Леаніды не вернуцца да Зямлі
(Нельга забыць)
Памяці друга майго
Гераніма Стулпана — прысвячаю
УСЕ ІМЁНЫ І ПАДЗЕІ Ў ГЭТЫМ РАМАНЕ -
ВЫДУМАНЫЯ. УСЯКАЕ ПАДАБЕНСТВА З РЭАЛЬНА
ІСНУЮЧЫМІ ЛЮДЗЬМІ З'ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.
П р а л о г
Дарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўнаброд праз Друць або — гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай — ехаць поймаю ракі, паплавамі, каб потым, адолеўшы Дняпро, адчуваць сябе ў бяспецы пад аховаю ўрадавых войск.
На пяцьдзесят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. З гэтай мэтай на левы, процілеглы гораду бераг Дняпра генерал Фікельмонт выслаў роту выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. Капітану не вельмі верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму "ў дапамогу яму" і "на адпачынак" паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі.
Гораў быў паранены ў левую руку ў сутычцы з атрадам паўстанцаў пад Ракавам і адасланы "ў тыл на лячэнне і адпачынак".
Тылу не было. У гэты трывожны жнівень 186З года вайна была паўсюль. «Белыя» спрачаліся з "чырвонымі", беларусы абураліся шавінізмам "белага жонду". Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.
Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. І не ўстаў ніхто добры, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць.
Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода.
Комментарии к книге «Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)», Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Всего 0 комментариев