Частка першая
У чалавечым жыцці ёсць прамежкі, якія сеюць у душы ілюзію шчасця: быццам з дасягненнем той ці іншай мэты канчаюцца ўсе беды-нястачы — і перад табою прамая дарога ў рай.
Так здавалася і нам з жонкаю, калі мы, нарэшце, надыбалі сабе кватэру. Амаль у цэнтры горада, але ў глыбіні квартала, далей ад шумных вуліц і вірлівых тратуараў, якія, здаецца, мала каго лагодзяць.
Удача завітала да нас не адразу, не праз выпадковасць, якой многія людзі, і нават такія, як вядомы лялечнік Сяргей Абразцоў, надаюць ледзь не боскую ўсемагутнасць. Выпадковасць, канечне, свае папраўкі ўносіць, але тут варта гаварыць пра шчаслівае супадзенне абставін, а не пра заканамернасці і логіку жыцця.
Дык вось на кватэры я спакойна жыў да жаніцьбы. А толькі ажаніўся, мая паважаная гаспадыня Паліна Рыгораўна, выкладчыца тэхналагічнага інстытута, былы муж якой, вядомы вучоны-геадэзіст, жыў цяпер з другою жанчынай ажно ў Іркуцку, а сын ад яго служыў у арміі, культурна і ветліва, але бескампрамісным голасам прапанавала пашукаць новую кватэру.
Нашы пошукі аблегчыў тэлефон. Яго не так даўно займела гаспадыня, дастукаўшыся аж да самога міністра сувязі. Назвала сотню прычын (і адна з іх — хвароба сэрца), і міністр не змог адмовіць абаяльнай, што не замінала ёй быць адначасна і настойлівай, наведніцы. Мы далі ў рэкламную газету аб’яву — некалькі звычайных слоў, за якімі чыталіся кожнаму і адчай, і трывога.
З суботы — з дня, калі выйшла газета,— мы з жонкаю напераменку дзяжурылі каля тэлефона і запісвалі адрасы. Пасля разам ездзілі на агледзіны — хто ды што, у якіх умовах. Цяпер ужо з радасцю думаецца, як жа добра, што не спынілі свой выбар на першых трох кватэрах: у маладых вучоных, якія вырашылі сабраць грошай для паездкі на поўдзень і ў якіх, канечне ж, адчуваў бы сябе лішнім чалавекам; у адзінокага, яшчэ не вельмі старога яўрэя, з кватэры якога патыхнула нейкай нежывою занядбанасцю; у прыгажуні жанчыны, што ўжо развялася з мужам і чакала, калі ён выселіцца, і спакою ў якой гады два не магло быць.
Гэтая гаспадыня, што нам прыглянулася, была таксама і маладая, і прыгожая, можа, нават трохі страгаватай для сваіх трыццаці прыгажосцю. Яна сустрэла нас у барвовым фланелевым халаце, які, вольна атуліўшы стан, рабіў яе дамашняй і простай. Яна глядзела на нас не так, як зазвычай глядзяць незнаёмыя людзі, у якіх яшчэ няма адно да аднаго даверу і вочы поўняцца насцярожанасцю. Яна глядзела блакітнымі вачыма адкрыта, мякка, акурат мы ўжо даўно зналіся і вось наведаліся ў госці. Мне спадабалася такая шчырасць маладой гаспадыні, яна абяцала наперадзе цікавае — хоць і невядома, чым цікавае,— жыццё. На жончыным твары, як і ў кватэры той разведзенай жанчыны, захаплення, здаецца, не было. Жонка чамусьці зніякавела, калі гаспадыня пачала падрабязна распытваць, хто мы такія,— і кінула на мяне позірк, пасля якога ў душы ў яе як бы нешта зламалася. Яна раптам стала гаваркой і вольнай у рухах, якой была заўсёды. Мабыць, яе ўразіла мая рашучасць, што нарэшце заявіла пра сябе ў вачах.
Гаспадыню звалі Люба — імя гэтае мне так падабаецца, калі называюць ім жанчын узросту пушкінскай Людмілы; яна расказала, што жыве адна ў двухпакаёвай кватэры; сын — хворы, у спецінтэрнаце і прыязджае толькі на выхадныя. Калі не зважаць на маленькую тайну, якую не раскрыла адразу гаспадыня і якая не магла не турбаваць — чым жа хворы сын? — то недамовак між намі не засталося.
Дасюль мы стаялі ў пярэдняй, даволі прасторнай, засланай старэнькім дыванчыкам і застаўленай шафкамі з кухоннага гарнітура, а пасля прайшлі ў пакой. У ім стаяла шырокая канапа, падазрона пахіленая на бок, пры сцяне туліўся невялікі квадратны столік, накрыты зжаўцелай газетаю.
— Тут жылі ў мяне кватаранты, але нядаўна выбраліся, пабудавалі кааператыў,— сказала Люба, каб мы не дзівіліся з няўтульнасці пакоя.— Мэблю, якую хочаце, можаце набываць. Я — не супраць.
Я пакратаў канапу. Яна рыпела, быццам была сабрана з адных іржавых спружын, і «кульгала» — пад нізам вісела металічная ножка і хісталася, не кранаючыся падлогі, як перабітая лапа ў сабакі. Яе можна падладзіць, падумаў я, і канапка яшчэ паслужыць. Апошняя ўмова, якую паставіла нам гаспадыня,— аддаць за паўгода наперад квартплату, бо патрэбны грошы на каляровы тэлевізар.
Калі мы, развітаўшыся, пайшлі, каб неўзабаве перавезці свае рэчы, я адчуў, што паміж мной і жонкаю зноў залегла незразумелая напятасць. Мы ішлі моўчкі, кожны заняты сваім. А можа, такая наша стрыманасць была натуральная, бо чалавек заўсёды спачатку перажывае ўражанні ў сабе, а потым ужо дзеліцца з людзьмі. Я сіліўся ўспомніць, на каго падобная тварам наша новая гаспадыня. Дужа знаёмыя рысы прасвечваліся ў ім. Выпуклы ясны лоб, апраўлены з бакоў гладка расчэсанымі на прабор русымі валасамі, прамы тонкі нос з шыракаватай і як бы трохі выпуклай пераносіцаю, акуратныя дужкі броваў і маленькі з патоўшчанай ніжняй губою рот. Што за класічны твар? Мой позірк бяздумна слізгаў па лісці, чыстым і жоўтым, што ссыпалася з клёнаў на тратуар за сённяшнюю ноч — ноч першых замаразкаў. З раніцы іней тоненька ляжаў на асфальце і ў паветры вісела такая ж тонкая, блакітнаватая смуга, і ад усяго гэтага веяла шчымлівай урачыстасцю і спакоем, якім хацелася паіць і лагодзіць душу вечна. Але розум падказваў, што так не будзе, што заўтра возьмецца паўночны вецер і прынясе з сабою холад, аголяцца дрэвы, ляжа на зямлю снег — і хочаш ці не хочаш, а сустракай зіму.
Ну, канечне ж! Калі б я быў мастак, то не мучыўся б, а зразу прыгадаў, што гаспадынін твар напомніў мне рафаэлеўскую мадонну Канестабіле. І нават халат у гаспадыні такога ж барвовага колеру, як мадонніна сукенка. А вось гэтыя голыя клёны мне якраз і намалявалі пейзаж, на фоне якога стаіць мадонна: дрэвы, панылае восеньскае возера і яшчэ — двое людзей у лодцы.
І я сказаў радасным голасам жонцы — што гаспадыня, відаць, някепскі чалавек, ва ўсякім разе, горш, чым тая прафесарша, у якой жыву, не будзе. Жонка нехаця адказала:
— Усё можа быць. Пажывём — пабачым.
Гэты яе спакой і неўласцівае ёй старэчае пабуркванне ўшчэнт збянтэжылі мяне, і я ўжо быў спалохаўся, што, мабыць, паспяшаўся спыніць свой выбар іменна на гэтай кватэры. Можа, інтуіцыя, якая, пераконваюся, у жанчын больш тонкая, чым у нас, мужчын, падказвала жонцы тое, схаванае і небяспечнае, што можа замуціць чысты і роўны ручаёк сямейнага жыцця. Але яна не захацела мне пярэчыць, ужо ўпачатку разумеючы, што трэба пакладацца і на мужа, слухаць і яго меркаванні.
Але як бы там ні было, я прывык верыць людзям і разумець іх шчырасць, у якой заўсёды знаходзіў цяпло і радасць для душы; таму не стаў больш гаварыць пра гаспадыню, а ўзяў жонку пад руку ды зірнуў на яе так, каб яна ацаніла мой жэст. І ўсмешка, якую я чакаў ад яе, зноў вярнула нас да той прыязнасці і спагады, што панавалі між намі вось ужо цэлы месяц пасля вяселля.
Я пазнаёміўся з Галяю ў майго сябра, інструктара абкома камсамола. Ён запрасіў мяне ўвечары да сябе на кватэру — паглядзець футбол: матч мінчан з тбілісцамі. Я акурат меў час. Матэрыял, які збіраў у камандзіроўцы цэлага паўтыдня, ужо быў напісаны, перачытаны і выпраўлены. Мы абодва былі заядлыя балельшчыкі. Гульня ў нашых не клеілася, не выручала на гэты раз і магія «чужога поля». Мы добра такі разнерваваліся. Гэта відаць было па нашых адчайных воклічах і па тым, як гарэлі вочы ды сутаргава ўскідваліся ўверх рукі. Каб супакоіцца, сябра прапанаваў «па грамульцы». Жонка яго, дзябёлая, усмешлівая маладзіца, відаць, аматарка кампаній, падкінула ідэю: запрасіць сваю знаёмую, студэнтку наргаса, «з якой ніколі не бывае сумна». Я чуў, як яна доўга ўпрошвала сваю знаёмую па тэлефоне, абзываючы яе «тлёй», але тая ўпарцілася, маўляў, сабралася ў лазню. Нарэшце згадзілася, мабыць, зацікавіла яе мая «характарыстыка», якую выдала мне сябрава жонка.
Зазваніў званок, і я пайшоў адчыняць дзверы — папрасіла сябрава жонка, якая, зразумеў я, за ўсмешлівасцю ўмела хаваць праніклівасць сваёй натуры. Першае, што падумаў, убачыўшы дзяўчыну,— якая яна прыгожая, такіх дзяўчат ніколі вось так проста, звычайна, адчыняючы ім дзверы, я не сустракаў. Яна была ў белых джынсах, лёгкай стракатай кофтачцы, што туга абліпала яе, і ў белых басаножках. І ўся гэтая светлая экіпіроўка крыкліва адцяняла яе твар — смуглы, як у метыскі, і чысты-чысты, дагледжаны, бы ў модніц, што рэкламуюць адзенне, усякія духі і пасты. Яна апусціла вочы і, суха павітаўшыся, размінулася са мною, і як мне было не ўсумніцца ў словах сябравай жонкі, што з ёй ніколі не бывае сумна. Але падазрэнні мае развеяліся, як толькі селі за стол. Галя, так звалі дзяўчыну, здзівіла мяне сваёй эрудыцыяй. І я, не задумваючыся, тут жа залічыў яе да тых гарадскіх інтэлектуалак, якіх нарадзіла апошняя чвэртка нашага стагоддзя і ад якіх лепш, чым з газет ды часопісаў, можна даведацца, які рок-гурт зараз самы папулярны ў свеце, хто з замежных пісьменнікаў вылучаецца арыгінальнасцю мыслення і тонкім, глыбокім псіхалагізмам, які стыль характэрны для французскіх авангардыстаў, не кажучы ўжо пра моду на фасоны, прычоскі, касметыку.
Мы засядзеліся да позняй ночы, і я, каб яшчэ трохі пабыць з Галяю нязмушана, а не па волі абставін, прапанаваў пракаціцца на таксі. Галя прамаўчала, але мяне падтрымалі гаспадары.
Адразу таксі паехала на вуліцу, дзе жыла Галя, і не толькі таму, што так было бліжэй, проста джэнтльменскі гонар вымушаў рабіць іменна так: спачатку адвезці даму, тады ўжо ехаць да сябе.
Галя спыніла таксі каля вышыннага, на дванаццаць паверхаў, дома, і я таксама вылез, каб адчыніць ёй дзверцы. Галя лёгка і неяк пругка, бы птушка, выбавілася з таксі, нечакана цмокнула мяне ў шчаку і пабегла ў пад’езд, адкідваючы за спіну сумку, якая матлялася спераду. Гэты пацалунак, да якога я аніяк не быў падрыхтаваны, вырашыў усё.
Комментарии к книге «Светлы ручай любві», Владислав Яковлевич Рубанов
Всего 0 комментариев