Пабуджаныя (fb2)
- Пабуджаныя 1561K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Генрих Вацлавович Далидович
Генрых Далідовіч
ПАБУДЖАНЫЯ
Раман
Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Пабуджаныя. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 567 с., [4] л. іл.
ISBN 5-340-00012-5
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Частка першая
ВЯСНА, ВЫПАКУТАВАНАЯ ЗА СТАГОДДЗІ
Мы належым да народу,
Што ад свету да заходу
Кожны з гора ўтрое гнецца,
Аднак гору не даецца.
Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,
A ўсё ж верыць зорцы яснай.
Наш народ наўздзіў трывалы!
Шмат прыдбаў чужынцам славы...
Аб сабе адно забыўся,
Толькі вось цяпер збудзіўся...
Цётка
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?
Брацця! Ці хваце нам сілы?!
Максім Багдановіч
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1.
Чалавек ішоў адзін.
Шмат людзей — шукальнікаў шчасця i прыгод, наймітаў, валацуг, паломнікаў, салдат, старцаў i яшчэ нямала хто — рана-позна вяртаецца да бацькоўскага дома, але кожная жывая душа мае свае сцежкі-дарожкі, радасць i гора, сваё наканаванне.
Чалавек крочыў вуліцай па Засценку лютаўскай позняй часінаю. Родная веска, дзе ён ca сваіх дваццаці пяці вёсен пражыў дваццаць дзве (апошнія, лічы, тры гады тут не быў), сустрэла яго ўзбуджанай цемнатою, знаёмым прыемным дымам з комінаў, скупым, але вабным святлом з вокнаў, блізкімі i далёкімі чалавечымі галасамі ды маўклівай радасцю — ад яе аж захлыналася яго яшчэ маладое, але ўжо спакутаванае сэрца. Адлучка, на першы погляд, кароткая, нейкіх там пару гадоў, а на самай справе доўгая, спусташальная (за гэты час быў спачатку ў запасной вайсковай часці за Вільняю, а пасля — на Паўночным фронце i ў сібірскім шпіталі), усё ж не здолела агрубіць яго чулую душу, знішчыць у ёй пяшчотнае.
Падышоў на Сяле да хаты Сцяпана Супраневіча, адчуваючы, як часцей заштуршкавала сэрца: роўна тры гады таму, у лютаўскія марозныя вечары, ён пачаў праводзіць адгэтуль дадому тую, якая паланіла яго. Як нядаўна i як ужо даўно тое было! Не то ява, не то сон! I калі быў у акопах, i калі чапляўся за жыццё ў шпіталі, i вось цяпер, вярнуўшыся ў родную вёску, было ўсцешна, а заадно i балюча ды крышку сорамна пры ўспаміне пра Зосю, іхняе каханне: чамусьці сваё мінулае ўспамінаеш не толькі з лёгкаю ўсмешкай ды з радаснай уцехаю, а найчасцей — са шчымлівым сорамам ды болем. Цешыўся, што ўсё тое маладое не прымроілася, а было на самай справе i грэла сэрца, як можа грэць усё светлае i пяшчотнае, саромеўся, бо часамі няўдала паводзіўся, памыляўся, а то i ўвогуле вытвараў усялякія дурноты, а боль адчуваў ад вялікай страты: якое ні было шчырае, моцнае тое каханне, а любімая дзяўчына дасталася не яму, a іншаму, хірляваму Віцю Гарбацэвічу.
Гэтай суботняй часінаю ў хаце Сцяпана Супраневіча было цёмна i ціха — можа, цяпер у каго іншага збіраюцца маладыя, а можа, спрадвечныя янкавінскія вячоркі, попрадкі, забавы, адным словам, гульбішчы ўжо звяліся: ці да смеху, любошчаў, гуляў, калі трэці год спусташае свет, людскія душы вайна?
Не запыніўся, рушыў далей па Сяле i, падыходзячы да хаты Сцяпанавага стрыечнага брата, Юзіка Вайтковіча, прыемна здзівіўся: вузкі двор, невялічкі гародчык асветленыя, а з нізкай, з адным акном ад вуліцы хаты чуецца вясёлы гоман, смех. Значыць, старыя завядзёнкі не зніклі, а па-другое, падраслі Юзікавы дочкі — вячорнікі пачалі збірацца ўжо тут. Шумлівыя сходкі будуць да таго часу, пакуль гаспадаровы дзяўчаты не выйдуць замуж.
Вайтковічава хатка стаяла блізка ад вуліцы, дык ён, наблізіўшыся да плота, зірнуў у невялікае незавешанае акно: на лаве спінаю да гародчыка сядзелі дзяўчаты i вайскоўцы, валтузіліся — мужчыны спрабавалі абдымаць суседак, а тыя вішчэлі I выцярэбліваліся. Ён не здзівіўся, што бачыць тут салдат. З рэдкіх лістоў ад бацькі, з сённяшніх гутарак з людзьмі ведаў: непадалёку запыніўся фронт. Немцы яшчэ пазалетась узялі Новагародак, але далей прасунуцца не змаглі, дык Налібакі, Янкавіны, іншыя вёскі прыналібацкага краю засталіся неакупаваныя, i тут, як сказалі яму сёння падарожныя, раскватараваліся рускія тылавыя часці, лёгкапараненыя сёмай Туркестанскай дывізіі i трэцяга Сібірскага корпуса Другой арміі Заходняга фронту. Маючы вольны час, вайскоўцы i забаўляліся з тутэйшымі дзяўчатамі, як удыгалі некаторыя маладыя салдаты i афіцэры вакол міласэрных сёстраў, цывільных маладзіц там, дзе ваяваў i лячыўся ён.
Хто з маладзейшых дзяўчат з салдатамі? Адразу i не пазнаеш. Мусіць, ужо з тых, хто нядаўна быў падлетак, каго яны, сталейшыя, яшчэ не вельмі пускалі ў сваю кампанію, змушалі церціся пад вокнамі. Што ж, здзіўляцца ад гэтых перамен, можа, i не варта: для адных час гуляў i маладых уцех адыходзіць, для іншых — прыходзіць. На гэтым спрадвеку свет стаіць, род людскі трымаецца, і, мусіць, нікому не парушыць гэты просты, але мудры няпісаны закон. Бач ты, вунь ужо штурхаюцца i хіхікаюць, таўкуцца ў цесным гурце пад дворным акном зусім малыя жэўжыкі, стараючыся зазірнуць у хату i па нейкім магутным вечным поклічы прыроды цягнучыся да сакрэтаў сталага жыцця.
Чалавек, хоць нікім i не заўважаны, не запыніўся, пайшоў далей. З узрушэннем мінуў цёмную хату Зосінага бацькі, маўклівую воласць i гэтаксама неасветлены ўжо старшынёўскі, Сяргеенкаў дом, затым пакінуў за сабою дзядзькавы хаты i наблізіўся да роднага селішча. Асвойтваўся, забываў тое жорсткае існае, што не быў дома гэтулькі ўжо часу: былое, знаёмае хлынула на яго з усёю сілай дзіцячай i юнацкай памяці, уражлівасці, i ён зноў адчуў сябе на роднай зямлі. Здаецца, адлучаўся з дому зусім ненадоўга.
Іхняя старая, высокая, з глыбокім дуплом у камлі ліпа, плот, прысадзістая хата такія ж, якія i стаялі ўвесь час у вачах альбо нават i сніліся. Абзыўнуўся іхні сабака. Гаўкнуў радасна, пазнаўшы. Яму падтакнуў i суседскі, але непрыхільна, злосна, як на чужога чалавека.
Падарожны, запавольваючы крок, не заспяшаўся ўваходзіць у родны двор. Можа, таму, што вокны не свяціліся, значыць, усе ўжо спалі, можа, таму, што ў гэтую хвіліну ногі самі павялі да суседавага дома, дзе нявесткавала Зося — найдаражэйшы яму чалавек, найперш дзеля каго ён стараўся выжыць i вярнуцца сюды. Зосю ён не забываў, бадай, ні на адзін дзень, спадзеючыся, што яны зноў будуць сустракацца, кахаць адно аднаго. Яна ж некалі i на сваім вяселлі, i на яго праводзінах на вайну клялася: «Казала табе i яшчэ скажу: мяне змусілі пайсці замуж за Віцю, але не адвабілі ад цябе. Я толькі цябе, Яначак, люблю...»
У Гарбацэвічаў, як было відаць адгэтуль, з дарогі, зырка палала на камінку лучына, але ўбачыць тое, што робіцца ў хаце, было няможна: ніжнія шыбіны ў акне ад вуліцы былі завешаныя белымі фіранкамі. Бацькаў сабака, нібы здзівіўшыся, што ён абмінуў сваю хату, заціх, а вось гэты, суседаў гарлач, па-дурному зазвягаў, быццам на злодзея.
Палавінкі фіранак пасярод акна варухнуліся, падаліся ў бакі — i ён хітнуўся за шула. Заснежаны гародчык з кустамі парэчак i агрэсту, з ацярэбленым кустоўем кветак, новы плот высвеціліся, a ў незавешаным ужо акне паказалася кабета: сюды, на двор, затуліўшы далонькамі шчокі, зірнула гаспадыня, Вікця. Праўда, яе твару не было відаць: яго хаваў густы цень.
Вікця не засланіла сабою ўсё акно, бо стаяла збоку, дык ён убачыў палавінку першага, чорнага пакоя: у канцы яго, ля высокай белай грубкі, нагнуўшыся, знаходзіліся маладыя — Зося i Віця. Між імі, у пастаўленых на зэдлік шырокіх ночвах, сядзела голенькае дзіця. Вось Зося — у белай касынцы, у блузцы, рукавы якой былі загорнуты вышэй спрытных локцяў — зачэрпнула кубак вады, лінула зверху на светлавалосую дзяціную галоўку. Дзіця ад нечаканасці выпрастала спінку, заплюскала вочкамі, шырока разяўляючы роцік, а пасля зацерла-зацерла кулачкамі пад вачыма. Віця — падстрыжаны пад польку, ca светлай патыліцай, у зрэбнай кашулі з белым расшпіленым каўнерыкам, здаецца, памужнелы — заўсміхаўся, трымаючы ў руках, мусіць, загадзя нагрэтае ад стаяка вялікае белае прасцірадла. Усцешылася i Зося, лагодна пазіраючы i на малое, i на мужа, i ад гэтай іхняй бацькоўскай радасці, ад чужога шчасця яго раптоўна секанула па сэрцы тужлівасць.
Па-першае, уразіўся ад Зосінай весялосці, радасці, а па-другое, здзівіўся, што задаволены, шчаслівы i Віця: гэтае ж дзіця, можа, i не яго. Дык што — Зося не толькі прывыкла да Віці, але i пакахала яго? Забылася пра тое сваё «вернае» слова?
Комментарии к книге «Пабуджаныя», Генрих Вацлавович Далидович
Всего 0 комментариев