Варона (fb2) - Варона 999K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Василь Ткачев
Васіль Ткачоў
ВАРОНА
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Варона. Кніга прозы, — Гомель: БАРК, 2013. — 238 с.
Рэдактар: М.Беразоўская
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Аповесці
СКАЧЫ АД ПЕЧЫ, ЖЭЎЖЫК!
1. ПЕЧ
Першым з вайны вярнуўся дзядзька Хвядос. Высокі і хударлявы, ён, нібы бусел, хадзіў па сваім двары, нетаропка падымаючы ногі. Я глядзеў на яго са схованкі, зажмурваў вочы, і тады здавалася, што гэта зусім і не дзядзька Хвядос, а мой тата. Але варта было расплюшчыць вочы, і я зноў бачыў нашага суседа. Гэтым разам ён нясе бярэмя дроў і прыкметна кульгае: кажуць, пасля ранення нага ягоная не згінаецца ў калене. Дзядзька Хвядос у вайсковай форме, на гімнасцёрцы злёгку патрэнькваюць медалі. Ён не-не ды і запавольвае хаду, дзівіцца на неба, падоўгу глядзіць на дрэвы – слухае, мусібыць, спеў птушак і гаворыць сам сабе: «Прыгажосць!» Прытупаў да печы – гэта ўсё, што засталося ад ягонай хаты, згарэла пасля таго, як варожы снарад трапіў у нашу, – кінуў дровы на зямлю, а потым зняў пілотку, выцер узмакрэлы лоб. Агледзеўся. Уздыхнуў. Я хацеў падыйсці да дзядзькі, але не асмельваўся. Ён раптам похапкам падняў з зямлі вілачнік, выцягнуў з печы чыгунок.
Комментарии к книге «Варона», Василь Ткачев
Всего 0 комментариев