Ад школы, дзе вучыць Леанід Акімавіч, да Замхоўя крыху больш сямі кіламетраў. Гэта калі праз лес, ці, як кажуць, брадамі. Дубы і клёны, сярод якіх дзе-ні-дзе пракідаюцца танклявыя беластволыя бярозкі і кусты арэшніку, упіраюцца скрозь у самае неба. За парэпанымі, у два і ў тры абхваты камлямі парою нельга разгледзець малаўезджаную дарогу за дзесяць-дваццаць крокаў.
Дзе-кольвечы па дарозе можна сустрэць доўгія гнілыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. Затым — зноў лес. Дрэвы адно ў адно: тоўстыя, старыя, з бародамі сівога моху на ствалах. Яны заўсёды захоўваюць адвечныя лясныя змрокі.
Лес гэты не ведаў ні пілы, ні сякеры. Ён рос, старэў. На яго месцы неўпрыкмет з’яўляўся новы, і так ішлося спрадвеку. У адным месцы ля дарогі лес нібы рассоўваецца, даючы месца паляне. Яшчэ да вайны тут стаяла леснічоўка. Ад яе засталося толькі печышча. Усё ў быльняку і ажынніку, яно выпіраецца аж на самую дарогу.
Людзі па гэтай дарозе ходзяць рэдка. Сустракаючы тут Леаніда Акімавіча, сёй-той з аднавяскоўцаў часам пытаў:
— Чаго гэта, Акімавіч, брадамі ходзіце? Ёсць жа дарога праз сенажаць. Тудою куды прамей...
Настаўнік усміхаўся, хутчэй сабе, чым субяседніку, і задуменна казаў:
— Лес люблю... Ды і прывык хадзіць сюдою...
Аднойчы хацелі перавесці Леаніда Акімавіча ў Замхоўскую школу. Гэта ў сваю вёску, але ён, на здзіўленне ўсім, адмовіўся.
— Ды якое там далёка... Сем кіламетраў... Адпачыць пасля ўрокаў і то як след не паспееш...
Прывыклі людзі да такіх вандровак настаўніка, думаючы: хлопец усю вайну тут праваяваў у партызанах. Ці мала чаго можа напомніць яму глухая лясная дарога?
Ідзе Леанід Акімавіч, а з галавы не выходзіць мінулае — блізкае, дарагое сэрцу. I бесклапотнае, вясёлае юнацтва, праведзенае на ўлонні прыроды, і школа, сябры, настаўнікі... Яго першае і, відаць, апошняе каханне некалі блукала тут... Усплываюць тыя сінія, празрыстыя майскія вечары з духмяным настоем яблыневай квецені ў паветры... Ён хадзіў адзін каля канцавой хаты ў вёсцы. «Можа выйдзе Ніна? I тады вазьму ды скажу аб усім ёй...» — думаў Леанід. Але дзяўчына не выходзіла. Сядзела каля прыадчыненага акна і чытала.
Комментарии к книге «Лясная дарога», Борис Иванович Саченко
Всего 0 комментариев