На вуліцы Карла Маркса з Паэтам (fb2)
- На вуліцы Карла Маркса з Паэтам 156K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Николай Семёнович Купреев
Мікола Купрэеў
НА ВУЛІЦЫ КАРЛА МАРКСА 3 ПАЭТAM
Аповесць
Ён быў яшчэ зусім маленькі, гэты сабачка - кругленькі, лабасценькі, пад колер попелу, з белай плямкай над правым вокам і з белым кончыкам кароткага хвосціка. Сустрэліся мы ля дзвярэй гасцініцы. Я выйшаў на ганак з сумкай у руцэ (а там - ручнік, мыла, газеты ) - сабраўся гэтай раніцай, як і ўчора, на рэчку, з берага памыцца, пасядзець там на камені-валуне, пачытаць дый проста паглядзець на ваду, дыхнуць паветрам, яно там настоенае на аеры, расцы і мяце.
Ён сядзеў у куточку ля бетоннага вушака і насцярожана глядзеў мне ў вочы сваімі цёмнымі вачынкамі. Але, мусіць, сабачым розумам уцяміў, што я ў гэтым доме не гаспадар, а, як і ён, прыблуда, - таму вільнуў хвосцікам, прыўзняў пыску і ціха віскнуў: маўляў, можа, не ўдарыш, не прагоніш. Я сеў на прыступку, працягнуў руку ў яго бок - хацеў пагладзіць, а ён, дурненькі, убіўся задком у куток, падняў лапку і махнуў ёю на руку, як на муху-назолу, і вуркатнуў. Я пасміхнуўся, маўляў, не бойся, не ўдару, не праганю. Ён гэта зразумеў, таму выцягнуў шыйку і, не спускаючы з мяне вока, лізнуў у палец цёплым ружовым язычком. I калі я раптам на хвіліну задумаўся, сабачка зноў вуркатнуў: ну, чаго ж ты, чалавек, душу маю сабачую развярэдзіў і - усяго толькі? Не мог жа я яму давесці, пра што я задумаўся. А задумаўся я таму, што ўспомніў іншы цёплы і ружовы язычок - маленькага цяляці ў даўнім-даўнім і такім далёкім хляве на дзедавым падворку, такога маленькага, што яно яшчэ і ног сваіх адужаць не магло, каб паставіць і толькі прутка шоргала імі па саломе, пад каровай.
Я сышоў з ганка, азірнуўся: сабачка, пераваліўшыся з прыступкі на прыступку, торкнуўся пыскай мне ў калашыну.
Шчаня, падумаў я, не паспела яшчэ здаволіцца ласкай маткі-сучкі, таму й горнецца да ўсяго жывога.
Калі я зрабіў крок, асцярожна, каб не наступіць яму на лапку, сабачка завішчаў так прарэзліва, што ажно варона ў паветры махнулася ўбок і ўверх, і я пачуў, як ён халодным носікам тыцнуўся мне ў скуру пад калашыной. Я стаяў нерухома. Ён апусціў мордачку, прыціснуў да цэментаванай дарожкі і знізу ўдумна глядзеў мне ў вочы. I тады я сказаў яму:
- Хто ж цябе, малое, падкінуў сюды? Ты ж сам не мог пакінуць сваю будку і свой двор. I матка твая цябе не праганяла. Нехта ж узяў цябе з будкі, запіхнуў у торбу, павесіў торбу на рулю ровара і вывез у людзі як лішняга ў тым двары. Так было, га? Та-ак, малое. Ну, што ж, пайшлі разам.
Рэчка была блізка, адразу за гасцініцай, і вуліца Маркса выходзіла проста на яе. Адно што вуліца не да самага берага, не да самага моста была заасфальтаваная, далей ішла гравійка. Мост і гасцініца былі новыя, мост жалезабетонны, а гасцініца - мураваная і пабеленая, і дзверы яе, калі зачыняліся, грукалі так, што чутно было, мусіць, і на тым, дальнім, канцы вуліцы, што ўпіралася ў глухую і высокую сцяну Дома Саветаў. Вось і цяпер гасцінічныя дзверы грукнулі, і рэха таго стуку-груку адбілася ад сцяны Дома Саветаў, пранеслася ўгары нада мной і сабачкам у "наш” канец вуліцы Маркса, патанула ў тарфяніках за рэчкай. Але ж і там, на ганку Дома Саветаў, дзверы таксама грукнулі, ды так грукнулі, што рэха адтуль панеслася кудысьці над горадам - высока за аблокі.
Шчаня ззаду вуркатнула нясмела, потым пагрозліва. Я азірнуўся, сабачка крыху адстаў ад мяне і прыпаў мордачкай да асфальту і ўвесь напружыўся. Значыць, там у яго нешта сур'ёзнае. Я вярнуўся да яго і ўбачыў - з травы, ад краю дарогі, напялася на ножках, гатовая вось-вось скокнуць, лупатая, тоўстая жаба. Яны ўпарта глядзелі адно аднаму ў вочы, сабачка і жаба. Ён яшчэ раз вуркатнуў, яна надзьмула шчокі, і я схіліўся над імі. Жаба разявіла рот, сабачка адпіхнуўся пярэднімі лапамі назад і з надзеяй глянуў на мяне знізу, але я зноў выпрастаўся. Шчаня ўбачыла маю ненадзейнасць і папаўзло задам на асфальт, жаба яшчэ больш надзьмула шчокі, павярнулася і скокнула ў траву. Я павабіў сабачку ісці далей, але той не зварухнуўся з месца - пакрыўдзіўся. На мост уз'ехала і набліжалася да нас легкавушка. Я схапіў яго за шкірку, увапхнуў у сумку, там ён сціх - мабыць, адчуў, што, нарэшце, у бяспецы, што ніхто ўжо яму там, у сумцы, не пагражае, ні жаба, ні машына, ні чалавек.
Я прайшоў па мосце, з'ехаў нагамі па сыпучым пяску з абочыны дарогі на ўтравелы бераг рэчкі, спыніўся ля высокага каменя-валуна. Тут ля берага цвёрдае дно - можна стаць і абліць сябе вадой з далоняў. Асцярожна, каб яшчэ чым не пакрыўдзіць, каб неўдарыўся балюча, я перакуліў сумку - шчаня ўпала на спіну, заплюшчыла вочы, бо ў іх біла сонца; я паказытаў яму жывот, шчанюку стала добра і ад сонца, і казытання, і ён задраў угору ўсе чатыры лапы. Я распрануўся, узяў яго на рукі, сышоў у рэчку, акунуў яго з галавой у ваду, ён затрымцеў ад такой нечаканасці і, мабыць, ад першага ў сваім шчанячым жыцці знаёмства з вялікай вадой, захлынуўся, чмыхнуў, падумаў і яшчэ чмыхнуў.
- Не, - сказаў я сабачку, - гэта не ўсё.
Узяў з берага мыла і добра-такі памыў немаўля. Але яно аказалася не такім ужо й бездапаможным: калі мыла зайшло яму ў вочы, сабачка так гаўкнуў на мяне, намерыўшыся нават укусіць за палец. Я спаласнуў яму вочы, і ён супакоіўся, лізнуў мне руку. Ага, а я ж дасюль не ведаю, хто ты: сабачка ці сучачка? Паглядзеў: ён. "Добра, хлопец, лезь на бераг". Я дапамог яму, даланёю пад хвост, ускараскацца з-пад навіслага над вадою беражка наверх, на траву. Ён шырока расставіў лапы, атросся ад вады, потым сеў і ўсё глядзеў, што я раблю: як мыюся, як плыву, як вынырваю. А калі я на беразе стаў махаць рукамі й нагамі, каб сагрэцца (а вада ж цякучая летняй раніцой золкая), сабачка здзіўлена завішчаў і мячыкам пайшоў скакаць вакол мяне. Босымі нагамі я чуў, што трава яшчэ росная, халодная; апрануўся, абуўся, сеў на камені, дастаў з сумкі газету “Літаратура і мастацтва”, разгарнуў яе там, дзе ажно на дзве старонкі стаяў загаловак з вялізных літараў. Сабачка забаўляўся - схаваўся пад газету і знізу драпаў яе кіпцюрамі.
- Гэй, ты! Но-но!
Сам сабе схамянуўся: "ты" - а як жа будзем зваць цябе? I надумаўся, паклаў газету на траву - на якое слова ў тым загалоўку шчаня наступіць, тое слова й стане яго клічкай. А яно не толькі наступіла, а і ўдарыла лапай па слове “паэт”.
- 3 гэтага рання, - сказаў я юнаму сабаку, - ты - Паэт. I зараз адзначым твае імяніны.
Я дастаў з сумкі бутэльку піва, адкаркаваў яе, глынуў, даў панюхаць Паэту, ён панюхаў, піва было свежае, яшчэ з газам, і - чмыхнуў. Потым ён падняў нагу, і раўчучок пацёк па газеце, лужынкай сабраўся на слове-клічцы.
- Ну,што ж ты, Паэт, самога сябе абсікаў? Ды яшчэ ў такой шаноўнай газеце? Іншым разам падсцялю табе "Политический собеседник" з артыкулам Кобелева. Ну, усё?
Паэт сеў ля маёй нагі, неяк увесь абвяў, апусціў вушы.
- Што зажурыўся? Канешне ж, пара ўжо нам і з’есці чаго. - Я дастаў з сумкі пакецік, а з яго - скібачку хлеба і кавалачак кілбасы - тое, што засталося яшчэ звечара - Падзелімся, малое. На.
Паэт накінуўся на кілбаску. Мусіць, даўнавата ўжо нічога не еў.
Ён, аблізваючыся, ляжаў на траве, махаў лапай на чмяля, які назаляў яму, а я сядзеў на камені, курыў і глядзеў на рэчку. Над вадой стаяў рэдкі туманок, па берагах, над травой ён даўно ўжо пад сонцам высах - тут яму не было дзе схавацца, за што зачапіцца. А калісьці ля рэчкі зелянеў густы алешнік, а за алешнікам чарнела купінамі балотца, на якім пасвіліся каровы з вуліцы Маркса. Цяпер, вакол гэтага каменя, стаяў мой сорак пяты чэрвень, і як я ні хацеў прагнаць адзін успамін - бо сорамна ж помніць такое ў мае гады, - ён, гэты ўспамін, прымусіў мяне ўсміхнуцца, нават слязу выціснуць з вока: мы, падлеткі, шастаем у алешніку і выглядваем з-за кустоў на дзяўчатак-аднакласніц, а найбольш - на дзяўчат-дзесяцікласніц, што ў трусіках і ліфчыках, з вяселым крыкам, скачуць з берага ў раку і сцішана, паважна, як жанчыны, выходзяць з ракі...
Паэт, прыгрэты сонцам, палажыў мордачку на лапы, заснуў, але ненадоўга, мусіць, і ў сне баяўся, што й гэты чалавек яго пакіне. Я ўзяў шчаня на калені і стаў (старэю, малое, старэю) гаварыць з ім, як з самім сабою:
- Шэсць гадзін... Вада цёплая, ранне свежае. Нам з табой у райком партыі на семнаццаць гадзін. Я цябе пакіну на гадзінку ля ганка, а сам пайду на прыём да сакратара па ідэалогіі. Ты, сабака, не ведаеш, што такое ідэалогія. Ну, гэта рэч сур'ёзная. Напрыклад, ты гаўкнеш ля райкома, дык мне з-за цябе можа дужа ўляцець. Што ты, скажуць, таварыш Кухараў, ля райкома гаўкаеш? Нельга. Вось ты - Паэт з вялікай літары. Быў і я некалі паэтам - з маленькай літары. Пісаў вершы. Нават кніжачку выдаў. Потым перастаў пісаць - пры Леанідзе Ільічу. Мог бы пісаць - толькі ў стол. Але ў стол пісалі адно расійскія ды ўкраінскія пісьменнікі. Там, у Расіі і на Украіне, і дысідэнты былі. Праўда, цяпер, у восемдзесят другім годзе, іх там ужо няма.
Комментарии к книге «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», Николай Семёнович Купреев
Всего 0 комментариев