Ператвораныя ў попел (fb2)
- Ператвораныя ў попел 481K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Винцес Леонидович Мудров
Вінцэсь Мудроў
ПЕРАТВОРАНЫЯ Ў ПОПЕЛ
Эсэ, фантасмагорыі, успаміны
Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Ператвораныя ў попел. Эсэ, фантасмагорыі, успаміны, — Мінск: Логвінаў, 2004.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Запомнім гэтую восень
Штогоду, калі жаўцеюць ясені, калі яшчэ цёплы, але па-восеньску рэзкі вецер зь Дзьвіны шугае пад ногі каляную лістоту і сонечны кругабег паволі пакідае бестурботную Панну, у Полацку ладзіцца сьвята Скарынавай кнігі.
Там, у цэнтры старажытнага, але безнадзейна правінцыйнага места, пад помнікам Першадрукару, фатальны лёс намаляваў сваё кола.
І кожнага году, калі жаўцеюць таполі, калі залётны вецер зь Дзьвіны гоніць пад ногі каляную лістоту, у Полацак прыяжджаюць беларускія пісьменьнікі, і становяцца па пэрымэтру кола, займаючы сакрамэнтальных 40 градусаў акружнасьці, і прамаўляюць ўзьнёсла- напышлівыя словы нешматлікім месьцічам, што патрапілі ў атачэньне згаданага кола. У цэнтры людзкога збою звычайна завіхаўся і я. І ў патыліцу мне звычайна дыхаў шчыгульна паголены маладзён у шэрай тройцы, і варта было толькі адысьці ўбок, як маладзён валокся сьледам, і жонка, якая, часам, таксама завітвала са мною на сьвята, потым доўга ўздыхала і задавала сакрамэнтальнае пытаньне: чаму я не магу жыць як усе нармальныя людзі? “Ты бачыў, каб хто зь беларускіх паэтаў лез у палітыку? — пыталася жонка, — ты паглядзі на іх. Ды гэта проста халяўшчыкі, якія прысмакталіся да беларускай мовы, уступілі ў партыю, атрымалі сталічныя кватэры і цяпер п’юць , у працяг сьвята, дармавую гарэлку ў полацкім рэстаране”.
Зрэшты, бяседзе папярэднічала яшчэ адно мерапрыемства: сустрэча з чытачамі ў гарадзкім доме культуры. Да таго часу госьці ўжо пасьпявалі кульнуць чарку, а аднойчы — я быў сьведкам — адзін празаік нават заснуў у залі, але, пачуўшы сваё прозьвішча, падхапіўся на ногі. Вядучы сустрэчы, пабачыўшы калегу, замахаў рукамі, маўляў, сядзі, ня варта выступаць, але творца паўстаў як тая скала ў Бель-Ілі, пайшоў па праходу, пару разоў матлянуўся, прымусіўшы пужліва адхінуцца дзяўчын, што сядзелі ля прахода і — у мёртвай цішыні! — спыніўся ля прыступак, якія вялі на сцэну. “Ня трэба!”— бязгучна гукалі калегі. “Хлусіце! Я яшчэ м-магу”,— гэтак жа бязгучна адказваў творца. Ён ступіў на прыступку, потым на другую, яшчэ раз хітнуўся і калі ўражлівыя гледачы ўжо змадэлявалі ягонае падзеньне ў аркестровую яму, узышоў на сцэну, сарваўшы бурныя воплескі.
І вось яно, Скарынава сьвята AD MM.
Распалася заганнае кола. Высілкам загадчыка мяйсцовага “вэртыкальнага” аддзелу культуры В. Ушака на пляцы ўтворана quadratura. Пісьменьнікі сядзяць у крэслах, нешматлікія гледачы стаяць вакол зграбным карэ. З высокага пастамэнту на іх задуменна глядзіць Скарына.
Нейкі паэт чытае свае панічна-патасныя, а таму няшчырыя вершы; празаік — аўтар партызанскай эпапеі, якую прачыталі толькі выпускаючы рэдактар ды карэктар, галёкае аб славянскім братэрстве; чыноўнік Дзяржкамдруку апавядае ў мікрафон аб той увазе, якую надае беларускаму кнігавыдавецтве Ўсенароднаабраны Прэзыдэнт; а над галавой маёй тым часам наразае колы гудлівы чмель. Нагудзеўшыся дасхочу, чмель пляскаецца на прывялую ад начнога холаду аксамітку. Тыцкаецца хабатком — раз, другі, марна шукаючы нэктару і пералятае на такую ж прывялую стакротку.
—... Яскравым сьведчаньнем дзяржаўнай турботы аб беларускай культуры зьяўляецца той факт, што школьныя бібліятэкі забясьпечваюцца кнігамі бясплатна...
Мне становіцца яго шкада. Не, не чыноўніка Дзяржкамдруку, а гудлівага працаўніка, што завіхаецца на кветніку. Чмяліны век кароткі. Яшчэ пару тыдняў і ён змарнее на ранішнім холадзе і восеньскі вятрыска панясе яго, выпетранага і бязважкага, па пыльных вуліцах.
Ды што там чмель... Хутка і мая душа зьляціць у нябыт. Кучаравы, з дурасьлівым тварыкам анёлак, падхопіць яе пад паху, махне празрыстымі крыламі і панясе — туды, у верхнія слаі атмасфэры. Бляклым срэбрам адаб’ецца пад крыламі Дзьвіна, мільгнуць асмужаныя атрутным наваполацкім дымам вежы Сафіі і ў паветры старэчымі пархамі закружыць першы сьнег.
Ну а пакуль няўрымсьлівая душа і стамлёная цела яшчэ жывуць адно ў адным, пакуль доўжыцца гэты дзіўны сымбіёз і пакуль нябачны для вока анёлак сядзіць на маім правым плячы і, пазяхаючы, слухае прамову таварыша з Дзяржкамдруку, запомнім гэтую восень — апошнюю восень тысячагодзьдзя. Запомнім яе фарбы, зыкі, пахі: гаркавы пах дыму ў нетрах гарадзкога парку, шорхат калянага лісьця пад нагамі, сонныя кастрычніцкія дасьвецьці, птушыны грай над голым полем і пералівісты гуд, гуд небаракі-чмяля над рудымі кветкамі.
Ператвораныя ў попел
Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”.
З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці.
Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
Творы падобнага жанру вымагаюць прэамбулы. Вымагаюць нейкай замяшанай на лірыцы мудрагелі, хаця ў наш цэйтнотны час падобныя ўступы глядзяцца як анахранізм (слова вытворнае ад народнага выразу “А на храна?”). Зрэшты, анахранізм пануе сёньня ня толькі ў мэмуарыстыцы: ім працятае ўсё наша жыцьцё («А на храна нам гэтая мова?» — кажуць простыя беларусы; апошняе слова можна замяніць дэмакратыяй, рынкам альбо незалежнай дзяржаваю). Анахранізм стаўся ідэалягічным падмуркам краіны, і незьлічоныя адэпты анахрэні ў розныя часіны сьвідравалі непадатную аўтараву сьвядомасьць.
“Якога хрэна ты, смаркач, лезеш у палітыку? Хутка табою зоймуцца кампэтэнтныя органы”, — казаў аўтару, тады яшчэ вучню дзясятае клясы, родны бацька.
“Навошта табе, маладому чалавеку, расейцу, беларуская мова?” — пытаўся афіцэр КГБ, ушчыльную заняўшыся аўтарам увосень 1974 году.
“На якую халеру табе гэтая беларушчына? Займіся ты лепш сям’ёй”, — казала аўтару ягоная жонка адразу пасьля вясельля.
“Віця, не чапляйся да камуністаў — прыдушаць”, — казала аўтару ягоная цешча.
“Вінцэсю, на якую халеру ты марнуеш час? Беларускія тэксты нечытабельныя. Напішы што-небудзь па-расейску”, — заахвочваў аўтара ягоны падсябрыч — расейскамоўны пісьменьнік.
“Ну на што ты паклаў сваё жыцьцё? Пра які народ ты дбаеш? Народу даўно няма. Ёсьць п’яныя трактарысты, якія скруцяць цябе, плюнуць у твар і здадуць лукашыстам... Твае сябрукі хоць штосьці, ды паймелі, а што займеў ты? Кучу хваробаў? Сапсутыя нэрвы? Ну што ты маўчыш?”
Маўчу, бо ня ведаю — што сказаць у сваё апраўданьне.
У прадоньні маёй расейскай душы часьцяком варочаліся падступныя думкі і сьпела перакананьне, што беларушчына — гэта бясконцая дарога да небасхілу, да таго месца, дзе зьліваюцца ў адно чорная зямля рэальнага і нябесны блакіт прыдуманага сьвету. Да небасхілу нельга дапяць, аднак, угледзеўшы, колькі замардаваных беларусаў ляжыць на ўзьмежку той дарогі, і пабачыўшы, ува што ператвораны рэальны сьвет, я кожнага разу ўглядаюся ў небасхіл, і маю другую, пакрыўджаную беларускую душу, поўніць нязгода.
“Гэта ў цябе ад дзеда. Той таксама не любіў камуністаў”, — паведаміла мне родная цётка, калі я ўпершыню загаварыў зь ёю па-беларуску і падзяліўся — а гэта было ўлетку 1971 году — сваімі жыцьцёвымі плянамі. Цётка Вольга жыла ў Піцеры, была вядомай на ўсю акругу пушкіністкай, а таму ўспрыняла мае пошукі Радзімы як небясьпечную дурноту, выказаўшы меркаваньне, што мяне зьбілі з тропу гэбраі альбо палякі.
Комментарии к книге «Ператвораныя ў попел», Винцес Леонидович Мудров
Всего 0 комментариев