Бляск камянёў цудоўных (fb2)
- Бляск камянёў цудоўных 135K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ірына Лявонава
Ірына ЛЯВОНАВА
БЛЯСК КАМЯНЁЎ ЦУДОЎНЫХ
Гістарычная аповесць
1
Янак, як ты думаеш, у той карэце ёсць хто-небудзь? Ці ўсе ўцяклі? — спытаў прысадзісты мужчына сярэдніх гадоў свайго маладога спадарожніка.
— Не ведаю, — чамусьці шэптам адказаў той, каго назвалі Янакам. — Дзіўна ўсё.
Амаль новая, пакінутая вельмі прыгожая карэта стаяла пасярод дарогі. Дзверцы былі зачынены, а шчыльныя фіранкі на яе вокнах не дазвалялі зазірнуць унутр. Коней, мабыць, хтосьці выпраг.
Янак падышоў да карэты і, баязліва паглядзеўшы па баках, асцярожна прыадчыніў дзверцу, пакрытую чорным лакам. На яго твары з’явіўся грэблівы выраз, і ён тут жа яе зачыніў. Патыхнула цяжкім пахам гніення.
— Езус Марыя, Лешак, там мерцвякі! Пойдзем адгэтуль, — захваляваўся юнак.
Але нездарма Лешак Круціцкі лічыўся дбайным гаспадаром. А ўсе ведаюць, што дастатак прыходзіць толькі да тых, хто да ўсяго ставіцца грунтоўна і ўдумліва.
— З-за чаго там такі смурод? — падышоў бліжэй Лешак.
— Пойдзем адгэтуль, — стаў угаворваць яго Янак.
— Чаго ты заладзіў? Пойдзем ды пойдзем. Жывых баяцца трэба, а не мёртвых.
І Лешак адкрыў дзверцу карэты, прадбачліва схаваўшы нос у рукаў кашулі.
— Ого! — радасна ўсклікнуў ён, знаходзячыся ўжо ўсярэдзіне. — Ды тут дабра, мабыць, — нябачана! Ты ўдзельнічаеш ці не?
— У чым я павінен удзельнічаць? З трупаў адзежу здымаць?
У адказ Лешак пагардліва чмыхнуў:
— Ты, Янак, таму і будзеш усё жыццё хадзіць у галадранцах, Бо, як я разумею, гэта будзе ад тваёй дрымучай дурасці і тупасці. Ідзі сюды, не бойся!
Паглядзі, колькі на гэтых панах усякага багацця начапляна. Ім яно ўжо не трэба, а нам ох як можа спатрэбіцца.
— Ды ўжо... — недаверліва працягнуў Янак.— Не, дзядзечка, вы як хочаце, а я пабег дахаты.
Малады чалавек рашуча заспяшаўся прэч ад смуроднай карэты.
— Ідзі, дурань, ідзі, ды глядзі, нікому не кажы, што ты тут бачыў, — злосна пракрычаў яму ўслед старэйшы таварыш.
Лешак ізноў залез углыб карэты.
У карэце на сядзеннях, абабітых тоўстым аксамітам, адзін насупраць другога сядзелі юная дзяўчына і старая, на мёртвым твары якой застыў страх. Тут жа на сядзенні, побач з дзяўчынай, ля акна, напаўляжаў тоўсты пан.
Лешак стараўся не глядзець на твары мёртвых, бо ў пажылога вочы былі прыадкрыты і здавалася, што нябожчык назірае за ім.
Так, занятак быў не з прыемных. Калі ўпрыгожванні з шыі здымаліся лёгка, то пярсцёнкі з распухлых чорных пальцаў зрываліся з цяжкасцю. Разам з імі цягнулася і сінюшная скура. Лешак ажно ўзмакрэў ад напружання.
Набраў ён шмат, а куды ўсё гэта пакласці?
Погляд яго спыніўся на дзяўчыне, плечы якой пакрываў шаль з зялёнага шоўку, вытканы залатым арнаментам. Стараючыся як мага акуратней, ён стаў здымаць покрыва з нябожчыцы, але, мабыць, усё ж незнарок закрануў тоўстага мерцвяка, які знаходзіўся ад яе непадалёк. Труп споўз з лавы і зваліўся ледзь не на ногі Лешаку.
Лешак з агідай адштурхнуў цела нагой.
«Глянь ты, падлюка, не сядзіцца на месцы. Фу, ну і поскудзь жа якая! А пры жыцці, напэўна, уяўляў з сябе няведама каго. Так яму, гаду, і трэба», — падумаў Лешак.
Склаўшы каштоўнасці ў шаль і завязаўшы яго вузлом, ён вылез з карэты.
Адбегшы на некалькі крокаў, пачаў прагна ўдыхаць чыстае паветра.
«Эх, як шкада, што нельга карэту прадаць. Заявішся з ёю ў вёску — пачнуцца роспыты. А горш яшчэ і даносы.
Матка Боская! А кашалі-то я не праверыў. Можа, у іх што каштоўнае ляжыць? Хоць багажу пры мёртвых няма. Напэўна, папрацавалі тыя, хто забраў коней?..»
Але разважанні Лешака нечакана перапыніліся: ён адчуў на сабе чыйсьці позірк. Агледзеўся па баках — нікога. Аднак Лешак быў амаль упэўнены, што побач з ім хтосьці ёсць. А тут яшчэ ўсё жывое ў лесе нібы заціхла. Нават кроны дрэў не шумелі звыкла, а нібы прыслухоўваліся да таго, што адбываецца навокал.
— Янак, гэты ты, лайдак, вярнуўся? — закрычаў Лешак.
— Ек, ек, ек...ся, ся, ся, — прагучала і заціхла рэха ў чорным гушчары.
«Што за д’ябальшчына такая? Нікога няма, а быццам нехта поруч знаходзіцца! А можа, вярнуліся тыя бандзюгі, якія коней забралі?»
Лешак не стаў чакаць пацвярджэння сваім здагадкам, а, як мага хутчэй заспяшаўся ў бок вёскі.
Увесь нядоўгі шлях да вёскі ён раз-пораз хрысціўся. На кожным кроку адчуваў на сабе нечы пагляд, адчуваў лёгкія крокі за спінай.
Але наяве нікога і нічога не было. Лешак чуў толькі сваё цяжкае дыханне і адчуваў, як ад страху на макушцы варушацца рэдкія валасы.
Нарэшце Лешак дабраўся да сваёй хаты, што стаяла на ўскраіне вёскі. Раней, калі яшчэ была жывая яго Магда, яна неаднойчы папракала мужа тым, што ім, заможным сялянам, належыць мець хату ў цэнтры вёскі, а то і наогул жыць асобнай сялібай, а не ціснуцца тут, на падворку.
Лешак згаджаўся з жонкай, але неяк усё рукі не даходзілі. Клопатаў чакалася шмат: і наконт зямлі, і наконт пабудовы. Час ліхі — то адно, то другое, а пенензы толькі давай.
А сёння Лешак быў вельмі рады, што яго хата прыціснулася да ўскрайку вёскі. Ніхто не бачыў, адкуль ён прыйшоў і з чым.
Хата была пабудавана з дыхтоўнага бруса і падзялялася на дзве палавіны. У першай знаходзіўся агмень, стол з лаўкамі, кашы з правізіяй і тры ложкі, дзе спаў ён і сыны. Каля агменю стаяў калаўрот, на якім у перапынках паміж малітвамі Дражына, яго малодшанькая, прала сукно.
Раней ён спаў у другой палове, але пасля смерці жонкі туды перайшла дачка. Нядобра дзеўцы спаць разам з хлопцамі.
Але яго хата была з хітрынкай. Мужыкі, будуючы яе, падвялі пад дах непамернай даўжыні лагі. Хтосьці з іх, было, наважыўся іх адпілаваць, залез наверх, але Лешак забараніў гэта рабіць. Яму ледзь не да слёз стала шкада патрачаных грошай.
Атрымалася даволі ўмяшчальнае гарышча. Сыны прасеклі ў столі адтуліну і зрабілі стромкую лесвіцу, па якой з хаты можна было залезці туды і, калі трэба было, лёгка здымалася. Ніхто з аднавяскоўцаў, бываючы ў хаце, нават не падазраваў, што ёсць такая лесвіца. Тады, калі будаваўся Лешак, усе ладзілі сваё жытло проста, без ніякіх выкрунтасаў. А Лешак завалок на гарышча куфар, прыставіў да глухога акенца стол, і стаў часцяком завітваць туды, а летнімі цёплымі начамі нават з задавальненнем спаў там. Добра ўсё ён гэта прыдумаў. У дубовым куфры пад цяжкай завалай захоўваў Лешак усё каштоўнае, таму доступ наверх дамачадцам быў строга забаронены.
Дзякуй богу, зараз у хаце нікога не было.
Ён хутка падцягнуў да лаза лесвіцу і ўзлез у сваё таемнае сховішча.
Падняўшы вечка куфра, Лешак паклаў на дно скрутак з упрыгожваннямі і накідаў зверху старой адзежы.
Затым ён стомлена прысеў на вечка куфра, абцёр далонню спацелы лоб, падумаў: «Вось і цудоўна! Усё шыта-крыта атрымалася. Значыць, мая задумка была правільнай. Галоўнае, каб Янак нікому нічога і не гаварыў».
Крыху перадыхнуўшы, Лешак злез з гарышча і, перахрысціўшы хату, заспяшаўся ў шынок.
2
Вёска Кажоўская здаўна належала доблеснаму рыцару Казіміру Кажоўскаму, адсюль і пайшла яе назва. Але як толькі шляхціц у лясах пад Смаленскам загінуў за магутнасць Вялікай Польшчы, калі правіў слаўны кароль Жыгімонт I Стары, дык неўзабаве Казіміравы ўладанні раздрабнілі на некалькі маёнткаў сваякі.
Аднак нядоўга яны цешыліся сваім набыткам, насталі неспакойныя і цяжкія часы, а шляхта павінна была служыць каралю. Многія за яго паклалі свае галовы, і вёска Кажоўская, як і іх краіна, перажыла не адзін перадзел, пераходзячы ад аднаго пана да другога.
Калі ж нарэшце сойм Люблінскай уніі пастанавіў быць ім падданымі Рэчы Паспалітай і адносіцца да правінцыі — кароны Вялікапольскай, ад вялікіх зямельных угоддзяў доблеснага рыцара Казіміра нічога не засталося.
Апошнім панам, які валодаў Кажоўскай, быў нейкі індыгенат з французаў. Але таму вельмі не хацелася жыць у гэтых Богам забытых мясцінах, і, узяўшы ад кожнага халопа выкуп за ўсю сям’ю, ён пакаціў у прамяністую Францыю.
Комментарии к книге «Бляск камянёў цудоўных», Ірына Лявонава
Всего 0 комментариев