• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Захоп Беларусі марсіянамі»

548

Описание

Падзеі ў рамане «Захоп Беларусі марсіянамі» адбываюцца ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя і на пачатку XXI стагодзьдзя пераважна ў Полацку. Сярод галоўных герояў твора вядомыя гістарычныя асобы: паэты Алесь Дудар і Міхась Чарот, палітычны дзеяч, гісторык і пісьменьнік Вацлаў Ластоўскі. У 1925 годзе ў Полацак прыехаў Алесь Дудар, адзін са стваральнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». У старажытным горадзе над Дзьвіной ён павінен заснаваць філію сваёй пісьменьніцкай арганізацыі…

1 страница из 19
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Алесь Аркуш

ЗАХОП БЕЛАРУСІ МАРСІЯНАМІ

Захоп Беларусі марсіянамі

Частка першая

Зіма не сьпяшалася прыходзіць. Стаяла цёплае восеньскае надвор’е. Увогуле нічога не папярэджвала гэтаму дзіўнаму сну. Мінуў звыклы дзень са звыклымі жыцьцёвымі клопатамі. Надышоў вечар. Полацкі пісьменьнік Васіль Кроква з паўгадзінкі пагартаў стужку сяброў у сваім «Фэйсбуку», наведаў некалькі інфармацыйных сайтаў. Ніякіх адметных падзеяў за мінулы дзень не адбылося – ані ў Беларусі, ані ў сьвеце.

Кроква прысьніў Власта, прычым той быў у нейкім напаўразбураным памяшканьні. Будынак нагадваў корпус закінутага цэху. У сярэдзіне будынка ўся падлога была засыпана друзам. Праз прабоіну ў сьцяне Васіль пабачыў абрысы полацкай каменнай пажарнай вежы – значыць, гэта недзе ў раёне помніка Сімяону Полацкаму, падумаў ён. Але там няма ніякіх прамысловых аб’ектаў. Хіба што толькі гаражы мясцовай пажарнай часткі.

Кроква адразу пазнаў Власта. Ластоўскі быў дакладна такі, як на клясычным фотаздымку, – у сьціплым шэрым гарнітуры, з вузкай стужачкай гальштука. Мужчыны павіталіся, але толькі на словах. Власт руку не падаў, а Кроква не насьмеліўся гэта зрабіць. Пры гэтым абодва размаўлялі неяк тэлепатычна, іх вусны былі нерухомыя. Тады Крокве гэта не падалося незвычайным. Толькі нараніцу, асэнсоўваючы сон, ён згадаў гэтую дзіўную акалічнасць.

Власт паклікаў Крокву ісьці за ім. Яны мінулі цэнтар закінутага памяшканьня. Роўна ў сярэдзіне будынка ў столі была дзірка, праз якую на падлогу, амаль вертыкальна, падаў прамень. У зыркім сьвятле віравалі клубы пылу, як мільярды плянэтаў у невядомай галяктыцы. Кроква заўважыў, што побач з гэтым промнем абрысы постаці Власта захісталіся і згубілі выразнасьць. Але калі Власт пайшоў далей, гэтыя зрокавыя хістаньні зьніклі. Насупроць чарговай прабоіны ў сьцяне Ластоўскі спыніўся. У пэрспэктыве праспэкту Францыска Скарыны праглядаўся будынак полацкай мэрыі. Усё яго левае крыло пужала чорным колерам, відавочна гэта сталася ў выніку або пажару, або нейкага моцнага задымленьня. Над будынкам лунаў незразумелы сьцяг з вэртыкальнымі чорнымі палосамі.

– Полацак захапілі марсіяне, – сказаў Крокве Ластоўскі.

– Але ж я ўчора днём быў у гэтым будынку – ніякіх марсіянаў там ня бачыў, – зьдзіўлена пра мовіў Васіль, хутчэй для самога сябе, бо зараз абгарэлую мэрыю ён мог назіраць на ўласныя вочы.

– Больш таго, яны ўжо захапілі ўсю Беларусь, – дадаў Власт.

– І што цяпер рабіць? – разгублена спытаў Кроква.

– Трэба ратаваць Бацькаўшчыну. – Вусны Ластоўскага заставаліся нерухомымі, але Кроква выразна пачуў гэтыя словы.

– Як ратаваць?

– Напрыклад, напісаць кнігу з назвай «Захоп Беларусі марсіянамі», – адказаў Ластоўскі.

– І гэта ўсё?! – Вочы полацкага пісьменьніка акругліліся ў трывожным зьдзіўленьні.

– Гэта толькі пачатак, але мусіш ужо заўтра пачаць працу. – Голас Ластоўскага гучаў без якіх-кольвечы пачуцьцяў, як у ваеначальніка, які павінен рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем, няма чаго хвалявацца, і калі ня будзем губляць галавы, то пераможам.

Прачнуўшыся, Кроква сеў на ложак і хвілінаў дваццаць асэнсоўваў сон. У сьне ён не паабяцаў Власту, што напіша раман «Захоп Беларусі марсіянамі». Да таго ж назва гэтая яму абсалютна не падабалася. Якія яшчэ марсіяне?! Але нейкае трывожнае пачуцьцё вярэдзіла душу.

Дваццацігадовы Алесь Дудар прыехаў у Полацак цягніком з Віцебску. Лютаўскі дзень ужо хіліўся на вечар. На вакзале Алесь пачаў распытваць, як яму адшукаць рэдакцыю газэты «Полоцкий пахарь», але ягоную рафінаваную беларускую мову ня кожны мог тут зразумець. Можа з трэцяга запыту яму дапамагла чарнявая дзяўчына, якая патлумачыла, як прайсьці да будынка, у якім месьцілася рэдакцыя. Дудар меў накіраваньне на працу ў полацкую акруговую газэту.

Лютаўскі мароз хутка пачаў даймаць паэта. Ён пэрыядычна хаваў твар у каўнер свайго кажушка, які шмат пабачыў на сваім вяку. Поўсьць авечкі захоўвала пахі роднага бацькоўскага дому, і гэты ўспамін таксама саграваў хлопца. Дудар сьпяшаўся трапіць у рэдакцыю – часу яму бракавала. Паэт мог застацца проста пасярод вуліцы, калі нікога не засьпее.

Па дарозе Алесь думаў пра беларускі горад. У цягніку ён увесь час чуў беларускую мову, большасьць людзей у вагоне былі вяскоўцамі або жыхарамі невялікіх мястэчак. Яны абмяркоўвалі віды на ўраджай, кошты на полацкім кірмашы, нейкія свае турботы і клопаты. Але як толькі Алесь ступіў на вакзальны пэрон у Полацку, як мова нібыта адразу зьнікла. Горад сустрэў яго расейскай гаворкай. Так было і ў Віцебску, дзе ён месяц адпрацаваў у тамтэйшай газэце. Вось і ягоныя звароты да полацкіх чыгуначнікаў не былі зразуметыя. У такіх выпадках Дудар часам пераходзіў на расейскую мову, але гэтым разам заўпарціўся і пачаў шукаць іншага суразмоўцу. Заўжды яму рабілася прыкра і балюча. Чаму так? Гэтае пытаньне ён задаваў сабе сотні разоў. Мелася некалькі адказаў, але ўсе яны не задавальнялі Алеся. Ён зноў і зноў вярэдзіў сваю душу тым балючым пытаньнем, спрабуючы знайсьці ня толькі адказ, але і спосаб, як гэтую праблему разьвязаць. Для Дудара не было ніякага іншага варыянту будучыні роднай Беларусі, як толькі ў разьвіцьці і пашырэньні роднай мовы. «Беларусі перадусім не хапае нацыянальнай культуры», – казаў сабе Дудар. Таму, па вялікім рахунку, і была заснаваная Дударом і яго паплечнікамі літаратурная арганізацыя «Маладняк». Каб несьці культуру ў беларускія масы. А пад словам «культура» маладнякоўцы мелі на ўвазе і беларускую мову. Бацькі-заснавальнікі «Маладняка» марылі пра стварэньне філій літаратурнай арганізацыі ў кожным беларускім горадзе і нават у невялікіх мястэчках. Таму Дудар і прыбыў у Полацак як місіянэр беларускай культуры, няхай сабе і пралетарскай, але перадусім беларускай.

Будынак, дзе месьцілася рэдакцыя, Дудар знайшоў хутка – ён знаходзіўся амаль на цэнтральным пляцы горада. На шчасьце, паэт засьпеў рэдактара газэты на працоўным месцы. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, гадоў на дзесяць-пятнаццаць старэйшы за яго. На рэдактары красаваўся пакамечаны гарнітур мышынага колеру. Стомленыя вочы чыталі нейкія паперы, якія бязладна грувасьціліся на стале. Дзьверы ў кабінэт былі адчыненыя. Дудар лёгка грукнуў у іх і прывітаўся:

– Добры дзень!

– Здравствуйте, товарищ! Присаживайтесь. Через пять минут я освобожусь. Тут, знаете, срочно нужно вычитать материал – прислали из окружкома. И как всегда за несколько часов до сдачи номера.

Дудар сеў на адзін з венскіх крэслаў, якія стаялі ля сьцяны насупраць стала. Нейкай іншай мэблі ў пакоі не было. Складалася ўражаньне, што рэдактара сюды засялілі часова. Далі стол і крэсла. Працуй, таварыш. Прыйдзе час, гэтак сама хутка высялім, як і засялілі. Памятай пра гэта і не будуй далёкасяжных плянаў.

«Я б цябе прыбраў ужо сёньня ж, русацяп», – незадаволена падумаў Дудар.

– Ну вот и всё, – выгукнуў рэдактар, расьпісаўся на паперах, якія чытаў, і некага гучна па клікаў: – Володя, зайди-ка быстренько.

У суседнім па калідоры пакоі адчыніліся дзьверы і да рэдактара зайшоў хлопец прыкладна ад наго ўзросту з Дударом.

– Вот, готово, теперь можно нести в набор. Сгоняй, Володя, в типографию. Скажи, что я просил оперативно набрать, чтобы ещё сегодня вычитать.

Хлопец узяў паперы і выйшаў з рэдактарскага пакоя.

– Слушаю вас, товарищ. Вы что-то написали для нашей газеты? – нарэшце рэдактар зьвярнуў увагу на незнаёмца.

– Я да вас прысланы на працу, – адказаў Дудар, устаў з крэсла і падаў складзеную ў столку паперу, якую ўжо некалькі хвілін камечыў у руках.

Рэдактар узяў паперу, разгарнуў і пачаў яе вывучаць. Ён прачытаў усё да канца і нават надпіс на пячатцы агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Віцебскага акружкаму.

– Вот и отлично, – сказаў рэдактар, – нам как раз нужна помощь. Мы ждали вас. Нам звонили из Витебска. Сейчас я вам напишу бумагу, чтобы вас поселили в общежитие. Это тут рядом. Володя вас проведёт.

Рэдактар пачаў пісаць паперу з просьбай пасяліць новага працаўніка газэты.

Дудар устаў з крэсла і падышоў да вакна. На вуліцы ўжо шарэла. Сонца нясьпешна кацілася за званіцы вялікага сабору, які стаяў на другім баку пляцу.

Васіль Кроква быў фрылансэрам – пісаў для некалькіх газэтаў. Гэта дапамагала яму ўтрымліваць сям’ю. Занятак літаратурай у Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі амаль не прыносіў прыбытку. Гэта, хутчэй, было пакліканьне. Беларусь заўсёды трымалася на літаратуры і паўстала зь літаратуры. Прыкладна так лічыла большасьць беларускіх пісьменьнікаў. Васіль Кроква пісаў, бо ня мог не пісаць. У літаратуру ён прыйшоў як паэт у далёкія студэнцкія гады. Але калі ён сур’ёзна пасталеў, дык адчуў, што мусіць ствараць вялікія празаічныя творы, каб было прасторна ягоным думкам, якія шчодра раіліся ў ягонай галаве. Кроква ніколі не арыентаваўся на нейкія моды, запатрабаваньні выдаўцоў або на патрэбу замежнага чытача. Ягоныя раманы былі гермэтычныя і скіраваныя выключна на беларускую аўдыторыю. Замежнікам яны былі б зусім не зразумелыя. Таму Кроква цураўся модных літаратурных тусовак і хаваўся ад усяго сьвету ў ціхамірнай правінцыі. Пасьля сканчэньня ўнівэрсітэту ён адмыслова ўзяў разьмеркаваньне ў Полацак. Тут ён стварыў сям’ю, стаў журналістам і напісаў свае лепшыя літаратурныя творы.

Комментарии к книге «Захоп Беларусі марсіянамі», Алесь Аркуш

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!