Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (fb2)
- Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба 708K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ольга Михайловна Ипатьева
Вольга ІПАТАВА
АПОШНІЯ АХВЯРЫ СЬВЯШЧЭННАГА ДУБА
Аповесьць
У 1374 годзе ў Канстанцінопалі былі кананізаваныя тры пакутнікі за хрысьціянскую веру Іаан (Ян), Антоній (Антон) і Яўстафій (Астап), якія ў язычніцтве насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, што сьведчыць пра іхняе славянскае паходжаньне, хутчэй за ўсё з крывічоў, якія складалі значную частку насельніцтва Вільні. Да сьмерці вялікага князя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Альгерда (сына праваслаўнай Вольгі і Гедзіміна) заставалася яшчэ тры гады. Несумненна, ён ня мог не дазнацца аб кананізацыі: усе тры пакутнікі былі некалі ягонымі прыдворнымі, ён добра ведаў кожнага і, паводле некаторых зьвестак, асабліва любіў Кумца і Няжылу.
Аднак жа менавіта ў час ягонага валадараньня яны былі пакараныя страшнаю сьмерцю — павешаныя на сьвяшчэнным дубе, стаўшы яго апошнімі ахвярамі, бо пасьля іхняе сьмерці гэты волат-дуб быў сьсечаны, а на яго месцы пабудавалі храм сьвятой Тройцы. Палітычныя меркаваньні, паводле якіх хрысьціянін-князь вымушаны быў аддаць пакутнікаў у рукі жрацоў, мінуліся ўжо праз нейкае дзесяцігоддзе, і Альгерд жорстка адпомсьціў тым, перад кім раней павінны быў схіляць галаву. Аднак справа была зробленая. Думаецца, што на сваёй апошняй споведзі (паміраў вялікі князь, прыняўшы праваслаўную манашскую схіму, што яшчэ раз сьведчыць пра ягоную палітычную і этнічную арыентацыю) ён спавядаўся найперш у гэтым сваім граху.
За сем з паловай стагоддзяў, якія прайшлі ад часу пакутніцкай сьмерці трох маладых прыдворных Альгерда, шмат навальніцаў пранеслася над беларускай зямлёй. Сьвятыя мошчы, якія вярнулі ў Вільню пасьля кананізацыі ў Канстанцінопалі, былі шанаваныя месьцічамі і праваслаўнымі беларусамі ажно да пачатку Першай сусьветнай вайны. Менавіта ў гэты час (1915 г.) мошчы былі зноў вывезеныя — гэтым разам у Маскву, і да 1926 году знаходзіліся ў музейных сховішчах, дзе над імі рабілі розныя эксьперыменты.
У вяртаньні мошчаў на радзіму актыўны ўдзел прыняла беларуская інтэлігенцыя, у прыватнасьці, бацькоўскі камітэт пры Віленскай беларускай гімназіі.
Але ранейшая вядомасьць да пакутнікаў усё яшчэ не вяртаецца: другая сусьветная вайна і яе жахі, страта Вільні, нарэшце, савецкая атэістычная прапаганда зрабілі сваю справу. Страчаная і іх выразная этнічная прыналежнасьць. Сёньня нават у Сьвята-Духавым манастыры ў Вільні пра іх гавораць як пра літоўцаў, што спазналі сьвятло праваслаўя. І гэта нягледзячы на тое, што некалькі гадоў запар праваслаўнае беларускае брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў прыязджае ў Літву, дзе знаходзяцца нятленныя мошчы, каб адзначыць сьвята сваіх аберагальнікаў.
Пакуль усё яшчэ не «вяртаецца» да беларусаў і Альгерд — князь, пры якім Вялікае княства Літоўскае дасягнула велізарных памераў — ад Чорнага да Балтыйскага мора, а беларуская мова квітнела як адзіная дзяржаўная мова краіны.
У гэтай аповесьці мне хацелася зьвярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўленыя, каб над нашай краінай прасьціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў сьвеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы…
ВЕКША
Велізарны, з залатымі вусамі драўляны Пярун нерухома глядзеў удалячынь. Ён нібыта забыўся на людзей, якія корпаліся ля ягоных ног, мітусьліва прывязваючы да іх — тоўстых, абутых у чырвоныя ўсьмавыя боты — маладую дзяўчыну. Ён як бы думаў сваю адвечную думу, сягаючы ў далёкія, непадуладныя нікому пласты часу.
Дзяўчына была маладзенькай, яе тонкія рукі былі падобныя да маладых чарацінак, зламаных упэўненай, бязьлітаснай рукой. Залатыя валасы, акуратна заплеценыя ў касу і ўпрыгожаныя вянком са сьвежых рамонкаў, аздаблялі яе спалатнелы твар з роўным, прыгожым носам і вачамі, што былі той цёмнай, суцэльнай сінечы, якою цяжка адблісквае ў лістападзе ціхая лясная рэчка. Відавочна было, што яе напаілі адварам маку: яна не крычала, ня тузалася, а цьмяна глядзела, як пяньковыя вяроўкі абвіваюць ільняны падол ейнай сукні, як пяюць, ціха і працягла, жрацы ў белых нагавіцах і кашулях, паступова паскараючы сьпевы, як цьвёрда стаіць амаль насупраць яе ў канцы агромністае залы вялікі князь Альгерд.
Вярхоўны жрэц Перуна Бурыла ўзяў з блакітнае парчовае падушкі нож, які ярка і злавесна бліснуў у сьвятле безьлічы смалякоў, што зырка гарэлі па сьценах, упраўленыя ў сярэбраныя заціскі.
Лоўчы Кумец, стоячы ў багатай, бліскуча-вытанчанай купе прыдворных, адчуў, што ў яго сутаргай сьціснула горла. Дзяўчыну, якую зараз аддадуць у ахвяру Перуну, клікалі Векшай. Яна расла на суседняй з ім вуліцы, дзе жылі майстры, што абслугоўвалі вялікакняскі замак і багатае баярства Вільні. Ня раз яна прыносіла да ягонай маці, баярыні Людміліцы, сярэбраныя бранзалеты, колты і пярсьцёнкі, якія вырабляў ейны бацька, знаны залатых справаў штукар. Даўганогае, як бацянок, няўклюднае дзяўчо толькі ў апошнія два гады раптам акруглілася, заружавела маладым, прыгожым кветам, і вечна ўскудлачаныя ейныя валасы, таксама неяк раптоўна, зазьзялі колерам бледнага золата, а вочы сталі сінімі і глыбокімі. Ён часам думаў пра яе, калі маці, ласкава пасьміхаючыся, нагадвала, што хутка два ейныя сыны, як буслы ў вырай, адляцяць да іншых жанчын — такі закон жыцьця. Але думаў мімаходзь, бо хапала пры княскім двары і прыдворных дзяўчат, за кожнай з якіх стаяла багатая і магутная радня, і жанчын, якія згодныя былі падарыць мімалётную радасьць прыгажуну Кумцу. Віленскі Горні замак[1] ужо досыць даўно зрабіўся для яго месцам, дзе нямала куткоў было абазначана кароткімі, але надта салодкімі прыгодамі: то ў пустой параднай зале, за шэра-зялёнай тканаю шпалерай, то ў ваеннай вежы, дзе гулка аддаюцца крокі вартавога, які, атрымаўшы ў руку талер, адварочваецца і глядзіць удалячынь, нібы не заўважаючы пару, якая юрліва сьлізгае ў памяшканьне…
Цяпер жа, калі Векша назаўсёды адыходзіла ў Ірый, улагоджваючы багоў, ён адчуваў сябе абакрадзеным. Ніколі, ніколі не дакранецца ён да гэтых залатых валасоў, не абдыме тонкі стан, і рука ягоная не памацае грудзі, што высока ўздымаюцца пры кожным сутаргавым выдыху. Вочы Векшы раптам спыніліся на ім, яна, здаецца, пазнала яго, а можа, проста выдзеліла ягоны твар між чэлядзі, што абкружала князя Альгерда. Мабыць, нечым ён вызначаўся сярод іхніх вышытых золатам і серабром каптанаў, гладка голеных маладых і старых твараў. Ды не, наўрад ці яна пазнала яго здаля, толькі, можа, у сваім перадсьмяротным быцьці проста адчула нейкую спагаду ў твары высокага гожага хлопца: твар яе пакрывіўся, яна хацела нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну нож з сілай ударыў у ейныя грудзі, і яна, спалохана выпрастаўшыся, тут жа абвяла, апала на вяроўкі, якімі была прывязаная да ног Перуна. Ногі божышча тут жа афарбавала ў густую чырвань кроў…
І адразу натоўп радасна загуў — агонь за сьпіной Перуна ярка ўспыхнуў, у сьвятле полымя пабляклі смалякі. Бог прыняў ахвяру, значыць, скончыцца страшны мор, які быў насланы злымі сіламі на свойскую скаціну, мор, ад якога здохла ледзь не траціна сьвіней і кароў у ваколіцах Вільні.
Людзі з воклічамі захапленьня сталі кідаць на вялікія тарэлы, якія тут жа зьявіліся ў руках жрацоў, каліты з манетамі, пярсьцёнкі, а некаторыя баярыні — уласныя колты, што, сьпяшаючыся, выцягвалі з вушэй. Колты тыя былі найбольш сьпіральныя — крывічоў сярод насельнікаў Вільні было непараўнальна болей, чым балтаў, дрыгавічоў ды яцьвягаў.
— Брат, ты што дрэмлеш? — пачуў Кумец голас старэйшага брата Няжылы, і схамянуўся. Выцягнуў з каліты, што вісела на паясным кручку, залаты пражскі грош і шпурнуў на тарэлу так, што ён адскочыў ад меднае паверхні і пляснуўся на яе другім бокам.
— Ты што, брат? — зьдзіўленыя вочы Няжылы трохі астудзілі полымя, што бушавала ў грудзях Кумца.
— Нічога! — буркнуў той. Няжыла зьдзівіўся яшчэ болей — ніколі яшчэ малодшы брат ня быў такім злосным. Наадварот — ягоны твар быў заўсёды вясёлым і прыветным, усьмешка амаль не сыходзіла з яго.
Комментарии к книге «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба», Ольга Михайловна Ипатьева
Всего 0 комментариев