Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.
…За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яе — нават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.
Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вады — рукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава-з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы:
— Абы мой вацок[1] з грашыма не адвалiўся. Рук — не купляць…
І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве-тры.
Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны. Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка-мезенiца. Пойдуць сем "мужыкоў" у першую пару, дык месца — хоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.
I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.
Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад "Кароны". Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.
Астатнiя паўмiралi. Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.
Комментарии к книге «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга 1. Выйсце крыніц», Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Всего 0 комментариев