Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ (fb2) - Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ 1890K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Виктор Афанасьевич Козько
Віктар Казько
ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ Ў ДВУХ ТАМАХ. Том ІІ
Падрыхтаванае на падставе: Віктар Казько, Выбраныя творы ў двух тамах Том ІІ, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 480 с.
ISBN 5-340-00519-4
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Хроніка дзетдомаўскага саду
Раман
У той дзень я выбраў не лепшую дарогу, тую, па якой хадзіў у дзяцінстве. Хто ці што павяло мяне на тыя сцежкі, якія даўно ўжо зараслі і зарубцаваліся? Да гэтага ж я старанна абыходзіў іх. Але тут выйшаў з хаты, нагрузіўся вудамі, спінінгамі, ракалоўкамі, прыжмурыўся, гледзячы на вясенняе сонца, і апамятаўся ўжо ў дзетдомаўскім двары, каля сваіх дубоў. I так хораша стала мне на душы, што я дараваў ім усё: лістапад, доўгія вечары восенню, калі я звычайна пазніўся ў сталовую, магутнасць іх шырокай кроны. Гэта ж колькі лісця яны неслі на сабе і як яно дружна ападала, дзень і ноч. А мне трэба было зграбаць яго да апошняга. Я дараваў і свайму дзетдомаўскаму сябру Мысу Пожні, які каварна падсунуў мне, тады навічку ў дзетдоме, гэты ўчастак з дубамі.
Дырэктар нашага дзіцячага дома быў чалавек ваенны і таму любіў парадак: каб усё было як у танкавых войсках, і кропка, хоць сам служыў у пяхоце-матухне. Ён сам размераў, разбіў тэрыторыю дзіцячага дома на ўчасткі: сто гаўрыкаў, гвардыі радавых, неабучаных — сто ўчасткаў. Мяне на той час яшчэ не было тут, а шапялявы Мыса — Міша Пожня — быў ужо. Яму па жэрабю і пашанцавала на гэтыя дубы, а да мяне яны перайшлі з-за маёй дурасці. Пчалінай радасцю вызвоньвала вясна, калі эвакуатарша Палескага дзетпрыёмніка прывезла мяне сюды. Галапузы Мыса Пожня стаяў дзяжурным на варотах, не адыходзячы ад іх, ён і абдурыў мяне.
Комментарии к книге «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ», Виктор Афанасьевич Козько
Всего 0 комментариев