Максім Гарэцкі
Літоўскі хутарок
I
Худое лета выдарылася хутарку. Сядзеў ён паміж гор, і ўся ярына выгарала. Дый жа ставок, што сінеў пад гарою, блізка што высахнуў, а ў студні даўно вады не было. Гліністая дарожка, што вілася ад хутарка ўніз, вакол стаўка да Вержбалоўскага шасэ, закамянела і патрэскалася.
Па вясне хадзілі чуткі, што будуць у тутэйшых ваколіцах вялікія дзяржаўныя манёўры, сам імператар прыедзе. Газеты ж прыходзілі толькі кунігасу (свяшчэнніку), ды і то рэдка, і вайны ніхто з хутарцоў не спадзяваўся.
Калі ж познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны і забарабаніў у вакеніцу, уся сямейка мігам ускочыла і спалохалася. Нібыта прыйшло заканчэнне злыбед усяго лета.
А калі пасланец уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі, бо абвешчана вайна з прусамі, — у хаце прайшоў жах і запанавала смяценне.
— Так… вайна, знача, — неслухмяным языком сказаў Ян і пачаў рыхтавацца.
Усе маўчалі.
Ніякіх выгукаў, ніякіх пытанняў. Толькі гаспадыня, старая Даміцэля, адразу ўзяўшы ў думку сыноў сваіх: Блажыса, што апошні год у войску служыў, і Дамяніка, што ў шахтах быў, усхліпнула і дрыжачым голасам сказала дочкам:
— Збірайце бацьку ў дарогу.
Большая, Монця, узняўшыся на падушцы, з падпёртаю шчакою, быццам застыгла ў думках, а меншанькая, Ядвіська, нервова заклапаціла па хаце.
У гэту ноч ужо не заснулі.
А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, былі хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных. Звон бажніцы (цэрквы) смутна і багамаленна гукаў усіх пад'ярэмных пад купал храма да ног раскрыжаванага за словы любові і міру.
Плакаў зморшчаны сівенькі кунігас, благаслаўляючы духоўных дзяцей на шлях брані, заказуючы храбрасць у баі і літасцівасць да зможанага ворага; плакала, уздрыгваючы ўся, колькі было людзей, бажніца. Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза спасіцеля ў цернявым вянку і не ўтрымлівалі буйных слёз пагуканыя запасныя.
А на вуліцы — цёплае сонейка; пяюць без клопату птушкі, гудзяць у ліпняку пчолы. Усё — як усягды. Не даецца веры навінам.
Правадзілі… Доўга стаяла асірацелая таўпа з сівенькім кунігасам паперадзе. I ўсё яшчэ махала тым любым, што пайшлі спраўляць крывяныя хаўтуры.
— Су деў, су деў!.. (з Богам!) — Доўга шчэ адгукаліся тыя, махаючы шапкамі.
— Прашчайце! прашчайце! Схаваліся за ўзгорак.
II
Мабілізацыя канчалася.
Ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя: вартавала мост ад ворага з паветра. Некалькі вольных ад дзяжурства салдатаў, нібы забыўшыся, што вот-вот можа быць пераход, бойка і той свет, чаёўнічалі сабе ля вогнішча, скалілі зубы, хадзілі дажа купацца ў лужу на ставок ці шчыпалі гарох. А то, абышоўшы далёка кругом, падбіраліся да сям'і хутаранаў-літвінаў, што жалі авёс, і пачыналі заводзіць з імі знаёмасць.
Салдаты-назірачы дзівіліся ў біноклі ці трубу Цэйса і, рагочучы, абвяшчалі, што «наша бяроць», чорненькая ўжо смяецца, а беленькая не хоча і не глядзіць, — усё жне. Потым хапаліся за працу: касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх вясёласць і жарты і велічанне панам.
— Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці герман? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога.
— Не клапаціцеся вы, татуля! Не прыйдзе да вас герман. Мы яго так турнём, — супакойваў яго бойкі, курносы, папсованы воспаю кастраміч.
— Ты не ведаеш, братка: прусы — народ кітры (хітры), — трывожыўся стары.
Увечары салдаты гасцявалі ў хутарку.
Нягледзячы на тое, што дзяўчаты гаварылі з «москолюсамі» ўбогай мяшанкай руска-польскіх слоў, салдаты, дзякуючы магнэчнай сіле прыгажосці, пачувалі ў сабе паўнату шчасця ад знаёмства з імі. Праўдзівая прыгажосць сярод літовак страчаецца нячаста, але прынадных дзяўчынак на Літве даволі.
Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая, Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя, круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.
Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур'ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, белыя зубы, доўгая, багатая белакурая з завіточкамі каса.
Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю.
— Куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец? — вёў за ядою гутарку малодшы феерверкер Сініца.
— А чаго мы схаваюцца? — бліскае чорненькімі вочкамі Ядвіся. Ах, каб ёй яшчэ троху слоў. — Я не бус (не буду) схаваюцца… Прусы — народ лабай гражус… прыгожы (прусы — народ дужа прыгожы).
Уся хата дрыжыць ад звонкага, адылі закароткага смеху. Толькі задумная Монця ледзь усміхнулася на словы смяшлівае сястронкі.
Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць «пінегу» (грошы).
— Не, не… Грэх браць у салдата. Наш Блажыс таксама ў войску. Вы ідзіцё на смерць за ўсіх. Не.
I адварочваецца ад платы.
Але хто заможней, пакідае грошы на стале.
— Добрыя людзі, — кажуць у хаце после іх, — вясёлыя.
— Добрыя людзі, — кажуць салдаты па дарозе, — сумленныя людзі.
А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо ўсе трохі і прывыклі, што вайна.
Стары, седзячы іногды ўвечары ля салдацкага вогнішча і сапучы піпкаю, гаварыў, шукаючы спагады і даючы і не даючы веры самому сабе.
— Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя — і спаляць.
— Не бойся, — супакойваў салдат. — Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца.
III
I вось два ворагі-асілкі сышліся. Нарання будзе бой. Сталі закопвацца ў зямлю. Ночы з пазіцыі прыйшлі да хутара салдаты (не тыя, што сцераглі мост, тыя ўжо даўно былі дзесьці ўперадзе). Пачалі ламаць вароты, дзверы, платкі на будоўлю бліндажоў. Ян выйшаў з хаты.
— Няможна! Не далі! Я не далі, — казаў ён салдату, што цягнуў вершкавую дошку-паліцу.
— Няможна? Возьмем… Вайна, дзядуля. Табе заплацяць.
Салдаты ідуць і ідуць.
Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць.
Надышоў дзень. Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы. Скачуць вершнікі. А ранне такое сонечнае, цёплае. Прыпякае. Неба сіняе-сіняе. А ўдалі над лесам выплываюць знедкуль белыя клубочкі дыму. Пакажуцца і паволі расплывуцца, Там жа нешта гудзіць, як далёкі ціхі гром.
— Што то, зямляк? — пытаецца літвін у сумятліва бягучага пехацінца.
— Што то? — ізноў пытаецца ён тэлефаністаў, што шпарка разматваюць шпульку з кабелем.
— Што? Шрапнелі… Уцякай, дзед, назад!
Ян узняў далонь над вачмі і пільна ўглядаецца ў тыя белыя клубочкі высока над лесам. Не, ён не кіне свае сялібы, свае гаспадаркі. I ён спакойны: жонка і дочкі з вузламі і пакункамі яшчэ досвіткамі пайшлі ў касцёл, далёка ў тыл.
— Тра-рах!
Ян здрыгнуўся мімаволі і як толькі не зваліўся на дол ад раптоўнасці. Сабачка жалабна заскігатаў і кумільгам рынуўся пад вароты. Аграмадны чорны стоўб зямлі і газаў уздымаўся на пакаце гары, а міма ляцелі і клаліся на палату чарапкі: дзвыгд!.. пук! — пелі і пукалі яны. Ян палажыў рукою крыж на сябе і зайшоў за вугал, прыхінуўся да сценкі. Чуваць, як за гарою быццам чым хлопаюць ці бабы на падоле бялізну перуць; перш рэдка і дзе-нідзе: тах! тах! А потым усё часцей і часцей, і пасыпалася дробна, як гарох аб сцяну: хлоп-лоп-лоп!
— Са стрэльбаў,— сказаў сам сабе стары.
Сэрца стукала. Чуе: запрацаваў кулямёт, роўна і доўга: тра-та-та, а збоку і адзадзі, у лагу, куды ўчора артылерысты цягалі дошкі, круглякі і жэрдзі, разам у цішы пачулася рэзкая, дужая каманда:
— А адзін патрон, беглы агонь!!
Разам, аглушаючы, тарарахнуў залп усёй батарэі. Ян неяк ненаўмысна пабег у хату, стаў, кіраваўся абдумаць і зноў выбег за вароты.
— Гэта ж свае… чаго баяцца.
Комментарии к книге «Літоўскі хутарок», Максим Иванович Горецкий
Всего 0 комментариев