Пад залатымі трубамі (fb2)
- Пад залатымі трубамі [Кінааповесць-фантасмагорыя па матывах гістарычных хронік] 212K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Людмила Ивановна Рублевская
Людміла Рублеўская
Пад залатымі трубамі
Кінааповесць-фантасмагорыя па матывах гістарычных хронік
Імчыць вершнік. Мільгаюць магутныя дрэвы, узгоркі, палі...
Вершнік у ваўчынай скуры, накінутай на плечы, у скураным шлеме з рагамі час ад часу падносіць да вуснаў медны паляўнічы рог - на ім сляпуча ззяе адбітак сонца, - закідвае галаву і трубіць. Гукі ўрачыста ўзлятаюць у неба. Над вершнікам кружляе чорны арол, які суправаджае яго.
- Так наш далёкі продак, найбліжэйшы радца вялікага князя Альгерда, за параду будаваць слаўны горад Вільню атрымаў ва ўладанні столькі зямлі, на колькі будзе чуваць гук ягонага рога цягам дня... І герб наш адгэтуль - “Трубы”... І чорны арол - знак наш...
Вершнік працягвае свой шлях. Узнімаецца ў неба труба, на якой ззяе сонца... Кружляе ў небе чорны арол.
Высокі худы чалавек з груганом на плячы, захутаны ў манаскі чорны плашч з каптуром, з нянавісцю глядзіць на арла, які кружляе ў небе.
- Замнога табе гонару, паганец. Ніколі не дарую. Заўсёды буду стаяць на тваім шляху.
З пляча Вялікага Інквізітара зрываецца чорны груган. Узлятае ўверх, туды, дзе кружляе арол.
Зноў гучыць труба. Яе залаты бляск асляпляе, нагадвае кругі на вадзе... І застывае малюнкам на гербе “Трубы”, які вісіць над камінам.
1529 год. Гербавая зала ў палацы Радзівілаў.
Юры Радзівіл па мянушцы Геркулес, магутнага складу мужчына з рудаватымі валасамі і барадой, адкінуўшыся ў фатэлі з высокай спінкай, гартае цяжкі фаліянт. У Радзівіла перавязана рука - ён толькі што пасля чарговай бітвы. Вакол яго сядзяць і ўважліва слухаюць дзеці - Мікалай Радзівіл Руды і ягоны стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны, абодва падлеткі, трохі маладзейшая за іх Ганна Радзівіл, і анёлак дзевяці гадоў - Барбара Радзівіл. У крэсле сядзіць жонка Юрыя Радзівіла, Барбара Кола, уладная жанчына з цяжкім падбароддзем і бляклымі блакітнымі вачыма, яна вышывае. Паволі праступаюць на белым шоўку цяжкія гронкі рабіны, бы кроплі крыві. Ля крэсла стаіць паж, Міхал Рашчынскі, які па звычаі трымае малітоўнік сваёй пані і ўважліва прыслухоўваецца да размовы ля каміна. Міхал трохі па-падлеткаваму няўклюдны, але відаць, што вырасце вялікім, дужым, у ім адчуваецца незвычайная моц: і дзікая, мядзвежая сіла, і шчырасць, наіўнасць простай натуры. Ягоны позірк увесь час спыняецца на Ганне Радзівіл, танклявай, гожай, дзёрзкай, якая сядзіць збоку на лаўцы, і адзіная з усіх дзетак круціцца, відавочна нудзіцца ўрокам генеалогіі.
Радзівіл Геркулес працягвае аповед:
- Паводле легенды, наш продак, жрэц князя Гедыміна Ліздзейка, убачыў у прарочым сне Жалезнага Ваўка... Які паказаў месца для пабудовы Вільні.
Мікалай Чорны, хлопец з тонкімі рысамі твару, з “фамільным” радзівілаўскім гарбатым носам, па звычаі падмячае тое, на што іншыя не звярнулі ўвагі:
- Дык што, дзядзечка Юры, Радзівілы паходзяць ад паганскага жраца?
Геркулес паблажліва ўсміхаецца.
- Гэта толькі легенда. Насамрэч першым прыняў герб “Трубы” ваш прадзед, баярын Осцік... Ад назвы маёнтка Трабы. І было гэта пры слаўным князе Вітаўту... І няма, і не будзе роду мацней за наш... Пакуль Радзівілы трымаюцца разам. Як калісьці трымаліся мы - я, мой брат Ян, мой брат Мікалай, мая сястра Ганна Мазавецкая. Адзін я застаўся з іх. Ваш час. Ты, мой сын, Мікалай Руды, і ты, мой пляменнік, Мікалай Чорны, будзеце, як лязо і дзяржальна аднаго мяча.
Браты абменьваюцца позіркамі: адкрыты, шчыры твар гарачага па натуры Мікалая Рудога, засяроджаны, хітраваты - Чорнага.
Увесь гэты час Ганна круціцца на месцы, паглядае за вакно, дзе за ўзорчатымі рамамі пагойдваецца голле дрэў. Тузае на шыі медальён - срэбны арол са смарагдавымі вачыма. Дзяўчынка азіраецца на маці - тая прыдрамала ў крэсле, вышыўка з барвовымі гронкамі рабіны ляжыць на каленях. Пакуль бацька размаўляе з братамі, Ганна ціхенька ўстае. Барбара, якой таксама не вельмі цікава, спалохана глядзіць на сястру. Ганна жэстам кліча яе з сабой. Барбара адмоўна круціць галавою. Ганна ціхенька выслізвае з пакоя. Мікалай Чорны кідае пільны хуткі позірк убок - але не выдае сястру. Уцёкі Ганны заўважае і паж Міхал.
Ганна выходзіць у сад. Прабіраецца між дрэў і кустоўя, расхінае голле, усыпанае квеценню, захоплена сочыць за матылькамі. У траве ёй трапляецца здохлая варона - дзяўчынка не выяўляе грэблівасці, схіляецца, тыцкае ў птушку прутком, заглядае ў мёртвае вока... Ёй цікава - што такое смерць? Відовішча дзіўнае: дзяўчынка-анёлак у белай сукенцы - і мёртвая варона... За княжной, хаваючыся за кустамі, крадзецца Міхал, які таксама пакінуў свой пост, скарыстаўшыся тым, што княгіня заснула. Міхал паглядае з-за голля, як маленькая танклявая княжна ў белай сукенцы гуляе па чароўным садзе. Відаць, што сад і ўвогуле палац толькі будуюцца. Там-сям груды камення, чуваць гукі будоўлі.
Між тым Ганна выходзіць на невялікую палянку, пасярод якой высіцца незразумелае збудаванне. Штосьці высокае, абстаўленае жэрдкамі. Гэта яшчэ не даробленая эолава арфа - вельмі складаная па задуме канструкцыя. Блішчаць паміж жэрдак яе пазалочаныя струны, але яшчэ не гучыць музыка ветру... Так, асобныя дзіўныя гукі, падобныя да жаласных крыкаў птушкі. Ля пастамента пакінутыя рабочымі інструменты, чарцяжы.
Збудаванне ўвенчвае выява арла, таксама не даробленая. Адно залатое пёрка дрэнна замацаванае, амаль адвалілася. Ганна спрабуе яго дастаць, ускараскваецца па жэрдках...
Усё збудаванне са страшэнным грукатам і звонам абрушваецца, Ганна з крыкам спрытна адскоквае - Міхал не паспеў кінуцца на дапамогу.
Да абрушанай эолавай арфы збягаюцца слугі, урэшце прыходзіць сама княгіня, Барбара Кола.
- Зноў шкода ад цябе, Ганна! Твой бацька ўлучыў вам увагу, нягледзячы на свае раны. А ты не цэніш. Цяпер не адкруцішся ад розгаў.
Ганна бялее. Наперад выходзіць Міхал:
- Ваша княская мосць, гэта мая віна. Я тут усё разбурыў выпадкова.
Барбара Кола грэбліва падціскае вусны:
- Ты? Што тут робіш? Здаецца, мой муж памыліўся, калі ўзяў цябе да свайго двара, Міхал. І каб не тое, што твой бацька загінуў, ратуючы князя... Спадзяюся, справядлівае пакаранне стане табе добрай навукай.
Спыняе позірк на медальёне, які ўпрыгожвае шыю Ганны.
- І колькі разоў табе казала. Не карыстайся гэтым ўпрыгожваннем. Яно... не пасуе юнай дзяўчыне.
Сад у замку Радзівілаў. Няўклюдны дзівакаваты вучань замкавага лекара Варакса Семяновіч падыходзіць да зруйнаванай эолавай арфы. Хапаецца за галаву, войкае... Перабірае ламачча. Асабліва пяшчотна збірае рэшткі арла, разглядае, дастае з кішэні чарцяжы, нешта звярае. З кустоў за ім назіраюць дзве камерысткі - Магдаленка і Зоська. Смяюцца. Магдаленка трапна прыцэльваецца і кідае Вараксу ў галаву сарваную з куста шыпшыніну. Варакса недаўменна азіраецца. Дзяўчаты, смеючыся, збягаюць.
Палац Радзівілаў. Пакой з вузкім вітражным вакном завешаны паліцамі з кнігамі і прыборамі для хімічных доследаў. Гаспадар пакоя, лекар Якаб Магнус, хударлявы, змрочны чалавек, за сталом, застаўленым колбамі з рэактывамі, пералівае штосьці з адной колбы ў другую. Дзверы раптоўна расчыняюцца, рука лекара ўздрыгвае, адна кропля праліваецца міма колбы. У пакой забягае Варакса.
- Настаўнік! Усё парушана! Гэты мядзведзь Міхал Рашчынскі! Эолаву арфу зваліў! Арла! Я не паспеў адладзіць механізм...
Магнус скрушна ўздыхае.
- Ты занадта мітуслівы для чалавека навукі, Варакса. Я табе колькі казаў
- любы няўдалы дослед мусіць стаць пачаткам новага.
Варакса працягвае бедаваць.
- Яшчэ трохі, і я пабачыў бы, як удасканалены мною арол ганарліва крычыць і ўзмахвае крыламі!
Лекар асцярожна ставіць шкляніцу на стол.
- Яшчэ раз паўтару - ты невук, Варакса Семяновіч. І вучыцца не хочаш, хоць завеш мяне настаўнікам. Забыўся, як запускаў у сажалку механічную рыбу, якая адразу патанула? А як цудоўна стрэліў вынайдзены табою арбалет - на тры сажні, у спадніцу паненцы Магдаленцы?
Варакса чырванее.
- Гэта выпадкова! Я ўсё адно даб’юся! Мяне зробяць галоўным механікам каралеўскага двара!
Магнус незадаволена круціць галавой.
- Выкінь з галавы, недарэка! Цяпер бяспечней у звярынцы з адчыненымі клеткамі, чым пры каралеўскім двары, які запаланілі італьянцы. Штукароў ды забойцаў Сфорца ты не пераўзыдзеш.
На вучня перасцярогі не робяць уражання.
Комментарии к книге «Пад залатымі трубамі», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев