Людміла Рублеўская
АВАНТУРЫ СТУДЫЁЗУСА ВЫРВІЧА
Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
Кніга другая
Падаць з другога паверху на брукаванку шкодна.
Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.
Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі «дамамі фраўцымера» проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было… Не менш, чым для Вырвіча цяпер.
Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала… І тут — гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і — канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям… Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак… І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча… Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.
Комментарии к книге «Авантуры студыёзуса Вырвіча», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев