І… маці? — спалохана спытала Лена.
— Не, маці ён бізуном не хвастаў, — адмоўна кіўнула галавой Надзея. — Маці біў кулакамі. І толькі ў жывот. Каб слядоў не было. Кашуля дрэнна адпрасаваная, суп перасолены або проста сам не ў настроі — знаходзіў прычыну. Маці прыгожая была, а ён — смаркач побач з ёй, але заўсёды з сабою на розныя гулянкі цягнуў. Вось, маўляў, пазайздросце, якая ў мяне жонка прыгажуня. А дома біў неміласэрна пасля гэтых вечарынак. Чаго, курва, таму ўсміхалася? Навошта, сука, з гэтым танчыць пайшла? І звёў у магілу…
— Як звёў?
— Так і звёў… — Надзея замоўкла на хвіліну, працягнула: — А ёй жа толькі саракавы год пайшоў. Яшчэ прыгожая была і тварам, і целам. Мне тады акурат 16 споўнілася. Даўно ўсё як было…
2
Адкрыліся шырока дзверы, увайшоў упэўнена Клім, у строгім гарнітуры пад гальштукам, з “дыпламатам”.
— Добры дзень!
— Ай, выдатна, братка! — Надзея ўстала, падышла, каб абняць брата. — Вітаю!
Клім чуць памарудзіў, быццам у роздуме: абдымаць сястру ці не, але ўсё ж падставіў шчокі для пацалункаў, абняў.
— Ой, якім ты стаў! Прама прафесар, — Надзея, адступіўшы крок назад, агледзела з захапленнем Кліма. — Нездарма цябе маці ад бацькі хавала, каб ты не ў кароў чысціў, а кніжкі чытаў.
Клім паставіў асцярожна “дыпламат”, падышоў да стала, адкрыў бутэльку мінеральнай вады, наліў у шклянку і павольна выпіў, аглядаючы хуткім поглядам Лену.
– І ты, калі б вучылася, зараз не па рынках бы цягалася. А гэта што ў нас за госці?
— Бач, кот, учуў мяса! Я вось патэлефаную тваёй Зоі, раскажу, як ты на незнаёмых жанчын глядзіш, — падчапіла Надзея.
— Гляджу, як трэба на незнаёмых і сімпатычных глядзець сапраўднаму мужчыне. З захапленнем. А пазнаёміць у такіх выпадках ты абавязана.
— Ах, манеры! Ленка гэта. Але ты на каленкі яе не зыркай, гэтыя каленкі па іншых руках нудзяцца.
— Прыгожае імя — Алена. А калі каленкі аднаму прызначаныя, значыць, ад іншых вачэй іх трэба хаваць. Хіба не так?
— Не бянтэж дзеўку. А прыгажосць толькі дурні хаваюць. Гэта Івана нашага сімпатыя. Табе ятроўка будзе.
— А, Івана… — працягнуў нібы з расчараваннем Клім. — А дзе ж ён сам?
Комментарии к книге «Развітальная вячэра», Валерий Николаевич Гапеев
Всего 0 комментариев