У кожнай пары, як і ў чалавека, бываюць святы — дні прыгожыя, вясёлыя, радасныя ад колераў, пахаў і гукаў. У лета — гэта, мусіць, ліпеньскія дні. Ліпень — ліпа: у мяккую, чыстую зелень урываецца залацістымі воблакамі ліпавы цвет. Цвітуць ліпы... Тонкая духмянасць сочыцца ў паветры, што, здаецца, аж трымціць і звініць ад пчаліных крыльцаў.
У Грышкі Пруцікава на гародзе раслі дзве ліпы — мацёрыя, высокія, мабыць, пасаджаныя яшчэ дзедавым дзедам. Была і гісторыя ў гэтых ліп, і як сведчанне яе — дуплы ў ствалах, шурпатыя зросцвіны на кары, куцкі адсохлых галін, струхнелыя і новыя шпакоўні... Кожную вясну, зазвычай на пачатку мая, Грышка, садзячы бульбу, чуў, як хрускалі пад лемяшом плуга карэньчыкі, што павыжыльваліся мала не па ўсім гародзе, і ён, Грышка, тады аж уздрыгваў, быццам нешта надабнае і важнае лопалася ў ягоным целе. Шмат хто, надта суседзі, падбіваў Грышку — і гэта зноў з мінулага,— каб ён выкарчаваў ліпы; моў, яны ссушаюць зямлю, і таму не родзіць бульба. А нехта злы нават завіхнуўся быў уночы абкарыць ліпы ўкругавую, але засталіся не зачэпленыя тапаром шлеечкі кары, праз якія ліпы і жывіліся.
Прычэпістыя да зямлі аказаліся старадрэвіны, стаялі, нягледзячы ні на што. А вось садавіна — яблыні, грушы — чэзла, са ствалоў і галін адхлупала кара, гніло дрэва і прападала, даўшы напаследак спажыву жоўценькім мышыным грыбам — ненапраўдашным апенькам.
Грышка мучыўся ў роздуме, але не мог здаўмецца, чаму раптам сталі зводзіцца-выміраць яблыні і грушы, якія раней, яшчэ пры бацьку, цвілі амаль кожны год дружна, бучна — на заглядзенне. Казалі, нейкая пошасць напала на сады — хвароба, якую нібыта заводзіць грыбок — не той, канешне, грыб, што ў лесе, а — плесня, цвіль, ад якіх нават хімія спасу не дае. Калі і ўдавалася вылузнуцца яблычкам, дык усё роўна яны хутка асыпаліся, густа ўсцілалі зямлю — цьмяныя, зморшчаныя карлікі-заморкі. А яшчэ хадзілі чуткі, быццам карэнне хварэе, чаўрэе ў зямлі — чым лячыць яго, ніхто не ведае. Але гэта ўжо, здаецца, будні, якія выдаюць шэрымі, аднастайнымі ў сваёй адвечнай зададзенасці нават тады, калі свеціць сонца.
А тут ужо другі тыдзень лілі дажджы — беспрасветныя, аблажныя — дзень і ноч. Як людзі спярша радаваліся ім, так праз некалькі дзён пачалі праклінаць і нецярпліва чакаць, пакуль яны скончацца. Зямлю прамачыла — і добра, няхай растуць травы, бульба, спеюць палі, але дождж нарабіў ужо шкоды — спляжыў жыта, авёс, ускалыхнуўшы малінаўцаў не на жарт.
Калі нарэшце дождж ушчук і выбліснула сонца, па якім усе паспелі ссумавацца, над зямлёю сталі расці густыя, як воўна, туманы; распаўзаліся па гародах, лугах, лясах, цёплаю сырасцю ахутвалі зямлю, пранікаючы ва ўсе яе сітавіны.
І тады Грышка першараз падумаў, што сёлета будзе ранняе грыбное лета. Хоць і кажуць, што д’ябал прыдумаў грыб для таго, каб парушыць у прыродзе створаны богам лад, але няпраўда гэта, бо акурат ён, грыб, — дзіця капрызнае і вельмі чуйнае да ўсякіх змен у паветры і на зямлі, яго проста не купіш. Радасці Грышку падбаўляла яшчэ і тое, што з дня на дзень ён чакаў з арміі сына — Мішу, які за два гады службы так ні разу і не заявіўся на пабыўку; бацьку, канешне, гэта нос аніяк не паднімала, а на сэрцы расла туга, крэпла, застываючы, як смала. Рэдкія лісты, у якіх Міша пісаў зазвычай адно і тое ж — «служыцца нармальна, усё ў парадку», — суцяшалі мала.
Але кажуць: зла не кліч — яно само прыйдзе; калі б Грышку нехта сказаў, што яму трэба нудзіцца па сыну яшчэ год, ён палічыў бы таго за вар’ята і нават не пасмяяўся б з яго слоў. Ды, на вялікае гора, так і прыключылася: жыццё — вялікі чараўнік у сваіх вымудрах...
Паштарка, малодшая з пяцярых Чубатчыных дачок, прынесла пісьмо, якое Грышку зразу насцярожыла: канверт быў не такі, як слаў Міша, а размаляваны, з маркаю на ражку, і адрас выстуканы на машынцы. Грышка доўга не разрываў канверт, сціскаў у руцэ і доўга думаў — што ў ім можа быць? Хіба падзяка ім, Грышку і Лісаветцы, за сына? А што — канец службы, нагода якраз... Толькі чула, чула Грышкава сэрца, што ў канверце — іншае, зусім іншае, і яно не прынясе яму радасці. Такі ўжо Міша — усё жыццё ад яго Грышку адны бядоты, і тут, як ні мудруй, чорнае да белага не прышыеш.
З самага дзяцінства так павялося. Гады тры Мішу было, калі, пагнаўшыся за падлёткам, ледзь не ўтапіўся ў багне — добра, што блізка пастух пасвіў кароў ды пачуў крык... Лазячы па дрэвах, абшаснуўся з высокае асіны і аб востры сук распароў бок — вазілі ў бальніцу, сшывалі... Ужо як падрос, стаў церабіць чужыя сады і гароды (адзін і з хаўруснікамі) — аднаго разу Чубатчыха, каб правучыць, абкруцілася ў белую прасціну ды стаілася ў бульбоўніку; як толькі хлопцы, качаючыся па градах, сталі вышчупваць гуркі, яна ўсхапілася і з крыкам «Я — бабка-зялезка!» — кінулася на іх. Ад перапуду Міша на месяц анямеў — дзякуй богу, адпусціла.
Здавалася, пасталее Міша — набярэцца розуму, але не... Да дзевак намысліць у Дабранку, выкрадае з канюшні каня і панёсся нaвуж; уранні, узмыленага, галоднага, прыганяе каня назад. Грышку нават у праўленне зазывалі, штрафам гразілі, і ён, вядома, там не заступаўся за сына, даваў слова прыструніць, і праўда ўсыпаў Мішу прачуханкі — за папругу браўся, кулаком трос ля носа, ды яму хоць солі на хвост натрусі. Паставілі пры канюшні вартаўніка, веласіпед у каго з двара выкаціць — і паляцеў. А колькі яшчэ дробных правінак было, за якія патрапаў нерваў!..
У школе, хаця там і здзіўляліся ягонай чэпкай памяці ды кемлівасці, Міша вучыўся слаба — лічы, на адны тройкі, — блага паводзіўся: збягаў з урокаў у «партызаны» (у лес), дзе пёк бульбу, курыў; з настаўнікамі не грубіяніў, але равесніка мог абразіць... і тут жа заступіцца за яго, засланіць ад забіякі.
І Лісаветка калі-нікалі давала Мішу матузоў, але ёй увесь час здавалася, што на сына ўсе залішне нападаюць, проста зганяюць над ім злосць, а ён не такі і шалапутны, і ўрокі «выбівае як з-пад малатка»; яна нават хадзіла сварыцца да Шапялёва, класнага, за што Грышка потым яе самую адлаяў.
...Грышка няўмелымі пальцамі хапатліва растрыбушыў канверт, і тое, што прачытаў у лісце, спярша засціла ад яго сонца — пацямнела ўваччу, — потым праняло ўсё цела халоднымі дрыжыкамі, якія дробнымі тугімі хвалькамі пабеглі ўніз, сцягваючы, як на агні, скуру, і ён адчуў, што млеюць, адпадаюць ногі... Тымі ж друкаванымі, кругленькімі, бы каноплі, літаркамі, якія Грышка ўжо бачыў на канверце, было напісана, што Міша «совершил преступление»...
Грышка зразу не пайшоў у хату, запіхнуў ліст разам з канвертам у споднюю кішэню пінжака і завярнуў на гарод, дзе ў зацішным кутку за лазняю па-мужчынску прыцята паплакаў, пасіпеў у кулак. Што там, якое злачынства? Выдаў ваенную тайну? Не паслухаўся загаду? А можа, горай, самае жахлівае — няўзнак застрэліў каго? Ад яго, паганца, можна чакаць што заўгодна... З паграбні, дзе дасюль, распластаўшыся на сугрэўку, драмаў, скаціўся сабака, Босы, падбег, вінавата завіляў хвастом.
Лісаветка сустрэла Грышку, бледнага, растрэпана-паніклага, спалоханым ускрыкам: «Сэрца?!.» Пляснула далонямі і, знямелая, прысланілася да печы. Грышка зразу не хацеў гаварыць жонцы праўду, думаў перш падрыхтаваць яе, настроіць, ды Лісаветка нечакана так хапіла яго, што ледзь не вытрасла ўсе пячонкі і тое ж сэрца, не кажучы ўжо пра словы, хай сабе і нялёгкія, балючыя словы...
Лісаветка рыдала ўголас: «А мой жа татка!..» — трэсла кулакамі і біла імі ў печ. Грышка трымаў яе за плечы, сіліўся пасадзіць на табурэтку, недарэчна думаючы, якая дужая ў яго жонка.
Гора напраўду вялікае, што і казаць; падобна, Міша правініўся крута, даскакаўся — не да смешачак, і каб жа толькі сам за ўсё расплачваўся, а то ж і бацькам — здзек, ды не абы-які. Такая вось ласка ад дзяцей: малых гадуй — мучся; не спадзявайся, што калі падрастуць — дык лягчэй стане, наўпярок, турбот прыхлыне. Вось Ленка іх, дачка... Здаецца ж, не ў прыклад Мішу, і ціхая была, вучыцца старалася, а пасля васьмі класаў — у вучылішча будаўнікоў паступіла. Думалася, на свой хлеб пойдзе, кватэру дзяржаўную не зачакаецца, але... Падумаць толькі — на БАМ (ці блізкі свет!) завербавалася. Ну добра, калі б добра было, але пісьмо прысылае: цяжарная, замуж бяруць... Хто там бярэ — ані слова, а ліст — як з вады вылаўлены — увесь сшэрхлы, літаркі расплыліся — пэўна, вядро слёз над ім выліла, пакуль пісала. Адбілі тэлеграму: спешна прыязджай; у адказ чытаюць — «не хачу здраджваць сябрам і камсамолу». І хоць за бок яе грызні. БАМ, канешне, ёсць БАМ — чытаеш, чуеш: чыгунка там край патрэбна, і яе будаваць нехта мусіць, але ж дзе ёй, Ленцы, заставацца, калі ганьба несусветная; хай бы прыехала, ачулася трохі, а тады б і назад можна было вярнуцца.
...Жыццё не любіць слабых і не спачувае ім; пасядзелі, пагаравалі Грышка з Лісаветкаю, а тады, як першы прыступ горачы схлынуў, сталі думаць, калі і каму ехаць да Мішы. Сам Грышка далёкіх паездак не любіў. Лісаветку, як кажуць, хлебам не кармі, а пусці ў дарогу, і яна цяпер, ведаючы, які ў яе дамасед мужык, паводзілася так, быццам ужо наперад было ясна, што ехаць ёй; ды яна не зважала якраз на тую сваю пахібку, якая Грышку больш за ўсё не падабалася і якая магла, на яго розум, кінуць на Мішу цень, — гэта — жончына «пустата» ці, інакш, неразважлівасць. Можа, яе, гэтай «пустаты», і не столькі ў Лісаветкі было, як здавалася Грышку, і не так бы яна чапляла, абурала, калі б Лісаветка была проста жанчына — ці то малінаўская, ці то з бліжэйшае акругі, як жонкі ў большасці мужчын. Але ўся ў тым і штука, што Лісаветка была не з тутэйшых, Грышка прывёз яе ажно з Гомеля, які на той час лічыўся ледзь не краем свету. Так і казалі ў Малінаўцы бабы: Грышка ўзяў сабе жонку з-за свету.
Комментарии к книге «Грыбавар», Владислав Яковлевич Рубанов
Всего 0 комментариев