Вінцэсь Мудроў
ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Аповесці і апавяданні
Забойца анёла
Аповесці і апавяданні
Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка…
Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў твар у выпетранае лісце, хапануў ноздрамі паветра, і ад гаркава-дурманлівага паху ў яго закружылася галава.
«Як добра пахнуць венікі ля лазні гарадcкой…» — нарадзіліся ў душы паэтычныя радкі. Макар спыніўся, задзёр галаву, шукаючы рыфму слову «венікі», але ў галаве круціліся толькі «варэнікі», і паэт, плюнуўшы пад ногі, борзда ўзбег па прыступках.
Звычайна на дзённыя сеансы народу ў лазню прыходзіла няшмат, сёння ж каля касы стаяла вялізная чарга.
Макар утрапёна агледзеў натоўп, маракуючы — ці варта займаць чаргу, бо квіткоў магло і не хапіць, — ды, павагаўшыся, голасна запытаў:
— Хто апошні?
Апошнім стаяў недаростак з чырвонай, усё адно як варам апаранай галавой, на макаўцы якой злавесна стаўбурыліся рэдкія валасы.
Не паспеў Макар прыліпнуць да хваста чаргі, як за спінай ягонай прымасцілася яшчэ некалькі чалавек.
— Адкуль столькі людзей? — сіпата дыхнулі яму ў патыліцу. Ззаду стаяў кучаравы мацак у камуфляжным бушлаце і ў аграмадных вайсковых чаравіках.
— Квіты ад ранку не прадавалі, — азвалася на тое вірлавокая цыба, што стаяла паперадзе недаростка. — Вунь, бачыце, — цыба кіўнула ў бок разнасцежанага цеплавузла, — штосьці ў іх там зламалася. Кагадзе адрамантавалі.
З цёмнай проймы цеплавузла выпаўзаў, прычым задам наперад, здаравіла-слесар.
Пабачыўшы важкі мужчынскі азадак, цыба знянацку замітусілася, выбегла з натоўпу і, запусціўшы руку між грудзей, выцягнула зумклівы «мабільнік».
— Клава, я ў лазні… — засакатала кабета, ціснучы да вуха слухаўку і пазіраючы на слесара, які збіраў інструмент. — Мінулым разам пасля парыльні цэлы кілаграм скінула, цяпер вось думаю яшчэ пару кіло скінуць.
— Куды табе скідваць… і так худая, як вобла, — пачуўся за спінай знаёмы голас.
— Ды гэта проста вада выходзіць потам, а тлушч застаецца, — прамовіў Макар, і недаростак, азірнуўшыся, працяў яго дапытліва-суровым позіркам.
— Ты што, бандэра?
Макар напачатку не зразумеў пытання. Стаяў зніякавелы, і толькі потым уцяміў, што меў неасцярожнасць выдаць фразу па-беларуску. Яшчэ ніколі яго, беларускага паэта, аўтара трох паэтычных зборнікаў, так не абражалі. Паэту — у кароткае імгненне — стала холадна, потым горача, а пальцы правай рукі міжволі сціснуліся ў кулак.
— Лёха, чаму так далёка ад касы? — крыкнулі ад уваходных дзвярэй, і да недаростка валюхастай хадой падышоў зладзеяватага выгляду бамбіза. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з нахабнай тыднёвай шчэццю і з арыгінальнай лысінай: яна ў яго пукацілася што тая балканская феска, прычым у атачэнні густых чорна-гудронных валасоў.
— Куды плішчыцеся? Чаргу займайце, — незадаволена бухнуў за Макаравай спінай усё той жа сіпаты голас, і недаростак з інтанацыяй пераможцы працадзіў: — Яшчэ адзін бандэра.
На міг усе сціхлі. Макар адчуў, як людзі ў натоўпе разам згорбіліся, наструніліся, прыціснуліся адно да аднаго. У гнятлівай цішыні злавесна шэрхнулі падэшвы вайсковых чаравікаў. Кучаравы мацак наблізіўся да недаростка, схапіў таго за каршэнь.
— Яшчэ адно слова, абгрыздыш, і заляціш вунь туды, — мацак тузануў падбароддзем, паказваючы на цеплавузел.
Макар адсунуўся ўбок і спалохана назіраў, як лысы бамбіза, ляснуўшы кулаком правай рукі аб далонь левай, разважліва прамармытаў:
— Ну што, хахляра, цябе зараз замачыць ці пасля таго, як памыешся? — пудовы кулак быў пазначаны наколкай крыжа і зламанай ружы.
Натоўп загаманіў на ўсе галасы. Цыба, паправіўшы збіты набакір капялюш, з гатовай радасцю ўсклікнула: «Мужчыны… знайшлі месца, дзе біцца!» — а перапэцканы ржою слесар, махнуўшы дзеля саліднасці развадным ключом, загадна выдыхнуў: «Усё, мальцы… разышліся».
Мальцы разышліся, паабяцаўшы сустрэцца пасля лазні.
Макар паглядзеў на ўваходныя дзверы.
«А можа, пайсці дахаты? А то ўліпну ў якую гісторыю… Пляшак, падобна, з зоны адкінуўся. Пырне фінкай — і не скрывеліцца», — апанаваны такімі думкамі, Макар уздыхнуў, але потым згадаў, што мыўся месяц назад, а тут яшчэ новы венік набыў… што ж яго цяпер — сухім дахаты несці? Прыціснуўшы венік локцем, паэт палез у кішэнь па грошы. Чарга рухалася надзіва хутка, і ён ужо быў недалёка ад касы.
Квіткоў прадалі больш, чым трэба, і шафак усім не хапіла. Макар вырашыў трымацца бліжэй да кучаравага хлопца, таму і прапанаваў павесіць вопратку ў адну шафку. Пляшак з недаросткам распраналіся непадалёку.
— Лёха, як толькі хто рыпнецца — кліч мяне. Ты ж мяне ведаеш — я б’ю два разы: адзін раз па кумпалу, другі — па веку дамавіны, — грымеў знявечаны шумам дожджыку і раскацістым рэхам плешаковы голас. — Аднойчы, яшчэ да зоны, пайшоў у лазню, і там адзін, такі ж вось фраер, пачаў залупацца. Дык я яго на распаленыя камні пасадзіў. Так і спёк яйцы. А з бандэраю ў мяне ўвогуле размова кароткая…
Слухаючы такое, Макар нават упрэў, а зыркнуўшы на плешака, зусім заняпаў духам. Торс былога зэка быў скрозь у наколках, а ад шыі і да самай пахвіны сінеў завілы пісяг.
— А ты што, з Ільвова? — запытаўся тым часам кучаравы хлопец, сцягваючы з нагі нехлямяжы чаравік.
— Ды я там ніколі не быў, — пралепятаў Макар. Хацеў яшчэ сказаць, што ён беларускі паэт, але змаўчаў, бо невядома было, як на тое зрэагуе суразмоўнік.
Балей таксама ўсім не хапіла, але лазеншчык, кульгавы дзядзька ў белым халаце, голасна паведаміў, што неўзабаве прынясуць спісаныя медніцы са склада.
Кучаравы хлопец стаў пад дожджык, а Макар вырашыў перш-наперш наведаць сухую парыльню, а потым нырцануць у басейн.
Ён адчыніў дзверы саўны, удыхнуў гарачага паветра і тут жа ўгледзеў плешака, які з крэканнем залазіў на паліцу. Макар згадаў вусцішны аповед пра печаныя яйцы, пастаяў хвілю ў нерашучасці і пад незадаволены вокліч: «Зачыняй, дух выходзіць!» — грукнуў дзвярыма, так і не наведаўшы парыльню.
Абяцаныя медніцы дагэтуль не прынеслі, і тыя, каму не хапіла балей, з зайздрасцю паглядалі на недаростка, які, не раўнуючы герой Зошчанкі, прысабечыў аж тры балеі — у адной адмочваў ступакі, у другой мыўся, а на трэцюю, перакуліўшы дагары дном, паклаў мыла і вяхотку. Невядома, колькі б доўжылася такое мыццё, каб да Лёхі не падышоў Макараў «кампаньён». Макар быў далёка і не чуў іхнай размовы, але недаростак, відаць, сказаў штосьці крыўднае, бо кучаравы хлопец на міг сумеўся, а потым, узняўшы балею з вадой, абрынуў на Лёхаву галаву, ды так, што праламаў пластмасавае днішча. Недаростак войкнуў, паспрабаваў устаць, але тут жа плюхнуўся ўпоперак лавы, наставіўшы ўгору куртаты, з невядомай прычыны ўзбуджаны чэлес.
Акурат той хвіляй лазеншчык прынёс стос бляшаных медніц. Макар падхапіў самую верхнюю, сеў на крайнюю лаўку і здаля стаў пазіраць на Лёху, якога палівалі вадой і рабілі штучнае дыханне. Пазіраў з трывогаю, чакаючы таго моманту калі Лёхаў карыфан выкуліцца з парыльні. Той, аднак, не выкульваўся, і Макар, набраўшы вады ў медніцу, намыліў галаву.
— У нас у аддзеле таксама ўчора завяліся. Адны за Пуціна, другія за ўкраінцаў, — гугнявіў хтосьці праваруч, завіхаючыся з вяхоткай.
— Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца, — азваліся леваруч.
— Пасля Сталіна не тое што Гітлеру — самому чорту душу закладзеш, — рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: — Б’юцца!
Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.
Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.
— Ратуйце! Патопіць чалавека! — гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.
Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі — пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.
Фае, на шчасце, было пустое, каса зачыненая, і Макар непрыкметным ценем праслізнуў у цеплавузел. Тут, у цёмным катуху, не хапала паветра, і ён адчуў лёгкую млосць. Сэрца парывіста білася, трапятала ля горла, замарачным шумам адбівалася ў барабанных перапонках. У фае штосьці бразнула, пакацілася па падлозе, і замарачны шум увушшу пакрыў пранізлівы жаночы віскат. Лысы, няйначай, памкнуўся шукаць «бандэру» ў жаночым аддзяленні. Макар з адчаем падумаў, што вось зараз дзверы адчыняцца, лысы бандос выцягне яго, голага і мокрага, са спрату і пачне душыць сваімі страшнымі лапамі, але за дзвярыма запанавала ціша, якую праз нейкі час парушыла бразганне дзвярэй і тупаценне.
Цэментавая падлога была халоднай, таму паэт увесь час пераступаў, як той смаргонскі мядзведзь, з нагі на нагу, адчуўшы раптам, што яму не проста млосна ў гэтым цёмным катуху, але і млосна жыць на белым свеце. І невясёлыя думкі віравалі ў галаве.
Комментарии к книге «Забойца анёла», Винцес Леонидович Мудров
Всего 0 комментариев