Сузіральнік (fb2) - Сузіральнік 29K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Андрей Михайлович Федоренко
Андрэй ФЕДАРЭНКА
СУЗІРАЛЬНІК
Апавяданне
На тратуары цені ад дамоў, таму ідзеш, як па веліканскай шахматнай дошцы, з цёмнага квадрата ў светлы, ды яшчэ стараешся не наступіць на хвост голубу, які ўпарта бяжыць паперадзе, абмінаючы расчаўленыя іржава-аранжавыя рабінавыя ягады. Самі дрэўцы, некалі падрэзаныя і цяпер карлікавыя, з куксамі замест вершалін, растуць на газоне за метр ад праезджай часткі, і пад імі то нагінаецца ракам, то прысядае ў траве на кукішкі мужчына з цэлафанавым пакетам і засяроджана чыркае нешта сцізорыкам. Чародка школьнікаў перабегла вуліцу; у аднаго загіпсаваная па самыя пальцы правая рука — вісіць, падвязаная да шыі (як ён будзе пісаць? а мо ляўша?). Тарахцяць па тратуары газонакасілкі, штук шэсць цугам; у прычэпах флегматычныя касцы ў салатавых зеленбудаўскіх камізэльках, і малы гадоў чатырох застыў і не зводзіць з працэсіі круглых ад захаплення вачэй. «Мама, што гэта?!» — «Драндулеткі, — адказвае маці: — Хадзем», — але сын не можа адарвацца ад машынак і па складах паўтарае, укладваючы ў новае слова іншы, чым маці, сэнс: «Дран-ду-лет-кі», — у яго гучыць рамантычна, амаль як музыка. На рагу вуліцы, пад ліпамі, каля безыменнай крамкі чакаюць паратунку — васьмі раніцы — гаротнікі (не ўсе, значыць, паселі ў машыны і паехалі ў офісы), рыхтык як чакалі яго 10, 20, 30, і больш гадоў назад, хіба што тыя, даўнія, былі весялейшыя, расказвалі анекдоты, штораз прыкурвалі, бо танныя цыгарэты тухлі ледзь не пасля кожнай зацяжкі, і абавязкова знаходзіўся жартаўнік, які жаласліва канькаў, шморгаючы ручку дзвярэй: «Адчыні-і-це вароты ў царства-а нябеснае!» — а гэтыя, цяперашнія — маўклівыя, заклапочаныя, топчуцца ці сядзяць на нізкай агароджы кожны сам па сабе, унурыўшыся ў тэлефоны.
Комментарии к книге «Сузіральнік», Андрей Михайлович Федоренко
Всего 0 комментариев