Вітраж (fb2) - Вітраж 512K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Янка Брыль
Янка Брыль
ВІТРАЖ
Апавяданні, мініяцюры, нарысы
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Вітраж. Апавяданні, мініяцюры, нарысы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. — 200 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ГУРТАВОЕ
Каля нашай вёскі, там, дзе цяпер проста крайні ад загумення куток вялікай калгаснай пашы, калісьці быў лужок. Ca сваёй асобнай назвай, са сваей маленькай гісторыяй, якая штогоду папаўнялася новымі фактамі.
Гэта бывала звычайна ў другой палавіне жніўня.
Харошая пара. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Безліч мядзведжых ахапкаў казытлівага сена i ладных — добра, калі нялёгкіх! — снапоў падняты ды пакладзены на воз, пасля на торп, у халадок i зацішак гумна. На полі застаўся толькі авёс — у мэндліках або сям-там, дзе надзелень, яшчэ не скошаны. Грэчка, лубін, канюшынная атава, насенная канюшына, бульба, што пачынае ўжо добра жаўцець i смачна, дамавіта пахне. Пара адноснай сытасці, першахлебнай ды бульбянай, укропна-агурочнай, яблычнай. Нейкая паўза, кароткі адпачын перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц, перад мудрай i сумнаватай паэзіяй свежай раллі, радасным россыпам новага насення, журботна-сонечнай паэзіяй залатога лісця i амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння...
Комментарии к книге «Вітраж», Янка Брыль
Всего 0 комментариев