Кніга першая - У Палескай глушы
— А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!
— Я пастаю, панічок... У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай,— сказала, прысаджваючыся, бабка. — Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца — ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала?
— Перастала, бабка, перастала! — сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе.— Забыўся нават, што яна і балела!
— Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала!
— Ты і мне шаптала? — здзівіўся настаўнік.— Калі ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.
— Вот вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала... Не гневайцеся: далібог, шаптала!
Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух, вочы яе ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутраное перакананне ў сіле свае здольнасці.
— Напэўна, гэта ты мне памагла, бабка,— сказаў настаўнік, усміхнуўшыся.
— Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даеце веры. Не верыце ніяк мне, старой!
— О не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах, — усюды!
— Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старое Мар’і,— з гордасцю прамовіла бабка.
— I як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?
— Навучылася, панічыку, навучылася!
— А хто цябе навучыў?
— Ой, панічок, вы ўсё хочаце ведаць!
— А што ж, бабка: навучыўся б, і да мяне хадзілі б людзі, і я памагаў бы ім.
— Няможна гэта, панічыку!
— Чаму няможна? Хіба грэх?
— Няможна!
— Мусіць, бабка, ты з нячыстай сілай знаешся?
— Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай Бог крые! I не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя Айца і Сына і Святога Духа!
Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз.
— А што ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.
— Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.
— Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць Богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?
Комментарии к книге «На ростанях», Якуб Колас
Всего 0 комментариев