Лаза (fb2)
- Лаза 1247K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Зинаида Дудзюк
Зінаіда ДУДЗЮК
ЛАЗА
Раман
Хто не помніць свайго
мінулага, асуджаны на тое,
каб перажыць яго зноў.
Джордж Сантаяна
ЗАМЕСТ ПРАЛОГА
У час адной са шматлікіх журналісцкіх камандзіровак давялося мне заначаваць на лясным хутары ў негаваркой стараватай жанчыны. Яна была родзічкаю чалавека, пра якога я рыхтавала артыкул. У пасляваенны час ён перажыў рэпрэсіі, а пасля смерці быў рэабілітаваны. Хацела я распытаць у яе пра вайну і першыя пасляваенныя гады, а гаспадыня ці адмоўчвалася, ці казала, што нічога не ведае. Хударлявая, зацятая ў сабе, яна была ўвасабленнем тых сялянак, якія ніколі не пляткараць, а жывуць самадастаткова ўласнымі клопатамі, нікога не пускаючы ў свой самотны свет. Каб адчапіцца ад маіх назойлівых пытанняў, яна завяла мяне на суседні хутар да равесніка героя майго будучага нарыса, якому на той час было гадоў восемдзясят, але трымаўся ён бадзёра і трохі расказаў мне пра жыццё заходнебеларускай моладзі ў перыяд польскай каланізацыі да 1939 года.
Гаспадыня падаіла карову, пачаставала мяне сырадоем, паслала мне на канапе, сама ўладкавалася на ложку. Я імгненна заснула, мусіць, стаміла мяне дарога ў траскім прыгарадным аўтобусе ці мо супакоіла свежае лясное паветра. Абудзілася я ад яе голасу. Прыслухалася. Яна расказвала пра сваё жыццё, што муж яе пакінуў, дзяцей не займела, гаруе век адна. Мужчынская і жаночая праца – усё на яе плечы. Апавядала падрабязна, а я пад яе ціхі аповед засынала і зноў прачыналася, толькі адгукалася, каб не пакрыўдзіць, на яе словы якім-небудзь "ага" ці "ўгу", маўляў, слухаю, але пасля нічога з таго аповеду не магла ўспомніць, усё дашчэнту сцерлася з памяці. Так забываюцца сны. Не ведаю, чаму гэтак здарылася? Звычайна я люблю слухаць людзей, а тут проста апанавала нейкая непераадольная санлівасць.
У чэрвені ночы кароткія. На світанку я пачула яе спалоханы голас:
– Зноў ідуць!
Расплюшчыла вочы, убачыла, што гаспадыня ў доўгай белай сарочцы глядзіць праз акно ў бок лесу.
– Хто? – спытала я.
– Не ведаю…
Я паднялася, таксама падышла да акна і ўбачыла, што ад лесу ішлі ўзброеныя мужчыны ў цывільным. Ногі іхнія хаваліся ў пасмах туману, які слаўся па зямлі. Яны быццам плылі ў паветры, вінтоўкі і аўтаматы трымалі напагатове, гатовыя расправіцца з усялякім ворагам.
– Хто гэта? – насцярожылася я. – На паляўнічых не падобныя…
– Ходзяць з вайны… Лясныя браты…
– Партызаны? – удакладніла я.
– Не, іншыя…
– І што нас чакае?
– Не ведаю…
Жанчына адступіла ад акна, быццам баялася, што аўтаматная чарга скосіць яе.
– Хіба яны да гэтага часу жывуць у лесе?
– Гэта не людзі… Не ведаю, хто гэта… Але з’яўляюцца гады ў рады …
Мужчыны набліжаліся. Спалохана заскуголіў сабака, і зноў на хутар абрынулася пудкая цішыня. Жанчына кінулася да чырвонага кута, пачала маліцца перад іконай Божай Маці, таропка жагналася. Я глядзела на яе, не ведаючы, што рабіць? У душу запаўзаў страх. Па плячах прайшоўся холад, скура ашэрхла, мяне закалаціла. У двары прачысціў горла і кукарэкнуў певень. Зірнула ў акно і ўбачыла толькі туман, які рос, уздымаўся, затуляючы лес.
– Яны зніклі! – узрадавана ўсклікнула я.
– Праўда? – гаспадыня зірнула ў акно, каб упэўніцца ў маіх словах. – Дзякаваць Богу, – з палёгкай уздыхнула яна і яшчэ раз перахрысцілася.
– Гэта прывіды? Так? Яны дайшлі хоць раз да вашай хаты?
– Пакуль не… Але, баюся, што аднойчы ўсё можа быць, – гаротна сказала жанчына. – З-за гэтага некалі нават хацела хату прадаваць, а пасля супакоілася. Даўно не з’яўляліся. Мабыць, успамінамі сваімі прыклікала іх сюды…
Гаспадыня апранулася і занялася гаспадаркаю. Я трохі яшчэ павалялася ў пасцелі, бо аўтобус мой чакаўся толькі гадзін у дзесяць раніцы, а потым мы разам папілі ўзвар з чабору і мацярдушкі. Некалькі каліў гэтых раслін з карэннем жанчына дала мне з сабою, каб я пасадзіла на ўласным лецішчы. На тым і развіталіся.
Калі вярнулася ў Брэст, пачала шукаць звесткі пра тых "лясных братоў", але дарма. Гісторыкі маўчалі. Толькі ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя прыадчыніліся дзверы недасяжных раней архіваў, пачалі з’яўляцца першыя кнігі пра Армію Краёву, Украінскую паўстанцкую армію і іншых людзей, якія хаваліся ў лесе, а каб выжыць, рабавалі сялян і забівалі, як яны лічылі, ідэйных ворагаў. Гэта была смяротная барацьба, калі гінулі маладыя людзі з пэўнымі ідэямі і без іх. Па сутнасці, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны яшчэ некалькі гадоў доўжылася неабвешчаная грамадзянская вайна на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Польшчы, бессэнсоўная і зацятая.
Я скарысталася магчымасцю папрацаваць у архіве, праўда, хоць і абмежавана, але ж трохі даведалася і пра таго рэабілітаванага чалавека і "лясных братоў", пра апошніх з цікавасці, не збіралася нічога пісаць, тым больш, што мяне папярэдзілі: гэтыя матэрыялы нельга выкарыстоўваць для дакументальных твораў. Перакананая, каб тады і напісала які артыкул для газеты, дык рэдактар не дазволіў бы надрукаваць такі матэрыял. У ягонай душы жыў жорсткі цэнзар, які заўсёды ведаў, што можна пускаць у свет, а што нельга. Да таго ж ён вельмі баяўся страціць пасаду.
Прамінула два дзясяткі гадоў, я пайшла на так званы заслужаны адпачынак, і тады да мяне зноў вярнулася тэма "лясных братоў", разумею, што мая ўражлівая натура прыняла на свой кошт іхняе з’яўленне той ноччу на лясным хутары. Зноў пачала шукаць звесткі пра іх у газетах і часопісах, у кніжках беларускіх, польскіх і расійскіх аўтараў на гэтую тэму. Матэрыялу набралася шмат. Я міжвольна ўжывалася ў той час, які апанаваў маю душу і не адпускаў. Мне неабходна было падзяліцца з некім уражаннямі і думкамі. Так, сам сабою і пачаў пісацца гэты раман. Хаця, безумоўна, мой досвед можа быць суб’ектыўным, трэба разумець, што гэта твор мастацкі (не магу парушыць абяцанне, дадзенае некалі тайным архівістам), а таму прашу ўсялякія супадзенні з гістарычнымі падзеямі і фактамі біяграфій канкрэтных людзей лічыць не болей, чым выпадковасцю.
1
Раніца раздабрэлася сонечная і ціхамірная, са шчабятаннем птушак, са звычайнымі летнімі гукамі і фарбамі, быццам прырода імгненна забылася, што ноччу недалёка ішла страляніна. У вёсцы Лазнякі трэслася зямля, дрыжэлі хаты, грымела так, што ажно шыбы ледзь не павыляталі. Немцы ўвечары разбамбілі чыгуначную станцыю і пачалі наступ. У суседняй вёсцы Альхоўка цяжкая артылерыя чырвонаармейцаў заняла абарону і ўсю мінулую ноч вяла абстрэл у напрамку Беліч. Але на світанку ўсё сціхла, сяляне зразумелі: чырвонаармейцы адступілі. Нехта прынёс вестку, што і Беласток ужо захоплены гітлераўцамі. Людзі ўстрывожана павыходзілі з двароў, абмяркоўвалі падзеі апошніх дзён: вочы стомленыя, твары панылыя, усялякая справа валілася з рук з-за невядомасці і прадчування бяды.
У даволі вялікіх Лазняках спрадвеку суседнічалі сем’і, адданыя рознай веры: праваслаўныя, іўдзеі і каталікі. Стаялі тут тры храмы: царква – на ўсходзе, касцёл – на захадзе, а пасярэдзіне ўзвышалася сінагога. Міжвольна вяскоўцы сабраліся ля царквы, бо колькасна пераважала тут беларускае насельніцтва, меркавалі: чаго можна чакаць ад перамен. Адны, багацейшыя (у сялянскім разуменні), усцешыліся прыходу немцаў, што ўжо Саветы не вывезуць іх у Сібір, бо некаторыя ведалі і рыхтаваліся да страшнай і нежаданай вандроўкі. Іншыя, наадварот, баяліся ўладарання немцаў, бо чулі, што гітлераўцы вынішчаюць камуністаў і прыхільнікаў Саветаў, а таксама габрэяў. Спрачаліся да хрыпаты, кожны даводзіў сваю думку. Усе помнілі немцаў, якія з’явіліся ў 1939 годзе. Гэта былі акуратныя і выхаваныя рыцары, якія на рынку раздавалі дзецям цукеркі, нікога не крыўдзілі, быццам завіталі паглядзець, як тут людзі жывуць, ды падаліся дамоў. А пасля прыйшлі на Беласточчыну Саветы, прынеслі новыя парадкі, вывезлі васямнаццаць мужчын з вёскі невядома куды. Пры Польшчы таксама беларусу не соладка жылося, але хоць ніхто не збыткаваў, не разбураў гаспадарку, не разлучаў сем’і.
Стары Мацей прыгладзіў сівую бараду і падвёў рысу спрэчцы:
– Ужо каго мы на сваім вяку ні бачылі, хто тут толькі ні хадзіў з цацанкамі-абяцанкамі, але ніхто нічога добрага не прынёс, а ўсе глядзяць, каб нашым дабром пакарыстацца. А нам, як той вароне, дзе б ні лятаць, усё адно гной кляваць…
Людзі згодна заківалі галовамі, разважаючы пра тое, што пры ўсялякім рэжыме, хто пры ўладзе ды пасадзе, той мае грошы і зямлю сабе можа купіць, а гарапашны селянін мусіць сваім гарбом хлеб здабываць ды вялікія падаткі плаціць, каб утрымліваць хеўру дзяржаўных служак.
Комментарии к книге «Лаза», Зинаида Дудзюк
Всего 0 комментариев