Выбраныя творы ў двух тамах. Том І (fb2)
- Выбраныя творы ў двух тамах. Том І 1856K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Виктор Афанасьевич Козько
Віктар Казько
ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ Ў ДВУХ ТАМАХ. Том І
Падрыхтаванае на падставе: Віктар Казько, Выбраныя творы ў двух тамах Том І. Неруш: Раман. Апавяданні. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 479 с., [1] л. партр.
ISBN 5-З40-00518-6
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ВЕЧНЫ САД У ЗОНЕ ЗНІШЧЭННЯ
Цёплы светлы майскі вечар. Далёка ўнізе за акном затухае ў дрымоце Старавіленская вуліца. Адкладзены ўбок часопіс з артыкулам Астаф'ева пра Гогаля. Паблісквае блакітным вокам тэлевізар — Беражкоў успамінае паездку з Молатавым у Германію. Паглядваем на экран, размаўляем.
- Ну што, так я нічога і не здолеў растлумачыць?..
- Віктар Апанасавіч, а ў што вы верылі ў дзіцячым доме?
- ...У камунізм.
Імя Віктара Казько ў свядомасці большасці тых, хто сёння чытае, звязана з пакаленнем «дзяцей вайны». Крытыкі адзначылі гэта пакаленне як «трэцюю хвалю ваеннай прозы». Гутаркі і інтэрв'ю да дня Перамогі, запрашэнні на «круглыя сталы» і «тэматычныя канферэнцыі» — трывалае месца ў картатэцы літаратурнага працэсу. Сам жа пісьменнік, беручы ўдзел у гэтых гутарках і канферэнцыях, настойліва агаворваў: «Я не адношу сябе да тых, хто піша пра вайну». I зноў: «Я не пісаў пра вайну». I зноў: «Я ніколі не пісаў пра вайну ўвогуле». I тлумачыў: «Я пісаў толькі пра тое, што зведаў, перажыў сам».
Дык што, шэсць аповесцяў і два раманы Віктара Казько — проза аўтабіяграфічная, гісторыя яго сучасніка, яго пакалення?.. Усё ж не, не гісторыя, халодная, храналагічная лінейная, жорстка прыземленая фактамі. Зноў жа, найбольш дакладнае вызначэнне знайшоў ён сам, распавядаючы аб рабоце над апошнім сваім раманам: «Гэта мая споведзь перад чытачом, часам і самім сабою».
Пачыналася гэта споведзь амаль дваццаць гадоў назад аповесцю «Высакосны год». Па пакручастай, аблытанай каранямі сцежцы быў зроблены пісьменнікам першы крок — дамоў, у дзяцінства. Каб потым, саступіўшы з гэтай сцежкі ў «Аповесці пра беспрытульнае каханне» і «Судзе ў Слабадзе», у «Нерушы» і «Хроніцы дзетдомаўскага саду», спыніцца і спытаць сябе і нас: «Каму ж, у чые рукі мы перадалі ўсё гэта, чаму ж у розруху наш дом?..»
«Не мяне — сябе згубілі, вярніцеся ў дом свой» — так гаворыцца ў Святым Пісанні...
ВЯРТАННЕ ПЕРШАЕ
«Высакосны год». «Аповесць пра беспрытульнае каханне». «Суд у Слабадзе».
Такім чынам, дом. Хата. Дзіцячы дом, куды Віктар Казько трапіў — сам дакладна не памятае — годзе ў пяцьдзесят першым ці другім. Дзяцінства. Як ён спрабаваў пераканаць мяне ў адной з нашых даўніх размоў, што дзяцінства яго было шчаслівае, зусім у адпаведнасці з хрэстаматыйнай талстоўскай формулай! Успамінаў вясну, на ўсе чатыры бакі свету разліў Случы, плыты, цёплы дождж, даўкі камяк радасці ў горле... I які цяжкі быў кожны крок назад, у глыбіню памяці, у той час, што быў ужо не дзяцінствам, але — вайною.
— Разумееш, тады не думалася, не было такога ўсведамлення, што вайна — гэта нешта незвычайнае, часовае. Гэта было жыццё, натуральны яго стан. Здавалася, так і павінна быць: чалавек хаваецца, жыве ў норах-зямлянках, за ім гоняцца, калі даганяюць, страляюць, забіваюць —палююць, як па звера... Трэба хавацца і ўцякаць. I ёсць дарога... Калі я думаю пра вайну, я заўсёды бачу дарогу. Адчування прытулку, прыстанішча, хаты няма, толькі дарога...
Вось гэта нялюдская звычайнасць непрытульнасці, неабароненасці, смяртэльнай зацкаванасці і звалася — «трэцяя хваля ваеннай прозы».
I што ж данеслі першыя «хвалі»?
У акопах перадавой, на гарачым снезе ваенных аповесцяў Юрыя Бондарава няма месца дзецям. Тут пра іх гавораць зрэдзь часу і скупа, бліскавічна і на імгненне толькі ўзгадваючы мінулае: «Дзеці!.. Дзеці ж... Не дадзена мне права паміраць. Не!.. Дзе- ці!»—ці зазіраючы ў будучае: «А вайна ж уся да заканчэння... Дзяцей яшчэ народзіш...
Сямігадоваму хлапчуку з прыфрантавой вёскі ад нечаканага маладога кахання, якім захоплены да яго сястры герой аповесці Канстанціна Вераб'ёва, даравана толькі крыху пяшчоты і мімалётнага клопату. Мы будзем сведкамі таго, як на вачах у лейтэнанта загіне яго Марынка, датыкнемся да яго адчаю. I зразумеем, што і ў лёс хлопчыка вайна ўваходзіць як вялікае гора, але нам не дадзена будзе зведаць рэха душы яго на гэтае гора.
У рамане Грыгорыя Бакланава «Ліпень 41 года» ёсць жахлівая сцэна. Ноч, гараць па ўсім даляглядзе вёскі... Злавілі «шпіёна» — мясцовага настаўніка. У тыя хвіліны сляпой нянавісці ўсе вераць: ён сігнальшчык, ён немцаў чакае, і расправа непазбежная. Выратаванне прынясе крык хлопчыка, што кінецца загароджваць бацьку сваім маленькім слабым целам ад бяздумнай людской лютасці: «Не біце яго! Гэта мой, мой, мой тата!..» I мы не забудзем вялікія ад слёз вочы і гэты крык, і, дадумваючы, скіраваныя дакладнаю рукой аўтара, успомнім: так, Дастаеўскі, Іллюшачка, так, білет у рай і слязінка дзіцяці... Дык вось што адчула гэтае дзіця. Якое веданне вайны, жыцця, людзей вынесла яго з жахаў той, у зарывах пажараў ліпеньскай ночы сорак першага года?..
У кнігах Васіля Быкава дзіцячы лёс крайне трагічны. Вайна — заўсёды пакутніцтва чалавека. Але думка пра тое, што вайна — боль і смерць дзяцей, гэта думка, памяць, гэта ўсведамленне ўласнай віны пякельна балючыя для герояў Быкава. Можна развітацца з жыццём, толькі б не было больш такіх трагедый. І прымае на сябе ўсю віну, толькі б вярнуць дзецям маці, Сотнікаў. Вытрымлівае ўсё, што, здавалася б, і немагчыма вытрымаць, але захоўвае дзіця Ляўчук. Шкадуючы дзіця, парушае загад Ляховіч. Здаецца ў палон, калі з-за яго забіваюць дзяўчынку і вось-вось заб'юць яе брата, камбрыг Прэабражэнскі. Вяртаецца ў сяло, каб памерці са сваімі вучнямі, Мароз. Нельга і ўявіць сабе, каб яны былі здольныя пераступіць цераз пакуты дзяцей.
На першых жа старонках рамана Уладзіміра Багамолава «У жніўні сорак чацвёртага...» мы адчуваем хваляванне Алёхіна, чалавека, як запэўнівае пас аўтар, песімістычнага, які шмат чаго пабачыў за гады вайны, калі ён прыкмячае скалечаную руку ўсмешлівага белагаловага хлопчыка двух гадоў ад роду... I ў ваеннай біяграфіі Таманцава, гэтага «жалезнага чалавека», таксама былі сустрэчы з дзецьмі, якія захавала памяць. Ён усхвалявана сачыў, як дурасліва сваволіць дачка нямецкага агента Паўлоўскага, I быў яшчэ хлопчык гадоў чатырох, сып савецкага камандзіра. На самым пачатку вайны, дзесьці каля граніцы, яго падабралі фашысты, дыверсанты, прывучылі называць мамай нямецкую радыстку. Таманцаў помніць, як піхала яна хлопчыку цукеркі, каб маўчаў, выпадкова не выдаў, і як зморшчыўся ён ад болю, калі пры праверцы дакументаў «мама» сцяла маленькую яго руку; помніць перастрэлку, цяжка параненую, акрываўленую немку і хлопчыка, што прыхінуўся да яе, учапіўся мёртва, абедзвюма рукамі і дзіка крычаў... I яшчэ адна кніга Багамолава «Іван». Нават гэтая аповесць, цэнтр якой — скалечаны, растаптаны вайной лёс дзіцяці, таксама пабудавана па тым, як бачаць яго, што думаюць пра яго, ягоную работу разведчыка і што для яго робяць людзі дарослыя...
Дый інакш у кнігах пісьменнікаў гэтага, што прайшло вайну, фронт, пакалення, пэўна, і не можа быць. Толькі яны маглі расказаць, як прагне чалавек, якога праз некалькі імгненняў чакае смерць, каб запомніў і памянуў яго добрым словам незнаёмы хлопчык у старой армейскай будзёнаўцы, што нечакана апынуўся побач. Але ж толькі тыя, чыім дзяцінствам была таксама вайна, здольныя растлумачыць, што ўбачыў той хлопчык сваімі шырока адплюшчанымі на бледным твары вачыма, што ён падумаў і адчуў, што запомніў...
Сам для сябе спрабуючы разабрацца ў гэтым, Віктар Казько напіша пра маці, з жыцця якой у яго памяці «захавалася толькі смерць яе, не засталося ў памяці ні твару, ні вачэй, а толькі чобаты, у якія яна была абута, бушлат, які быў на ёй...». Ён напіша аб адчуванні віны за смерць сястры: калі маці забіла шалёным снарадам, яны засталіся ўдваіх з сястрой, ён быў старэйшы, яму было тры гады, а сястры два, і ён уцёк, заблукаў у начной вёсцы, а сястра замерзла. Калі дарослыя героі кніг Быкава, Баклапава нясуць у сабе віну за дзіцячыя пакуты, то хлопчык, герой Віктара Казько, будзе вінаваціцца тым, што столькі ведае пра людзей «не вельмі добрага», прыме на сябе віну за ўсё тое нядобрае, што вакол яго, што творыцца на свеце.
Пісьменнік прызнаецца: «Мне часам гавораць, што ўсё, пра што я расказваю, успамінаю, я прыдумаў. У чатыры, нават у пяць - шэсць гадоў я не мог бы столькі запомніць. Але я сам помню ўсё. I гэта цяжка».
I цяжка, і страшна тое, што помніць яго герой.
Як запрагаюць у барану і гоняць па замініраваным партызанамі полі бацьку і маці, і поле выбухае.
Як бяжыць ён усю ноч па дарозе, якая вымашчана нябожчыкамі.
Комментарии к книге «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І», Виктор Афанасьевич Козько
Всего 0 комментариев