Мікола АДАМ
...І ПРЫДБАЎ ГЭТЫ ДОМ
Раман-рэфлексія
Маме Вользе Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу прысвячаю
Калі мы пераехалі ў Вёску, мне было чатырнаццаць. Спачатку адправілі кантэйнер з рэчамі, вынесенымі з трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховіка, што стаяў па вуліцы Паркавай у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці. Пасля былі пералёт з Казахстана ў Беларусь з перасадкай у Маскве, амаль двухгадзінная дарога з Мінска (у Брэсцкім напрамку) да райцэнтра электрычкай, а затым аўтобусны маршрут «Райцэнтр — Вёска». Мы менавіта пераехалі, нават эмігравалі, але ніяк не вярнуліся. Бо як можа вярнуцца кантэйнер туды, адкуль яго не адпраўлялі? Гэта толькі мой бацька вярнуўся, таму што ў Вёсцы жылі яго бацькі, таму што ў Вёсцы ён скончыў школу, пасля пайшоў працаваць на цагельню. З Вёскі яго забралі ў войска і менавіта з яе ён паехаў на заробкі ў Казахстан, дзе і затрымаўся надоўга, сустрэўшы там маю маму. Аднак і бацьку цалкам мясцовым было цяжка назваць, бо яго ў Вёску прывезла ягоная маці з Карэлафінска, куды з’язджала ў пошуках лепшай долі, дзе пазнаёмілася з маім дзедам, які жыў там на вольным пасяленні пасля адбыцця турэмнага зняволення за тое, што меў няправільнае і забароненае, нават непрымальнае і непатрэбнае для савецкага чалавека нямецкае прозвішча Адам...
Бацька — невысокага росту, але шырокі ў плячах мацак з бледна-блакітнымі, як зімовае неба, вачыма і дужымі валасатымі рукамі з лапатамі далоняў. Ён вельмі любіў, калі мы былі малымі, гуляць у баксёраў. Не ведаю, ці было бацьку балюча, але мы, як памятаю, малацілі па ягоным жываце са страшнай сілай, асабліва шчыраваў брат. Ён нават умудраўся трапляць па ім нагамі. Бацька заліваўся шчаслівым рогатам ад нашага сапення і сур’ёзных сканцэнтраваных твараў, падазраю, што ганарыўся сынамі, якія не ў лялькі гуляліся, а вучыліся быць мужчынамі. Ён сам быў байцовым, паважаў загартаванасць і моц. Брат у гэтым яго не расчараваў. Я ж ніколі біцца не любіў і не люблю. Больш за тое, баюся і лічу, што бойкі для ідыётаў, бо разумныя людзі заўсёды дамовяцца паміж сабой. Тым не менш біцца даводзілася, бо выхаваў мяне ўсё ж байцовы бацька. Я абавязкова прапушчу першыя ўдары, але таксама абавязкова на іх адкажу, пераадольваючы страх. Зразумела, што да такіх высноў я прыйшоў не адразу і не ў дзіцячыя гады.
Комментарии к книге «…І прыдбаў гэты дом», Микола Адам
Всего 0 комментариев