Лесвіца (fb2) - Лесвіца 663K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Михаил Южик
Міхась ЮЖЫК
ЛЕСВІЦА
Раман
1
Павел Алегавіч бег па шпалах чыгункі. Ён задыхаўся — з грудзей вырываўся ўсхліпісты свіст, сэрцу станавілася цесна пад рэбрамі. Ногі рабіліся нейкімі ватнымі, нечуллівымі, цяжэлі, нібы прыліпалі да зямлі. З-за спіны даносіўся пагрозлівы гуд цеплавоза. Гэтая махіна неслася, каб раздушыць няшчаснага Паўла Алегавіча, расплюхаць яго кроў і мазгі па шпалах і рэйках, раструшчыць косці.
Варта было толькі ўявіць, чым ён стане пад коламі цягніка, як уцякач знаходзіў новыя сілы для свайго адчайнага бегу. Сэрца пасылала новыя патокі крыві, ногі дужэлі, і Павел Алегавіч рабіў шалёны рывок. Тады жудаснае гудзенне цягніка аціхала. Здавалася, яшчэ адно намаганне — і пагоня адстане.
Задыханы, углядаўся ўцякач наперад — туды, дзе праклятыя рэйкі струнамі злучаліся з даляглядам. Ані лясочку наперадзе, ані будыніны. Толькі высокі насып чыгункі, а ўнізе, абапал і колькі акінуць вокам, — страшная багна.
Богведама, колькі будзе доўжыцца гэты вар’яцкі бег. І скрабе гнятлівая думка: хутка скончацца сілы. Прынамсі, скончацца яны значна раней, чым паліва ў цеплавоза, што раве, скавыча, стукае-грукае недзе ззаду.
Ды не. Мусіць, проста не вытрымае сэрца. Вунь яно як малоціць, гаротнае. Але, такія прабежкі не для чалавека ў гадах.
Аднак бяжыць Павел Алегавіч, борзда скача па шпалах. Праз дзве — на трэцюю, праз дзве — на трэцюю спрытна трапляюць яго ступні. Тут збіцца — або нагу падвернеш-паломіш, або проста ўпадзеш і, канешне, не ўстанеш.
З нейкага моманту няшчасны адчуў, што паветра перастае ўваходзіць у лёгкія. Бронхі звузіліся, сціснуліся. Бег запаволіўся, і, натуральна, гучнее, мацнее з кожнай секундай гуд шматтоннага пераследніка-цягніка.
Комментарии к книге «Лесвіца», Михаил Южик
Всего 0 комментариев