«Грэцкі арэх»

194

Описание

отсутствует

1 страница из 6
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Чаму тое, аб чым шкадуеш, успамінаецца заўсёды са светлаю журбою і ціхім сумам — што нечага не дабраў, нешта не так зрабіў, чагосьці было мала, а па сутнасці разабрацца, дык розніца між тым, чаго хацеў, і тым, што было, намі часта расцэньваецца як няўдача, фатальны збег акалічнасцей, як папрок (менш за ўсё самому сабе) і аніяк не ўспрымаецца лагічнай, можа, нават самай шчаслівай для нас арбітай жыццёвага лёсу.

Я ніколі не думаў, што мяне цягнула на хутар: каханне ці матухна-прырода, да якой з маленства нераўнадушны. Хутар стаяў кіламетраў за восем ад горада Зялёнае, дабрацца да яго льга было толькі дызелем: сысці на раз’ездзе Вербіж, а потым яшчэ два кіламетры топаць пехатою. На хутары захаваліся дзве хаты: у адной жыла сям’я Драздовікаў, а другая пуставала ўжо некалькі гадоў: чалавек з яе, блізкі сваяк Драздовікаў, перабраўся ў Вербіж, і паколькі хата, яшчэ даваеннага склёпу, дыхала ўжо трухлявасцю, перавозіць яе было рызыкоўна. Цяпер яна служыла Драздовікам складам: там грувасцілася ўсякае лам’ё і прычындалле; стаялі кросны, якія ўжо ўбачыш хіба ў музеі; стары, паточаны шашалем, бы хто стрэліў зарадам з проса, драўляны ложак, на якім у летнюю спёку стомленаму латва прылегчы; вялізныя, уроўні з чалавекам, бочкі — пад крупы і муку; печ была нізкая — села ў зямлю, — з цёмнага незаслоненага жарала нязвычна патыхала стынню, і маркотнымі цёмнымі вачніцамі глядзелі на вокны пячуркі.

Хата, у якой жылі Драздовікі, была з выгляду люднейшая, хоць таксама цёмная ў бёрнах, але яе ажыўлялі, як чалавека свежая сарочка, белыя разьбяныя ліштвы.

Дзве гэтыя хаты — усё, што засталося ад вёскі, якая некалі набірала паўсотню двароў і вуліцы якой ужо даўно заараны пад калгаснае жыта. Што прымусіла Драздовікаў застацца ці, дакладней, што не дало ім сарвацца разам з усімі ў перспектыўны, электрафікаваны Вербіж — гэта мяне здзіўляла і не перастае здзіўляць: як у наш час людзі могуць жыць без радыё, тэлевізара, газу і ўсіх іншых выгод, што прынесла энтээр? Адгадкі заўсёды адназначныя, а тут, няйнакш, было не менш як дзесятак меркаванняў, і таму я не браўся нават што-небудзь праясняць. Бачыў, людзі — жылі: смяяліся, калі было весела, сумавалі падчас непрыемнасцей і згрызот, якія, на жаль, пакуль чалавека не абмінаюць; раслі дзеці, сталелі, набіраліся мудрасці, старэйшая дачка ўжо выйшла ў Мінску замуж, нарадзіла «сына-мацака» (так казалі дзед і баба). Ведаў я і тое, што ў Драздовікаў вялікая гаспадарка: дзве каровы і цялё, чацвёра кабанчыкаў, добрая плойма індыкоў і курэй; а яшчэ — сабака, пчолы.

Днём над хатаю, як і над усім светам, свяціла сонца, уначы вісеў месяц і мігцелі зоркі, кожны раз — новыя. Яе абвяваў вецер, мылі дажджы, маладзіў першы, цнатлівы сняжок.

Упершыню на хутар мяне прывезла Зіна; я кахаў яе, здаецца, шчыра, без фальшу, які часта звычайны мужчынскі эгаізм можа эфектна маскіраваць пад сапраўднае пачуццё. Гэта было ўлетку; мы пахадзілі па садзе, светлым ад яблыкаў, каля шматлікіх град, што натапырыліся пёркамі цыбулі і блакітнымі галоўкамі маку; я падзівіўся на пчол, якія чорнымі шнуркамі з усяго неба сцягваліся да вузенькай шчыліны ў вуллі. Пасядзелі на цёплай траве пад грэцкім арэхам, які прыжыўся, але не радзіў; слухалі, як недалёка за жытам тарахцела касілка: паветра пахла густым водарам лубіну.

Тады ж, надвечар, я пазнаёміўся з Зінінымі бацькамі. Маці, невысокая, з мяккімі, добрымі вачыма, працавала настаўніцай, яе сціпласць і ціхі нораў перадаліся дзецям, асабліва Зіне; затое ад бацькі-лесніка, рослага, жылістага, лысага мужчыны з белымі ад сівізны скронямі, дзяўчаты пабралі статнасць, якая рабіла іх па-жаноцку прывабнымі ці, калі сказаць іншым словам, якое мне асабіста папахвае пашлаватасцю, — фігурнымі. Хлопец, Вадзік, усім удаўся ў маці: дробны і бяскрыўдны, як ласкавае цялятка.

Здаецца, мне ўсе былі радыя, а яшчэ, мабыць, і задаволены, што і другой дачцэ падтрапіўся хлопец як быццам сур’ёзны і з твару не брыдкі.

Між тым наступіла зіма. Мае адносіны з Зінаю сталі настолькі пэўнымі і блізкімі, што сумнення ў нашым шлюбе ні ў кога не было, і гэта здымала з мяне скаванасць, калі я прыязджаў на хутар. На той час Вадзік ужо служыў у арміі. Бацька Зінін (я называў яго афіцыйна — Сцяпан Кузьміч) звычайна прыходзіў дахаты позна, не часта яго пераймала па часе і маці: вяла ў школе прадлёнку, і мы кожны раз, лічы, заставаліся ў хаце адны-адзінюсенькія. Тут льга і падумаць, што ад такое латвы ў нас кружыліся галовы, і, няўладныя над сабою, мы задыхаліся ў бяздонні маладых, гарачых страсцей, а напраўду — дык былі мы сарамлівыя і стрыманыя, як дзеці. Самае вольнае, што дазволілі сабе, калі, катаючыся на лыжах, намачылі ногі, — гэта залезлі на печ і, лёгшы побачкі, пагрэліся на чарэні. У мяне той момант моцна білася сэрца, а самалюбства цешыла нейкая прытарна-ліслівая думка, што Зіна некалі будзе належыць мне, пакорлівая і адданая; я акурат назнарок аддаляў, зачыняў дзвярыма пачуццёвай глухаты імкненне да блізкасці, пакутлівае чаканне якой акрамя таго, што ўяўлялася мне высакародным, яшчэ і множыла наперадзе радасць.

Аднойчы ў суботу, пад Новы год, мы выбраліся на паляванне — утрох: я, Сцяпан Кузьміч і дзядзька Іван — той сваяк, які пакінуў на хутары хату. Усе пры стрэльбах, нават для мяне выпаралі ў кладоўцы запыленую аднастволку: хоць сказалі, і дае асечку, затое лёгкая. З двара выйшлі раненька: паветра цёмна-сіняе, а снег — блакітны; мёртвыя, сухія былкі лебяды на ім чарнелі як намаляваныя тушшу. Босы (на лапах у яго былі белыя «шкарпэткі», ці, інакш, сам руды, меў «босыя» лапы), звечара не кормлены, старанна нюшкарыў па свежым снезе, што выпаў уначы, чмыхаў каля купін; хвост, звычайна апушчаны, загнуўся да спіны і падрыгваў, як у авечкі. Босы заекатаў, нечакана для мяне, у хмызняку, потым схаваўся ў сасонніку. Я зняў стрэльбу і пабег туды, куды паказаў мне дзядзька Іван: на прагаліну ў сасонніку, дзе была, мусіць, дарога. Брэх аддаляўся некуды ў глыбіню, і я пайшоў паціху. Следапытныя навыкі ў мяне такія-сякія былі: яшчэ школьнікам я часта хадзіў у лес з суседавым сабакам (вядома, без стрэльбы) і ведаў, што заяц бегае кругам і — хочаш не хочаш — вяртаецца на тое месца, дзе яго паднялі.

Я стаяў на ўзлеску пад сасонкаю, заціснуўшы ў падпашшы аднастволку; як ні затойваў дыханне, серабрысты шнурок — святло ад месца — звіхаўся то на адзін бок ствала, то на другі. Крокі за тры ляжала пад снегам дарога, каляіны якой былі пазначаны дзвюма паралельнымі спадзінкамі, цямнейшымі, чымся горбік, што пабліскваў між імі дробнай разнаколернай імглою.

Я так прудка ўядаўся вушамі ў сабачы брэх, што нечакана пачуў дзіўныя гукі: «ііціріцр-ііціріцр»; яны то заціхалі, то набліжаліся, і тады, у нейкі момант, мне здавалася, што нада мною звіняць камары, як улетку на Сажы. Я ўжо забыўся на сабаку, а толькі лавіў гэта незвычайна тоненькае папіскванне ўверсе. Раптам з сасны, з галіны, на якой ляжаў боханам снег, сасмыкнулася ўніз лёгенькая, акурат папяросны дым, блакітнаватая пасмачка; слізгануўшы па ёй вачыма, я ўбачыў дробненькую, бы мятлік, птушачку, крыльцы якой трымцелі ў паветры, як маленькі прапелер; яна раз-пораз торкалася даўгаватай дзюбкаю ў шыгалле і кару на галіне, не садзілася ні на міг: пералятала вышэй ці ніжэй; натапырваючы востры, як шыльца, аранжавы чубок, тачылася пад снег. Зразумеў: мне пашчасціла ўбачыць рэдкую ў нашых беларускіх лясах птушачку, якую за драбнату называюць еўрапейскім калібры, а сапраўдная назва яе — каралёк.

У адно імгненне я пачуў сабачы брэх і ўбачыў зайца: ядавітае, залівістае яхканне сабакі было недзе зусім блізка, а заяц каціў па дарозе проста на мяне. Я разгубіўся і не памятаю, ці наўмысна гахнуў паверх зайца, лічы, у самае неба, ці ў спешцы не адвёў да адказу курок, і ён шчоўкнуў міжвольна. Заяц крутнуў з дарогі і неяк мякка, лёгка, не кранаючыся зямлі, пасігаў у сасоннік.

Праз нейкую хвіліну на дарогу выскачыў сабака, пранёсся міма і адчайна, акурат папракаючы мяне, няўдаліцу, хапянуў каля маіх ног снегу; крута заламаў на заечы след.

Каралькоў не было відаць — дзіва што: такім стрэлам слана садзьме, не тое што нейкіх пушынак. У мяне ў самога звінела ў вушах, і я не чуў, а толькі бачыў, што да мяне трухае дзядзька Іван і ўсім сваім выглядам пытаецца: «Ну што?..» У яго расхрыстаны кажух і аўчыну на грудзях з двух бакоў шчытна пабяліў іней; стрэльбу ён трымае ў руцэ.

— Прабег, — сказаў я, паказваючы на заечы след.

— А ты што, тута і стаяў? — Дзядзька Іван спыніўся, ён часта дыхаў, у яго гарэлі шчокі, акурат на канцы вусоў уселіся два снегіры. — Ну і стралок, па совісці сказаць, з цябе!.. — ён засмяяўся, без з’едлівасці, хутчэй паблажліва, як бы з гонарам, што не такая простая гэта штука — паляванне. — Цяпер касавокі махане далёка — можна перакурыць...

Падышоў і Сцяпан Кузьміч, спытаў у мяне, як бег заяц — па дарозе ці поперак перамахнуў. Я сказаў — што пёр насутыч мне.

— Я таксама бачыў яго, — Сцяпан Кузьміч зняў рукавіцы, засунуў у кішэнь, — падалося, бытта грудзіна ў яго ў крыві... Можа, думаю, параніў...

— Не-е! — чамусьці з радасцю ўсклікнуў я. — Пульнуў... само... вышэй.

Сцяпан Кузьміч пахітаў галавою і болей нічога не сказаў.

Мы селі на паваленую сасніну з абсечаным галлём; ад пня ў наш бок мышка прастрачыла ланцужок кропак-слядоў. Мудрасць лесу не толькі ў тым, што ён, бывае, маўчыць, а і ў тым, што прымушае, як разумны субяседнік, думаць. З яго патаемных гушчароў глядзіць насцярожаная немата, выплывае нябачнымі хвалямі, ахутвае і бярэ ў палон ніколі не разгаданая тайна жывой існасці.

— Усё-ткі, па совісці сказаць, упусціў ты, Коля, зайца, — сказаў дзядзька Іван, са смакам выдыхаючы з грудзей дым папяросы.

Бачачы, што цяпер, як і перш, ён не папікае мяне, а проста не можа астыць ад паляўнічага азарту, які заўсягды змушае абсмоктваць з усіх бакоў няўдачу, я таксама нацэліўся на жарт.

Комментарии к книге «Грэцкі арэх», Владислав Яковлевич Рубанов

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!