Чырвоная брама (fb2)
- Чырвоная брама 486K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Виктор Филимонович Карамазов
Дамо па здольнасьцi —
сьпеў...
любоў...
малiтву сэрца...
Кiрыла Тураўскi.
Прымглёнае сонца ўзышло над распранутым за зiму i ўсё роўна прывабным старым паркам, над графскiм палацам, над пазалочанымi крыжамi сабора, змушана вернутага бязбожнiкамi божым дзецям, над найпрыгожым сынам бацькi Дняпра — Сажом. Ад ранiцы да позьняга вечару ў парку над кручаю стаялi людзi, слухалi, як пад змыленым адлiгамi лядовым мостам настройвала вясновыя струны рака, лавiлi першы гук, што нечаканым стрэлам узьнiкаў у рачных глыбiнях, імчаў мiж берагоў далёка i хутка, як імчыць гук, i як недзе там яго сустракалi iншыя гукi-стрэлы, прыглушаныя далiною, i як усе яны зьлiвалiся ў сьцiшаную мелодыю.
Сьпяшалася вясна. I тут, на беразе ў парку, нехта, яе пачуўшы, сказаў, як тым, хто не пасьпеў пачуць:
— Сёньня лёд рушыць.
I нехта радасна пагадзiўся, нiбы з самой вясною:
— Калi ня ўдзень, дык уначы.
Казалi, як забыўшыся, што каляндар паказваў яшчэ далёка не апошнiя днi зiмы.
Ды што той каляндар? I на старуху, кажуць, ёсьць праруха.
Сьнежань ды студзень сыпалi сьнегам дзень пры днi, пахавалi ў белых гурбах платы па вёсках, накiдалi пухавiкоў пад самыя вокны, пад стрэхi, па гарадах, змогшыся, сьнег ужо не адкiдалi з тратуараў ды маставых, а гулёна-вясна ўскруцiлася, за колькi дзён сагнала дазваньня i сьнег, i лёд, нават па глухiх лясах, куды сонейка не заглядала.
У тыя днi зiмовай паводкi нешта падобнае, нечаканае, адбылося ў Гомелi на вулiцы Карповiча. Дзесяткi гадоў стаяў шэры, нiчым ня вабны воку дамок i раптам пачысьцеў аблiччам, пасьвятлеў, прырос дзе крылом, дзе падкрылкам, дварок вакол ганка памыўся-прычасаўся, сонечныя ходнiчкi з бятонных плiтак гасьцям пад ногi паклаў, расчынiў дзьверы. I госьцi далёка не затрымалiся. I я прыйшоў — зьняў з галавы зiмовы капялюх.
У большай зале на другiм паверсе было шматсьветла i шматлюдна. Стаяў пасярод залы гаспадар гасьцёўнi ў сьвятле ўсiх, яму насустрач скiраваных лямпаў, лiхтароў, аб’ектываў кiно i фота, на скрыжаваньнi людскiх позiркаў. Хваляваўся, але трымаўся годна. На iм, пад барадою на грудзях, ляжаў вялiкi срэбны медаль мастака ды чалавека дваццатага стагоддзя, вылiты сусьветна вядомым Бiяграфiчным цэнтрам Англii. Твар быў у аправе не адных гадоў, але i велiчы, той, што вянчае волатаву працу, вышэйшы талент — дар Божы. А вочы, мяккiя ў цёплым блакiце, усёвiдушчыя ня толькi там, куды глядзелi, па-за сабою, але i там, адкуль глядзелi, у сабе, праменiлi сьвятло, дарылi яго кожнаму, хто прыйшоў у залу i яшчэ заходзiў. I не было гасьцей нежаданых, усе былi сябрамi, вучнямi, улюбёнымi ў палiтру i дабрыню мастака. Што думаў ён цяпер? Куды вёў прыязнаю ўсьмешкаю ды словам?
— Тут, вакол, маё Палесьсе, бацькаўшчына.
Сюды i вёў?
Акiнуўшы паглядам птушак, людзей, коней, дрэвы, кветкi, палеткі і лугi ў сьцiплых рамах па сьветлых сьценах, схiлiў галаву, нiбы ў паклоне iм, зямлi ды небу, i ў гэты час над мастаком прыўзьняўся вялiзны, на ўсю сваю натуру, бусел, якi стаяў у раме на адной назе, другую прыгожа падцяўшы, нiбы той балерун у танцы, узьняўшы крылы i выкiнуўшы з iх, бялюткiх, чорныя пёры, якiя тырчэлi ў неба i насьцярожвалi, як абгарэлыя людскiя пальцы.
— Лёс мастака i лёс радзiмы — адзiн.
Цяпер яго я толькi чуў, а бачыў бусла, бялюткага, з жалобна ўскiнутымi ў прычарнобыльскае неба пёрамi.
Старажытны горад сьвяткаваў адкрыцьцё карцiннай галерэi свайго мастака. Ён быў тут свой па праву каранёў, адзiнакроўнасьцi, жыцьця пачаткаў i дарогаў, якiя неаднойчы вялi адсюль у шырокi сьвет, як i сюды вярталi — у родны дом.
Пра каранi
Жыў-быў Пампей.
У вёсцы Чыкалавiчы, пад Брагiнам, ён аб’явiўся нячутна, ды заўважылi яго тут адразу, ня толькi таму, што вёска ёсьць вёска, навылёт прадзiмаецца вятрамi ды прастрэльваецца вачамi, але яшчэ таму, што быў Пампей вельмi прыгожы, асiлак. Цiха зьявiўшыся, цiха i будавацца пачаў, ня ў вёсцы, як усе будавалiся ды жылi, а за вёскаю, на рэчцы Брагiнцы. Людзi думалi, што Пампей будуе сабе дом, а ён iм пабудаваў млын. Падалiся мужыкi на млын зерне малоць, i кожны казаў: “Еду да мельнiка”. Гэтак Пампей прыдбаў сабе ў Чыкалавiчах яшчэ i прозьвiшча Мельнiк.
Далей — болей: закахалася ў Пампея мясцовая панi Навашыцкая. Аж сохла па iм. Ды ён яе не заўважаў. I тады зазлаваў пан. Цi што панi закахалася ў мужыка, цi што мужык не хацеў яе бачыць? Каб выжыць з Чыкалавiчаў, пан спалiў ягоную сядзiбу. А сьледам i вясна пасобiла не мужыку — пану: паводкаю змыла млын. Надта не бядуючы, Пампей пабудаваў дом у вёсцы, самы, на ўсю вёску, вялiкi ды прыгожы, а за домам паставiў новы млын, вятрак, i ўзяў у жонкi мясцовую сялянскую дзяўчыну. Нарадзiўся ў iх сын Мiхась. Далёкай навукi, як i бацька, не шукаў, узяў ад яго мужыцкую сiлу, мудрасьць, да любога сялянскага занятку здатнасьць i грамату. Малоў мужыкам ячмень ды жыта, са свайго мазаля забагацеў i ажанiўся з дзяўчынай Ганнай. Нарадзiла Ганна пяцёра дзяцей — Надзею, Вiктара, Клаўдзю, Алёну ды Цiмоха. Усе яны жылi з зямлi, за зямлю ваявалi i памiралi.
За якiм часам гэта ўсё адбывалася? Ды можна сказаць, што нядаўна. Мiхась нарадзiўся за дваццаць гадоў да пачатку мiнулага дваццатага стагоддзя, а Пампей памёр пад самую калектывiзацыю. Пампея караў пан Навашыцкi, у панства ўзьведзены царом, а Мiхася — ГПУ, ад якога мужык змусiў кiдаць сваю зямлю, сям’ю, вёску, хавацца на Украiне. Будаваў у Чарнобылi яўрэям дамы, як званы, i ў родную вёску вярнуўся, як надышоў час памiраць.
Гэтакi радавод ад Пампея Мельнiка. А яму насустрач, каб параднiцца, прыйшоў род Мiны Вашчанкi, таксама мужыцкi.
На сьвет Мiна зьявiўся ў вёсцы Калыбань, што каля Брагiна, дзе i Чыкалавiчы, i там ажанiўся з мясцовай дзяўчынай Сынклетай, якая нарадзiла дванаццаць дзяцей. Памёр Мiна яшчэ не старым, а Сынклета пражыла сто васемнаццаць гадоў, перажыла ўсiх сваiх дзяцей i да апошняга дня працавала.
Харытон, першынец Сынклеты, ажанiўся з Надзеяй Мельнiк з роду Пампея. Надзея ўдалася вельмi прыгожая ды працавiтая, уся ў дзеда. Да яе сваталiся лепшыя хлопцы, гаспадары, i быў дзень, калi ў вёску наехала ажно дванаццаць жанiхоў. Але з усiх, сабе па сэрцы, яна выбрала Харытона i ад яго нарадзiла двух сыноў — Мiкалая i Гаўрылу. Харытона неўзабаве раскулачылi, выслалi, праз пяць гадоў лагерных пакутаў ён быў вярнуўся, але яшчэ праз тры гады зноў забралi, як нейкага там ворага народу, i ён памёр у сiбiрскiм ГУЛАГу. Дом Харытона калгас раскiдаў, бярвеньне перавёз на сваю будоўлю, i Надзея з малымi дзецьмi шмат гадоў хадзiла па чужых хатах, пакуль у сям’i не падрасла мужчынская сiла. Калi старэйшаму Мiкалаю набегла шаснаццаць, а малодшаму Гаўрылу дзесяць i хлопцы ўжо трымалi ў руках сякеры, збудавалi новы дом. Было гэта ў трыццаць восьмым. А праз пяць гадоў, у вайну, дом згарэў падчас бою партызанаў з немцамi. I пачала Надзея з сынамi зноў будавацца. Хоць тым пашанцавала, што з Чарнобылю ў вёску вярнуўся бацька Надзеi Мiхась, сын Пампея, ды што карову пасьпелi схаваць у лесе i ад немцаў, i ад партызанаў. Дзед Мiхась навучыў яе хадзiць у ярме, станавiцца ў плуг, i ёю вывезьлi бярвеньне на дом, аралi зямлю. А тут — галадоўка, пайшоў касiць тыф. Карова была i цяглом, i кармiцелькаю — ад усiх бедаў ратавала. Дом паставiлi новы, а Гаўрыла, якi вучыўся ўжо ў сёмым класе, яшчэ i адмысловую браму выштукаваў з дугою наверсе.
Iшоў апошнi год вайны — сорак пяты.
Iканастас
Я падымаюся на ганак, адчыняю высокiя дзьверы, за iмi паварочваю направа, торкаю пальцам у белае вока на сьцяне i апынаюся ў кабiне лiфту — лячу ў неба. Там — яшчэ прыпынак, белая сьцяна i на ёй тры вокi — выбiраю сярэдняе. Дзьверы адчыняюцца, i я бачу перад сабою ветлiвы iнтэлiгентны твар у срэбнай аправе гадоў.
— Праходзьце.
Магчыма, я недарэчы ўсьмiхнуўся, успомнiўшы восень, мастацкi салон на прасьпекце Скарыны ў Менску, адкрыцьцё выставы Анатоля Бараноўскага. Было там шмат людзей. Я ўскiнуў сваё палiто на вешалку, а як выставу пакiдаў, падышоў да вешалкi i палiто апрануў, па кiшэнях — цап-лап: дзе шалiк? Аказаўся ў бакавой кiшэнi. На шыю ўскiнуў: ня мой? У мяне чырвоны, а тут — сiнi. Чужое палiто? Але ж старамоднае рацiнавае, шэрае, нават гузiкi як мае, блакiтам адлiвалi. Маё, такое самае, вiсела побач. На выхадзе з салону знаёмаму прызнаўся, як паблытаў д’ябал, а ён, ухмыльнуўшыся, кажа: “Ты азiрнiся”. Я азiрнуўся: палiто, да якога прымерваўся, было ўжо на плячах у Гаўрылы Вашчанкi, i сiнi шалiк быў у яго руках. Ну трэба ж улезьцi ў вопратку жывога класiка!
Комментарии к книге «Чырвоная брама», Виктор Филимонович Карамазов
Всего 0 комментариев