Як я “рабіў" шпіёнам у Нью-Ёрку (fb2)
- Як я “рабіў" шпіёнам у Нью-Ёрку 249K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Виктор Афанасьевич Козько
Віктар КАЗЬКО
ЯК Я "РАБІЎ" ШПІЁНАМ У НЬЮ-ЁРКУ
Аповесць
Азіраючыся на сябе колішняга, мушу сцвердзіць: у нашым жыцці не бывае нічога выпадковага, нечакана стыхійнага. Усё загадзя ў ім прадпісана і наканавана. Кожнае нашае жаданне, мара, думка і слова не застаюцца на гэтым свеце не пачутымі. І калі ёсць энергія волі, мыслення, бласлаўленне ці жаданне лёсу - здзяйсняюцца, бо нашае напаўненне, змест і сэнс жыцця залежаць не толькі ад нас. Часовасць і хуткаплыннасць нашага зямнога быцця некаму ўсё ж недзе на ўцеху, на дзіва, хаця часам нам і на здзек, выпрабаванне нашых магчымасцяў і здольнасцяў, вольнага плавания нашага розуму ў сусвеце. Не толькі адно: бычку - на лычку, а кароўцы - на вяроўцы. Нехта нас час ад часу адвязвае і цікуе за намі, што з гэтага непрывязнага ўтрымання будзе, ці мае яно сэнс, мяжу.
Часцей за ўсё вольныя мы ў дзяцінстве. Я гэта добра зведаў, таму што на шчасце ці на бяду застаюся ў ім і сёння. Ссівеў, а да сталасці не прыбіўся, не вызначыўся, не прыбіўся да аднаго берагу. Хоць, як гавораць, раз на раз не прыходзіцца. У кожнага і ў кожны час сваё. Надараецца шчымліва і гожа, светла, а часам пакутліва, да дрыжыкаў змрочна і гідка. Але нічога не зробіш, так ужо нам наканавана, насіць сябе ў сабе. І я насіў і нашу, як хвоя шурпатыя шышкі, як вожык колкія іголкі. Да скону. Нашу дзіцяча-абмежаваную вольнасць і сталую магчымасць немагчымасці вяртання да маладых мрояў і парыванняў.
Але ж пакручастая рэчаіснасць іншым разам падкідвае нам з колішняга дзіцячага такое, што ні чорту камень, ні Богу свечка... Вяртае нас да даўным-даўно пройдзенага і нязбытна забытага. Так яна згуляла ў зваротнасць і са мной. Ніколькі не наракаю, у асалоду мне згуляла. Бо адбылося гэта пры сонцы, зеляніне травы і дрэў, павеўным дыханні марской і акіянскай вады. 3 адчуваннем годнасці і ўзнёсласці.
А пачатак гэтай гульні хаваўся ў неасэнсаванасці далёкага, як сама тагасветнасць, маленства. Калі я свядома і падсвядома, мужна і смела хацеў стаць ні больш, ні менш як шпіёнам. Вядома, савецкім шпіёнам. А таму зусім не шпіёнам - разведчыкам. Савецкі чалавек тае пары не мог быць шпіёнам. Яны былі толькі замежнымі. А ў нас - разведчыкі. Адукаваны быў хлопчык, хаця мо ўжо і адпеты, бо з вуліцы Трэцяя Падольская, сірочай і крыху бандыцкай ускраіны чыгуначнага вузла Каленкавічы. Фільмы «Подзвіг разведчыка», «Падзенне Берліна» тры разы падпольна глядзеў. Падпольна таму, што на білет не меў грошай, але ведаў дзірку пад падлогай у клуб. Узрост дазваляў пралезці амаль да самай сцэны і экрана. Трэба адзначыць, што дзіркі ўвогуле былі адзіным нашым уваходам, пралазам у жыццё. Толькі каб галава не захрасла, а тулава, жывата і дупы ў нас амаль не было. Вось так, бесцялесна, мы і тварылі сябе.
Таму пра сябе, як колішняга, так і сённяшняга, магу мовіць толькі адно словамі італьянскага кінарэжысёра, творцы свайго кіно і лёсу Феліні: «Я ніколі нічога не рабіў дзеля таго, каб усё адбылося так, як адбылося. Я проста ехаў на цягніку ад адной станцыі да другой, а вакзалы ўжо стаялі». Трывала стаяў і мой вакзал ў той дзень на Мэдысан-авеню ў Нью-Ёрку. Чакаў майго выхаду з цягніка, каб вярнуць мяне зноў у маленства. Спраўдзіць маё жаданне стаць шпіёнам. Адкрылася гэта мне непадалёку ад нашай беларускай місіі ААН, на рагу вуліцы імя Бонэр. Я тады так і не ўцяміў, чаму наш куратар, падпалкоўнік КДБ, прывёў мяне менавіта да гэтай вуліцы, бо ад яе мы скіравалі ў супрацьлеглы бок. Зразумеў значна пазней. А тады, пільнуючы вачыма то мяне, то шыльду з назвай вуліцы, куратар патлумачыў:
- Калі не супраць, будзеш ісці следам за мной. Толькі наводдаль. Ні ў якім разе не набліжацца і не азывацца. Моўчкі. Назірай за спадарожнымі і сустрэчнымі. Калі хтосьці мільгне раз-другі, падай мне знак. Не супраць?
Вядома, я не мог быць супраць. Скеміў: мы абодва будзем шпіёнамі, разведчыкамі ў Нью-Ёрку. Куратар, Радзіма мне давяраюць, што ўсцешвала, бо дасюль я такога даверу не адчуваў. Хутчэй наадварот. Жмурыла, мружыла на мяне вока мая радзіма з самага майго пачатку, калі я толькі- толькі ўведаў, што дзіркі ёсць не толькі ў клуб на кіно, але і туды, дзе нешта патрэбнае мне ляжыць. А ад мяне схаванае.
Ці не з тае пары я адчуў на сабе дзяржаўнае вока і свае вочы прамыў.
Хаця мо толькі адно. Усё ж мы жылі тады аднавока, як зайцы касенькімі былі, адным вокам у неба, да сонца і зорак, а другім - патуплена толькі сабе пад ногі, у зямлю, а абодвума, як соўкі, наўкруг сябе, каб у лоб не атрымаць.
Вось такім патупленым вокам я нешта і прыгледзеў у сябе пад нагамі. І спатыкнуўся. Спатыкнуўся на самым пачатку свайго шляху: ці то сеў не ў свой цягнік, ці то выйшаў не на сваёй станцыі. Хаця зранку ў той дзень усё ішло спадарожна наканаванаму мне.
Бацька абкошваў загадзя прыгледжаную далінку з сітнікам. Наедку з таго сітніку карове ніякага. Высахне, і больш пацярухі. У сярэдзіне ў ім нешта падобнае да ваты, пыл як ад дзьмухаўцоў. Але ж нам было не да перабораў. Добрую траву пільнавала дзяржава ў асобах леснікоў і аб’ездчыкаў - шэршняў, як іх тады звалі з-за іх пуг пастухі і падпаскі з падворкаў, што трымалі кароў і самі іх пасвілі. Леснікі і аб’ездчыкі - дзяржаўнае вока зямлі, джалілі да жуды, калі прыхоплівалі на калгасных ці лясных выганах. А сена для каровы даставалася толькі на дзясятую капу: дзевяць калгасу, дзясятая - табе. Вось так: руб, коп і нешта ў лоб.
Я з граблямі чакаў, калі бацька справіцца з касьбой, каб згрэбці траву, кінуць на вазок і гайда драла лататы - трава, хоць не нечая, боская, ды паўсюдна недатыкальна-дзяржаўная. Бралася на поўдзень, прыпякала, смажыла ўжо сонца. І таму я ўзяўся здабываць ваду. У невялічкай, парослай тым жа сітнікам высахлай сажалцы пачаў капаць нешта накшталт калодзежа. Мянташкай, а дзе і рукамі раскалупаў удзірванелае дно копанкі. І вада праступіла. Крыху жаўтлявая, як і заўсёды пры балотным торфе. Жалудовага колеру і смаку жалудовага. Вымачаных у ёй непрарослых яшчэ пажоўклых жалудоў.
Той смак прыбалотнай вады быў надта ж мне даспадобы пад чэрвеньскую ці ліпеньскую касавіцу. Я не піў яе, а слухаў. Слухаў горлам і жыватом задумлівы і скрушны голас часу, вякоў. Траваў, што торфам леглі тут, спрахлых даўно тых жа самых жалудоў, што так і не сталі дубровай. Усё гэта даносілі да мяне колер і саладжавасць, стоеныя ў застыгласці былой багны, некранутага колішняга жыцця. Асабліва, калі смактаць, піць, каўтаць яго без хапатлівасці і з берасцянога карца, ды яшчэ з прыцмокам.
Яміна была ўжо даволі глыбокай, можна было і спыніцца, даць адстояцца вадзе. Але тут я натыкнуўся на нешта няўкопнае, цвёрдае і зламаў бацькаву дубовую мянташку. Адчай прымусіў мяне дабрацца да гэтага зломна-няўкопнага голымі рукамі. Дабраўся, хаця добра намучыўся, вымазаўся, але і з пазногцяў гразь вымыў. Гэта было нешта каменнае, хаця і зусім не валуновае. Больш лёгкае і парэпанае, як бы паточана-вапнянае і трохі шкляна-апечанае. Нават знешне не наскае.
Жыццё яго, паходжанне было ў ім не наскае. Яно патыхала на мяне чужымі, не балотнымі тугой і задумённасцю, адначасова сонечным святлом і змрокам, спрасаванай і сцятай у выкапнёва-каменны кулак перанаселенасцю. Чужыя жыцці, тысячагоддзі дыхалі з таго кулака пахмурна-сонечнай зацятасцю і спакоем, неспазнанасцю выдаленай з мяне мо і прымусова, і хутчэй прымусова, сваёй і чужой мінуўшчыны. Сачылі за мной зморшчана-прымружанымі вачыма ракавак, таксама не наскіх, пакручаста большымі, відавочна большымі за разбіты ружова-блакітны сподачак, з якога хлебча малако наш коцік.
А яшчэ там мелася нешта жаўтлявае, пад скамянелы палец ці не волата, нечакана некім зламаны і згублены, завостраны, як у пясчанай верацёнкі на пасляваенным акопным жвіры, з аднаго боку і з дзірачкай, што ў дудачкі ці глінянага пеўніка ў с...ачцы, з другога. Дарэчы, такія пальцы я знаходзіў і раней у глыбіні гліны ці пяску, капаючы ямы пад капцы для бульбы. Яны, пальцы гэтыя, аказаліся лекавымі. Імі, надзёртымі рашпілем ці на драчцы, гаілі болькі кароў, іх патрэсканае вымя з-за адсутнасці стрэптацыду. Дапамагала, зацягвала рэпіны, што на сабаку, і не толькі ў каровы, але і ў мяне. І зваўся той палец у нашай хаце чортавым.
А ўвесь цалкам капанец-камень з усіх бакоў нагадваў абрус, вытканы на кроснах вякоў невядомымі мне і ўвогуле ў нашым краі ўзорамі ні на рушніках, ні на посцілках - знакавыя малюнкі чужой вечнасці і з зажыва замураваных на вечнасць у мёртвы камень істот, каб праз вякі і вякі зазірнуць у іх вочы агаломшанаму хлопчыку-паляшуку сярод спякотнага лета падчас касавіцы ў Пятроў дзень.
Той дзень прыхаднем далёкіх светаў уварваўся ў мае жыццё, назаўжды перавярнуў яго. Знойдзены мной у копанцы сярод не надта спажыўнага карове сітніку маўклівы камень стаў каменем спатыкнення мне на ўсё далейшае жыццё. Вось і адмаўляй наканаванасці лёсу, калі ты на кожным кроку спатыкаешся аб яго. Едзеш, едзеш на цягніку жыцця, а вакзал твой ужо стаіць. Расстаўлены чалавеку і чалавецтву паўсюдна нябачныя вакзалы, дзе ляжаць камяні спатыкнення.
Комментарии к книге «Як я “рабіў" шпіёнам у Нью-Ёрку», Виктор Афанасьевич Козько
Всего 0 комментариев