Сума немагчымасцяў (fb2) - Сума немагчымасцяў 263K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Александр Степанович Рязанов
Алесь Разанаў
СУМА НЕМАГЧЫМАСЦЯЎ
Зномы
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Разанаў, Сума немагчымасцяў: зномы, Мінск: I. П. Логвінаў, 2009. — 122 с.
ISBN 978-985-6901-37-2
Карэктар Г. Міхалю
Дызайн С. Ждановіч
© OCR: Камунікат.org, 2011
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011
*
Аблокі плывуць над зямлёй, не належачы ёй і не залежачы ад яе, але з іх раптам ліецца на зямлю дождж альбо абрушваюцца маланкі.
Высотны жыхар — арол — велічна лунае ў нябёсах, не ведаючы сабе раўні, але раптам зрываецца ўніз, па здабычу, бо бачыць усё, што там адбываецца.
Так і з паэзіяй, так і з мастацтвам, так і з філасофіяй: яны павінны лётаць высока і займацца «высокімі» рэчамі, але ў той жа час павінны лучыцца з зямлёю «дажджом», «маланкай» і нават «арлінай драпежнасцю».
*
Чалавек бачыць і разумее не сябе, а сваё, не сябе, а свае абалонкі — тое, што ўжо ад яго адпластавалася, адасобілася, але яшчэ не адчужылася. Гэтыя яго абалонкі, гэтыя пакінутыя целы становяцца сферамі навукі, мастацтва, філасофіі, тэхнічна-прыкладной дзейнасці чалавека: з імі ён супрацоўнічае і дзякуючы ім усё глыбей пранікае ў рэчаіснасць, якая таму і можа ўспрымацца і пазнавацца, што яна такім чынам становіцца асвойтанай.
А звонку гэты працэс падобны на хвалевы рух кругоў, калі ўпадзе ў ваду камень.
*
Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў, і нават нястача біяграфічных і творчых звестак як бы спрыяе гэтаму.
Комментарии к книге «Сума немагчымасцяў», Александр Степанович Рязанов
Всего 0 комментариев