• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Чамадан з кракадзілавай скуры»

1442

Описание

"Чамадан з кракадзілавай скуры" - захапляльная аповесць з сучасным і сапраўды "галівудскім" сюжэтам. Перад галоўнай гераіняй, маладой жанчынай з дзёрзкім характарам, стаіць амаль што недасягальная мэта" даведацца, каму спатрэбілася выкрасці яе, а пасля, нечакана для самой сябе, выратаваць свет. Усё гэта не можа адбыцца без дапамогі цэлай каманды хлопцаў і дзяўчат, якія, натхнёныя энергічнасцю сваёй сяброўкі, заўсёды гатовы пускацца ў самыя неверагодныя авантуры. Але ніякія прыгоды не адбыліся б, каб не дзіцячая мара галоўнай гераіні аб вялікім чамадане з кракадзілавай скуры... Аповесць адрасавана маладзёжнай аўдыторыі.

1 страница из 30
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Чамадан з кракадзілавай скуры (fb2) файл не оценен - Чамадан з кракадзілавай скуры 501K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алёна Беланожка


Алёна БЕЛАНОЖКА

Чамадан з кракадзілавай скуры


Аповесць


Аліна апынулася ў гарадку Дружны а дзясятай гадзіне раніцы. Пад коламі яе новенькага аўтамабіля шаргатаў мокры кастрычніцкі асфальт і хлюпала гразь.

Гэтая паездка, якая павінна была прынесці масу прыемных уражанняў, не заладзілася ад пачатку. Спярша аказалася, што сіноптыкі, якія яшчэ ўчора паабяцалі пагоду на ўвесь тыдзень, за ноч перадумалі, і ад раніцы пайшоў часты і занадта восеньскі дождж, а радыёкропка радасна вяшчала: «Як і чакалася, сёння пахмурна і дажджліва!»

«“Як і чакалася…” Кім гэта чакалася? Калі чакалася? Учора імі яшчэ сонца прагназавалася, а выходзіць, што яны пад сонцам разумеюць вось гэтую слату? Шапіто!» — абуралася на «вешчуноў» Аліна, седзячы ў пустой цёмнай кватэры ды папіваючы ваду з-пад крана: у доме адключылі электрычнасць, таму ранішняя кава «праляцела». Таксама не адбыліся ні традыцыйны макіяж пад вясёлае цвірканне музычнага тэлеканала, ні ўкладка валасоў фенам, ні нават зарадка мабільнага тэлефона — таннай «перасовачкі», у выніку чаго Аліна пакінула кватэру з тварам, начыста пазбаўленым жыццярадаснасці.

Яе жытло аніяк не хацела апраўдваць гордае і ўтульнае слова «дом». Там ніколі не пахла ежай, а па чатырох пакоях, застаўленых моднай мэбляй, гуляла толькі рэха ды скразнякі. Гаспадыня з’яўлялася там не часта — яна ладзіла справы ў розных гарадах, таму часцей за ўсё начавала ў гатэлях, а сілкавалася ў кавярнях. Калі б хто і захацеў яе атруціць, то, пэўна, не змог бы: страўнік Аліны прызвычаіўся да такіх кулінарных недарэчнасцей, якія хатніх жанчын забіваюць альбо вынішчаюць у іх адчуванне смаку і прагі да жыцця.

Апошнім разам Аліна пераступіла парог кватэры месяц таму, каб выпусціць некалькі прусакоў і мышку — яна недзе ўчула, што прусакі і мышы прыносяць у дом шчасце. Мышка на трэці дзень здохла ад голаду і смагі, а прусакі збеглі да суседзяў, якія не вельмі парадаваліся такому падазронаму шчасцю і тэрмінова вырашылі лёс прусачынай калоніі пры дапамозе крэйды «Машанька».

Вось і цяпер, правёўшы некалькі гадзін у дарозе, стомленая Аліна забегла «да сябе» выключна дзеля таго, каб глытнуць кавы і прыняць душ перад новай паездкай. Не атрымаўшы магчымасці зрабіць нават гэта, яна жудасна раззлавалася.

Каб хоць неяк прыўзняць узровень сератаніну ў арганізме, Аліна забегла ў магазін па шакаладку. Сумная, неакуратна нафарбаваная прадаўшчыца не змагла вярнуць лішак з буйной купюры. Тады Аліна згрэбла ў цялежку ўсё, што стаяла каля касы на латку ды абвясціла: «Лічыце!» — і выйшла з поўнымі рукамі шакаладак, ледзяшоў, жавальных гумак, пакецікаў з семкамі і прэзерватываў. У адказ на здзіўлены погляд адміністратара, які за ўсе дзесяць год працы ў гэтым месцы не бачыў, каб у восем гадзін раніцы пакупнік атаварваўся такой колькасцю рознай драбязы, Аліна сказала: «Гэта “гумда” сіротам Цэнтральнай Афрыкі! Наце і вам!» — і працягнула дзядзечку лядзяш. Дзядзечка застаўся стаяць на месцы і думаць, што азначае слова «гумда» і ці не аблаяла яго гэтая дзяўчына. Ён не ведаў, што на мове Алініных абрэвіятур «гумда» — гэта «гуманітарная дапамога». Аліна штурханула нагой дзверы, выйшла ў вільготную раніцу і накіравалася да аўтамабіля.

Кіроўца з Аліны быў не надта добры: усяго два месяцы за рулём, прычым два абсалютна сухіх месяцы, так што да дажджу яна зусім не была падрыхтавана. Машыну заносіла на паваротах, ва ўсе бакі разляталіся мутныя пырскі, раптоўныя прахожыя асыпалі няўдалую стырнавую пажаданнямі: яны жадалі Аліне роўных рук, добрага зроку і доўгага жыцця.

Праўда, Аліна не чула пажаданняў. Яна ўключыла музыку на поўную моц і намагалася вярнуць свой звычайна прыўзняты настрой правераным сотні разоў метадам — гвалтоўным уздзеяннем «папсы» на слых. Бадзёрыя спевакі ды спявачкі не паспелі падрыхтавацца да прыходу восені і пяялі пра сонечныя лукамор’і. Аліна не была ў адпачынку два гады, і любы ўспамін пра лета ўздзейнічаў на яе так, як чырвоны плашч тарэадора на раз’ятранага быка. Праслухаўшы некалькі песень, Аліна грукнула кулаком па магнітоле. Магнітола, хоць і была якаснай і проціўдарнай, палічыла за лепшае адключыцца і больш не дражніць маладую гаспадыню.

— Ну чаму? Чаму ў мяне ўсе рамантычныя падарожжы пачынаюцца з аўралаў, патопаў, пажараў, снежных заносаў? Чаму, Арчыбальд? — злосна спыталася Аліна ў плюшавага звярка невядомай пароды, што лётаў з боку ў бок на лабавым шкле. Арчыбальд, які толькі-толькі даведаўся, што ён — Арчыбальд, маўчаў і працягваў гойдацца на тонкай нітачцы.

— Еду цягніком — абавязкова знойдзецца разумнік, які таргане стоп-кран. Еду аўтобусам — шына спусціць. Пайшла раз да хлопца на лыжах — лыжы зламала. Самалётам нават баюся спрабаваць, а то ў небе крылы адваляцца! Чаму мне да мужчын даводзіцца дабірацца з такімі цяжкасцямі? — працягвала свой жаласны маналог Аліна.

Арчыбальд падскочыў і павярнуўся да Аліны спінай. Аліна выпусціла руль, дзвюма рукамі рванула цацку і разам з прысоскай выкінула ў акно. Аўтамабіль вынесла на сустрэчную, наперадзе заблішчэлі фары. Аліна цудам паспела схапіць руль і ўхіліцца ад бетонамяшалкі, што ехала насустрач.

— Ну, вось! Засталося яшчэ дачакацца зайца! І бабу з пустымі вёдрамі! І чорнага ката! І каб яны ўсе разам вадзілі карагоды ўпоперак шашы! Ну, што за шапіто! — вызверылася Аліна. Яна верыла ў прыкметы.

Не паспела яна гэта вымавіць — як па заказе, з прыдарожных хмызоў выскачыў заяц і кінуўся пад колы машыны. Аліна ўдарыла па тармазах, звярнула на ўзбочыну дарогі і адкрыла «бардачок» — недзе там мусіў захоўвацца валідол. Валідол там, і сапраўды, знайшоўся, але за час летніх паездак у спёку таблеткі расталі і ўжо наўрад ці змаглі б Аліне дапамагчы. У аптэчцы пад сядушкай яна адшукала толькі ёд ды сродак ад камароў, якія восенню засумавалі і загінулі ад дэпрэсіі.

— Так. Далей ехаць проста страшна. З такім раскладам я да Дружнага не дабяруся! — сказала Аліна, заплюшчыла вочы і пачала актыўна расціраць далонямі вушы: гэта дапамагала сканцэнтравацца, хоць і рабіла вушы чырвонымі, як колер светлай паўночнакарэйскай будучыні. Але ж абяцанні трэба выконваць, а яна паабяцала самой сабе, што менавіта сёння завітае ў госці да Дзімы. У яе насычаным графіку, што не змяшчаў часу нават на сон, з’явілася шчыліна, некалькі гадзін — вось іх Аліна і збіралася патраціць на сустрэчу, і ўпотай спадзявалася, што сустрэча стане ўсё ж рамантычнай, а не сяброўскай.

Аліна ведала, што Дзіма будзе не вельмі рады яе бачыць. Дакладней, будзе  вельмі не рады. А яшчэ дакладней — ён Аліну проста не чакае. Больш за тое — ён нават не падазрае, што Аліна ведае, дзе ён жыве. Аліна любіла рабіць сюрпрызы, ад іх пакутавала ўсё яе знаёмае і малазнаёмае асяроддзе.

Нехта пагрукаў у шкло. Аліна расплюшчыла вочы.

Каля машыны стаяла сівая цыганка з люлькай у роце і ўскудлачаным дзіцём на руках. Аліна націснула кнопку, каб апусціць шкло, і закашлялася: у салоне запахла моцным «самасадам».

— Добрай раніцы, — павіталася Аліна, здзіўлена пазіраючы на цыганку, падобную на прывід. — Штосьці здарылася? Адразу папярэджваю: варажыць мне не трэба, я і сама ўмею!

— Падвязі да Дружнага, маладая, я зусім старая, няма сілы ісці! — прамовіла цыганка ды высмактала з люлькі порцыю горкага дыму і выпусціла яе колцамі ўгару.

Аліна паспрабавала прыгадаць, што прадказваюць народныя прыкметы пра сустрэтых у дарозе цыганака з люлькамі і дзецьмі, але не змагла прыпомніць нічога благога: калісьці ў дзяцінстве яна жыла ў цыганскім раёне і сябравала з цыгГаннатамі, а старая цыганка Земфіра прыносіла ёй малако з-пад чорнай каровы і прыгаворвала: «Расці, дзеванька, і нікога не бойся, акрамя самой сябе. Чалавек вораг толькі сам сабе…»

Дзіця, якому на выгляд было не болей чатырох гадкоў ад нараджэння, тужліва паглядзела на Аліну велізарнымі, пранізліва-карымі вачамі. Аліна падумала: «Цікава, гэта хлопчык ці дзяўчынка?» — і раптам заўважыла, што яно босае.

— Адкуль жа вы, бабуся, узяліся раніцай пасярод шашы, ды яшчэ з дзіцём? Тут жа на дваццаць кіламетраў навокал аніводнае жывой душы! — Аліна паспешліва адкрыла дзверцу машыны.

— Як жа ніводнай? Ты, ды я, ды дзіця. Ужо трое, — старая цыганка бадзёра забралася ў салон, выпусціўшы вялікае колца дыму. Дзіця закашлялася і заплакала.

— Што ж ваш унучак без абутку, не май на двары! — Аліна выруліла на трасу.

— Гэта ўнучка. Ступачкі выраслі, нічога не падыходзіць. Едзем у Дружны абутак набываць. Пазалаці ручку, а я ў далонь пагляджу, усю праўду раскажу.

— Складна гаворыце! — Аліна пацягнулася да нагруднай кішэні, выцягнула адтуль некалькі купюр і аддала іх старой. — Вось. На дабрачынныя патрэбы. Купіце ўнучцы боцікі, а варажыць не трэба.

Цыганка прыжмурыла вока і паглядзела ў акно, за якім было па-ранейшаму пахмурна.

Комментарии к книге «Чамадан з кракадзілавай скуры», Алёна Беланожка

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!