• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Доўгая сьмерць Крынак»

1459

Описание

У сваёй кнізе “Доўгая сьмерць Крынак” аўтар прарочыць смерць сваёй малой радзімы, прарочыць яе апакаліпсіс. Мясцовасць Крынкі, невялікае мястэчка, якое прытулілася да польска-беларускай мяжы, мае сваю доўгую і вельмі пакручастую гісторыю. Жылі тут некалі побач сябе беларусы, палякі, габрэі, татары. Сёння габрэяў няма, засталася толькі памяць у выглядзе старой сінагогі, кіркута і ўрыўкаў чалавечай памяці. Але памяць гэта памірае разам з тымі, хто жыў тады. Крынкі былі мястэчкам, горадам, пасля вёскай, цяпер ізноў горад, а насамрэч, мястэчка. Нараджаецца штораз менш дзяцей, штораз больш людзей памірае, а разам з імі паміраюць і самі Крынкі. Аптымісты спадзяюцца на тое, што сітуацыя зменіцца, што моладзь з Крынак выязджаць перастане, застанецца на Бацькаўшчыне. Не забудзе матчыну мову. Крынкі вярнуць сабе былы росквіт. Мары... Крынкі паміраюць вельмі павольнай смерцю, таксама, як памірае большасць падляскіх вёсак. З іх пакрысе адыходзіць жыццё, з дня на дзень, з адыходам кожнага чарговага старажыла. І гэтае паміранне баліць, асабліва баліць, калі гэта твая родная мясціна, калі ты...

1 страница из 49
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Доўгая сьмерць Крынак (fb2) файл не оценен - Доўгая сьмерць Крынак 745K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сократ Янович


Сакрат Яновіч

ДОЎГАЯ СЬМЕРЦЬ КРЫНАК


Падрыхтаванае на падставе: Сакрат Яновіч, Доўгая сьмерць Крынак. Апавяданьні, аповесьць, — Беласток-Бельск: Выданьне фірмы АМЭГА, 1993. — 262 с.


Рэдактар: Ян Максімюк


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


АПАВЯДАНЬНІ


Восеньскае сонца

Жылі сабе дзед з бабаю: Рыгор з Карусяю. Рыгор застудзіўся ў капаньне бульбы. Паліла гарачка.

— Дзе сын? Дзе мой сын? — трызьніў ён.

Пры памяці маўчаў.

Выў сабака. Месяц выскаліўся ў вакне, бы злыдзень. Каруся выйшла на ганак. Зьнізу, ад зямлі, пацягнула каплічным холадам — сівеў прымаразак. Вялікая Мядзьведзіца сядала на загуменьні, а неба заплывала мацнеючай яснотаю.

Дрыпаючы ў склеп па бульбу сьвіньням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку. Да дачкі нічога ня мела — дочкі йдуць туды, куды іх бяруць.

Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыцьцё.

Хтосьці — пачула — адчыніў дзьверы ў хлеў. Каруся вылезла са склепу й паглядзела: у дзьвярох Рыгор.

— Чаго цябе выперла з ложка! — закрычала.

Рыгор не адвярнуўся; Каруся падыйшла, каб накрычаць на яго. І змаўчала: ён плакаў.

Зьбягаліся куры, бляялі авечкі, рыкала карова. Каруся павяла Рыгора ў хату, паклала яго ў пасьцель. Яна першы раз не тлуміла сабе галавы галасамі галоднай гаспадаркі. Заціхла ля Рыгоравай галавы. Яе вочы мілавалі Рыгора й па-за ім ня бачылі ды ня помнілі нічога.

Сьвятлела раніца.


Дзеці з Гаркавіч

Мы ехалі ў Гаркавічы. Каня паганяў дзядзька.

— Горача! — маці скінула з плячэй хустку, яе чорны колер пасівеў ад пылу.

Бацька гутарыў зь дзядзькам:

— ...Кажаш, на Пятра й Паўла будзе па ўсім?..

Пясок сыпаўся з колаў, трашчаў. Пад Паповаю гарою бліскала азерца, якое абступілі купы аеру.

— Піць, маманька! — мне здакучыла смага. Маці зазірнула ў мае вочы, адвярнулася й страсанула хустку над сьцежкаю. Па яе жылістай шыі сцякаў пот.

— Паганяйце, мужчыны, каня! Няма чым дыхаць, — хусту яна складвала роўненька, рог з рогам. — Бацьку, не расьсядайся так! — Ён забываў, што не адзін тут.

— Пяску, во, па калодкі, — адказваў для маці дзядзька. — Но-оо, буланая!.. На Пятра й Паўла напэўна... — дагаворваў бацьку пра жніво, пшанічным голасам.

— Чаго табе цесна?! — запёкся на яе бацька, але маці змаўчала яму, — ...Да Пятра й Паўла, ого, не пасьпеюць...

Фурманка пагрукатала па камянёх. Колы, з жалезнымі абручамі, ляскаталі. Цэлым возам моцна падкідала. Маці ўхапілася за бацькава плячо й, другою рукою, за гнаяўку. Я-ж ушчаперыўся за клініцу.

Перад канём расступіліся людзі, якіясьці дзеці. Большы хлопец — лысы, выгалены да скуры.

— Дзеці з Гаркавіч, — сказала маці.

— Але, — дзядзька, невядома чаму, падтакнуў ёй і заціх. Ён не глядзеў на іх.

— Сядайце, хлопцы, на воз, — загаварыў да іх бацька, менавіта, загаварыў, а не сказаў. Усё роўна як-бы: «Ідзяце, хлопцы», каб пачуць у вадказ: «Ага, ідзём».

Гэта адгануў той лысы, зацяты:

— Дзякуем вам. Блізка ўжо.

Маці паглядзела дапераду. Яна ўзьдзівілася:

— Бачыце вы, даяжджаем да Гаркавіч!

— Чаго хочаш: сем-жа кілямэтраў, — дзіўна сказаў бацька. Не заўсёды можна было зразумець яго.

— І гэтыя дзеці, дзень у дзень, ходзяць у школу аж да нас, у Крынкі? — маці спачувала ім. Аднак-жа я адчуў і яе папрок мне: усё маю на месцы, а вучуся, вось, пэўна горш за іх...

— Ага, — дзядзька яшчэ штосьці гаварыў. — Яны, значыць, ну...

Я прыкмеціў зьверху, што за плячыма тых хлопцаў на дарозе, — мяшочкі, вуглаватыя, з кніжкамі й пеналамі.

Яны не спадабаліся мне.

Ішлі спакойным крокам, зышлі на конскі троп, каб не падбіцца на гладкай сьцежцы, босыя. Меншыя й меншыя, зьніклі за намі.


Ключ

У крыніцы, што каля Канцуровае вярбы, знайшлі мы ключ — вялікі, няйначай як ад гумна. Пра гэта было ў нас гаворкі, пакуль касілі аўсы на Сойчынай горцы; палічылі, што згубіў яго шаленаваты Самасей: плёхкаўся быў там.

Хтосьці пайшоў, каб спытаць Самасея, і не прыходзіў, хоць трэба было ня надта далёка, за Дзявочы луг. Вярнуўся, і стаяла вядома, што Самасея малавеле не зарэзала дачка Кабыліхі, яе Фэлька, да якое ён увесну пакінуў хадзіць. Казалі: яна паласнула яму касою па кульшы, ня вельмі каб глыбока, нагавіцы меў ён на сабе брызэнтавыя, але крыві тое налілося зь яго ажно ў бот, і беспрытомнага павезьлі на трактары ды наўпрасткі, папарамі, што прасьціраліся тады да местачковых садоў, ля якіх паставілі да вайны шпіталь...

Пра ключ зноў былі загаварылі мы ў звозку снапоў, калі Самасея падлячылі й выпісалі дахаты. Згуба гэта зацярушылася ў нас. Знайшлася яна ў скрыначцы на жалезіны, што стаіць пад сячкарняю, якую закідалі натрусам. Я сам узяўся аднесьці той ключ Самасею. Ужо даходзячы да ягонага падворышча, мяне раптам ахапіла трывога, і я зараз-жа згледзеў прыгорбленую постаць гэтага неўдалоты ў бульбоўніку за склепам, а пад вішняком, што ў канцы агароду, — бачу — Фэлька круціцца, быццам ёй парася пабегла ў шкоду...

Ключ узяў я ды павесіў у нашай адрынцы, высока й за дзьвярыма.

Было потым работы, і мы не дурылі сабе галавы Самасеем, да таго часу, калі пайшлі чуткі, што ўночы абакралі яму гумно: зладзеі вынесьлі — казалі людзі: браты Фэлькі, — дзесяць мэтраў першага намалоту пшаніцы й добры пуд насеньня канюшыны. Мы здагадаліся, што цэлы гэты ключ можа наклікаць на нас бяду. Зайшоўшы нарэзаць сечкі, я зьняў яго зь цьвіка й, счакаўшы змроку, прабраўся ў поле, да крыніцы, у якую кінуў пад хваробу знаходку. Жалезка булькнула ў аблямаваную лядком ваду, бліснуўшы ў месячным сьвятле, быццам рыбка на глыбіні. Навакольле ўкрыў іней ад раньніх прымаразкаў, і я, каб не нарабіць сьлядоў за сабою, адыходзіўся па падмерзлым ворыве, абмінаючы ўтравелыя мясьцінкі.

Мы трохі падумвалі яшчэ аб тым, ці гэта ключ быў Самасея...

Даў Бог, усё шчасьліва нам адбылося.


Страшны канец Антона

Як жыць без ката й сабакі? Але, на гаспадарцы. Тым больш — пастарэламу мужчыне ды яшчэ бязьдзетнаму ўдаўцу, гэтаму Антону!

Кот у яго называйся Баньдзіт, а сабака — Малюта.

Баньдзіт жыхараваў на гарышчы, Малюта-ж — у сенях. На разбоі свае кот вылазіў празь дзіру над апухаю, а сабака старажыў сядзібу, цікуючы з-пад падрубы (пад якою выграб сабе ямку). Сам-жа Антон выседжваў вечары ў кухні, у тым яе месцы, дзе стаяла ўчарнелая печ з выкаўзанай ляжайкаю. У колішні пакой ён наваліў быў каменнага вугалю, ажно праламалася пад ім падлога. Уставіў туды й разьбіты ўлетку матапэд, а таксама даваенны ровар, на якім, у маладосьць, падвозіў у нядзелі дзяўчатаў, што кветкамі йшлі ў царкву; пыліла лахмоцьце й пабрэнь— квала запавуцінелае ламарэньдзе.

Жылі тут чалавек з катом i сабакаю, як быццам на трое душ.

Антон цягавіта гаспадарыў ва ўсе чатыры поры году. I нават падзарабляў ён у лесе як дрывасек, ня столькі з прычыны жыцьцёвае нявыкруткі, колькі, менавіта, дзеля нагоды прыдбаць лішні грош у кішэню.

Баньдзіту дык зусім не было галадухі.

Часам, праўда, шпарыла яго па хвасьце тая кабета, што наведвалася ў гэты бесталачын хутарок ды наводзіла ў ім усё тыя-ж парадкі (пасьля вячэры, Антон дубасіў яе чамусьці на мяшкох з мукою ў каморы). Даставалася тады й Малюце, які, замест даць драпака ў зарасьлі чарносьліву, скавытаў i падлізваўся бабе. Яна адыходзіла адсюль пасьля трэціх або й пятых пеўняў, не пазьней як на сьвітаньні, нарагатаўшыся з гаспадаром.

Вярталіся сюды спакой ды бесклапоцьце. Баньдзіт, іншы раз уранак, неяк спачувальна пазіраў са свае вышыні на таго Малюту ўнізе, які дрымотна лыпаў на яго бельмакамі, i здавалася, што ў такую хвілю яны думаюць пра адно й тое-ж: чаму гэта кот з сабакаю не зжывуцца?

Комментарии к книге «Доўгая сьмерць Крынак», Сократ Янович

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!