Уліс з Прускі (fb2) - Уліс з Прускі 1401K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Уладзімір Гніламёдаў
Уладзімір Гніламёдаў
Уліс з Прускі
Раман
Частка першая
І
Чым даўжэй ён жыў, тым часцей успамінаў той выпадак, у самым дзяцінстве, на прускаўскай вуліцы. Тады ён быў яшчэ не Лявонам, а Лявонкам — падлеткам, што нядаўна толькі скончыў вясковую школку. Стаяў канец жніўня, але дрэвы ўжо паспелі пажаўцець, і на зямлю нячутна, па адным, ападала лісце. Ля калодзежа, насупраць старой дзедавай хаты, што знаходзілася якраз пасярэдзіне вёскі, тоўпіліся мужчыны і, як звычайна, пра штосьці гаманілі. Ніхто не звярнуў увагі на Кузёмку, які ў ботах з блішчастымі халявамі ішоў па вуліцы, са звыклай усмешкай на твары, наіўна, па-блазенску радуючыся ўсяму, што трапляла на вочы. У яго паводзінах было штосьці ад малога дзіцяці, якое нешта вельмі цікавае ведае і якому не церпіцца расказаць пра гэта іншым.
Убачыўшы людзей, пасур'ёзнеў, падышоў бліжэй і неяк незадаволена, нават злосна пазіраючы на іх, невядома за што папракнуў:
— Стаіце?! А вунь у двары кажуць — дваццатае сталецце пачалося! Дваццатае!
Кузёмка ішоў, бадай, з панскага двара, меў звычай часам заходзіць туды і гаварыць нават з самім панам Падгурскім, да якога мясцоваму чалавеку было не падступіцца.
Прысутныя не адразу і зразумелі дзівака: пра што ён вярзе? Пра сталецце нейкае? Недаверліва пераглянуліся паміж сабой.
— Дваццатае сталецце? А хто іх лічыў — сталецці тыя? — усміхнуўся Дармідонт Хлябіч — не стары яшчэ чалавек з рудой барадой.
— І то праўда! — як заўсёды, у тон яму паддакнуў Захар Відэрка і засмяяўся.
Дармідонт, апрача таго, што меў уласную гаспадарку, быў яшчэ і панскі ляснік, дакладней, стражнік у панскім лесе.
Комментарии к книге «Уліс з Прускі», Уладзімір Гніламёдаў
Всего 0 комментариев