Слаўнаму камсамолу і моладзі Жлобіншчыны ў знак пяцісотгадовага юбілею горада Жлобіна прысвячаю.
Жывуць толькі тыя легенды, якія па самой сутнасці сваёй — праўда.
3 народнага.
Са складаным пачуццём радасці і смутку прачытаў я ў газеце «Латвийский моряк» заметку «Имя на борту». Задумаўся над някідкім глыбокім сэнсам шчырых радкоў, і мне прыгадаліся словы з верша паэта Міколы Чарняўскага:
Ці думаў ён, ці сніў, ці марыў,
Хлапчук з дняпроўскіх берагоў,—
Пачуе шчырае: «Таварыш...»
На мове ўсіх мацерыкоў!
Хлапчук з дняпроўскіх берагоў... Яго ўславіла жыццё, яго ўславілі паэты... Дык хто ж ён?..
Маладое лета сама што ўбіралася ў сілу. У той дзень раніца выдалася надзвычай прыгожая — светлая, цёплая, ціхая. Чыстай, спакойнай радасцю ззяла прырода. На зелені і квецені серабрыста іскрыліся кроплі расы. Іх нібы казыталі і ледзь улоўна гушкалі гуллівыя промні.
Антон паснедаў яешняй, выпіў кубак чаю, вышаў на двор. Грудзі глыбока ўдыхнулі свежае вільгатнаватае паветра. Ён падставіў твар ласкаваму сонцу, прыжмурыўся. Але што гэта?.. Сэрца на хвіліну чамусьці насцярожылася і цібы замерла.
3 вуліцы данёсся звонкі дзявочы голас: «В роще по берёзкам белый перезвон...» Антон пазнаў яго: Волька-кучараўка ўсё вершы дэкламуе.
Волька была старэйшая за Антона, вучылася на тры класы вышэй за яго і жыла ў канцы іхняй вуліцы. Дзяўчына любіла вершы, многа ведала іх напамяць, і калі знаходзіла ўдзячнага слухача, заўсёды чытала яму. «Цікава, каму гэта яна?» Але найбольш, бадай, Антона зацікавіла не столькі гэта, колькі пачутае. «В роще по берёзкам белый перезвон», — паўтарыў ён у думках. — Прыгожа як!» Прытка, як малады пеўнік, скочыў з ганка, пашыбаваў да веснічак.
Волька з незнаёмай яму дзяўчынай адышліся ўжо далекавата.
А да яго падыходзіў Косцік Вярбіла. Антон насупіўся, пераступіў з нагі на нагу, быццам выбіраў ямчэйшую позу. Косціка ў школе дражнілі ацопкам. Быў ён высокі, таўсматы і непаваротлівы.
А да ўсяго лянівы, у некаторых класах сядзеў па два гады.
Наблізіўшыся да Антона, ён таксама набычыўся. Яны сустрэліся поглядамі.
— Ты чаму, ацопак, Наташу ўдарыў? — пагрозліва мовіў Антон.
— А табе якая справа, маляўка?
У параўнанні з Косцікам нізкарослы Антон сапраўды быў як маляўка.
Наташа ў класе сядзела на суседняй парце, і Антон апошнім часам на ўроках стаў употай касіць на яе погляды. Ладненькая русакосая дзяўчынка з вясёлымі зеленаватымі вачамі — яна падабалася ўсім. Але Антону, мабыць, больш чым каму. Ён чуў у душы нейкае незразумелае, асабліва цёплае пачуццё да яе, якое чамусьці стараўся хаваць ад самога сябе.
Косцік, адказаўшы Антону ў тон — грубавата, з выклікам, — спахапіўся, прамовіў спакойней:
— Няхай не задаецца, падумаеш — прыгажуня! Морду адварочвае...
— Хіба можна біць дзяўчат? Хіба можна?.. — Голас Антонаў перарваўся на высокай ноце.
— Яна што, ухажорка твая?.. Ха-ха-ха!..
— Ах ты, ацопак! — Антон сціснуў кулакі.
Косцік угнуў галаву, люта зіркнуў з-пад прыпухлых сіняватых павекаў.
— Удар толькі — зубы павылятаюць, гніда.
Антон ведаў, што Косцік быў баязлівец. Але ведаў ён і другое: чуючы сваю перавагу ў сіле, баязлівец у сляпой лютасці перахоплівае ініцыятыву. Значыць, трэба не даць яму набрацца духу.
— Вот я табе!.. — Антонава атака была імгненная. Удар угадзіў пад дыхавіцу.
Косцік войкнуў, скурчыўя, захістаўся. Антон яшчэ агрэў яго кулаком па патыліцы, але ўжо не моцна, быццам так, ддя прыліку, і ляпнуў весніцамі.
У хаце Антон сеў да стала. Пасядзеў хвіліну, пазіраючы ў акно, узяў з этажэркі кнігу ў цёмна-шэрай вокладцы — «Цусіму» Новікава-Прыбоя. Учора ён да поўначы сядзеў над раманам і, каб маці не пагнала спаць, чытаў бы да раніцы. Цяпер яму не чыталася. Адрываў вочы ад радкоў, зіркаў у акно. Думаў: «Што яго біць было! Ён жа — як мяшок...» Успаміналіся словы маці, якія сказала яна, калі сварылася на яго, што ў чарзе за білетам у кіно пабіўся. «Без чаргі лезлі? Дык ты словам, а не кулакамі праўду даводзь, рукам волі не давай». Ад іх ён адчуваў цяпер сябе прыкра і апраўдваўся перад самім сабой: «А яму, ацопку нахабнаму, дзяўчыну біць можна?»
Ляпнулі дзверы. Прыйшла з базара маці. Ён вінавата паглядзеў на яе і ўнурыўся ў кнігу.
Маці была ў добрым настроі.
— На абед, сынок, боршчык будзе і любімыя твае галубцы. — Яна дастала з кашолкі белы качан капусты, пагушкала яго на далоні. — Нядзеля ж, святочны дзень... Ой, сынок!.. Чуеш?
3 чорнага рупара, які вісеў на сцяне, вылецелі страшныя словы: досвіткам войскі фашысцкай Германіі без аб'яўлення вайны перайшлі граніцу Савецкага Саюза.
— Вайна!.. — прастагнала маці.
Антон шорхаў далоняй, міжвольна прыціскаючы яе, па старонцы, на якой толькі што прачытаў пра гібель браняносца «Ослябя». На момант словы з рупара паляцелі нібы міма яго вушэй. Яму раптам яскрава пабачылася, як стальны гігант кульнуўся на бок. Слізгаючы па палубе, якая стала амаль вертыкальна, матросы пакаціліся ўніз, а разам з імі падалі абломкі дрэва, кускі жалеза, скрынкі, лаўкі. За бартом людзі чапляліся за абломкі, а вакол ад выбухаў снарадаў узнімаліся слупы вады і захліствалі іх. Браняносец перавярнуўся ўверх кілем, стаў тануць... Антон адхапіў ад старонкі далонь, быццам папера напалілася і запякла яму.
Ляцелі, падалі камянямі з рупара цяжкія, суровыя словы. Маці так і стаяла, як застылая, з качаном капусты ў руках. Хлапчук паглядзеў на яе, нібы абмёршую, і адчуў, як яе жах перадаўся яму, халодным вужакай варухнуўся ўсярэдзіне. Аднак гэта ненадоўга. У грудзях быццам штосьці раздалося, напружылася ўпартым рухам якогасьці бунтоўнага пачуцця. Ён усхапіўся з крэсла.
— Куды ты? — дагнаў яго каля дзвярэй трывожны вокліч маці.
— Да Хведзі! Я хутка вярнуся.
Антон шыбаваў да сябра і думаў пра тое, што скажа яму. А сказаць ён мог толькі адно: калі вайна, дык усе павінны ваяваць з фашыстамі. Усе — значыць і яны. Страляць яны ўмеюць, выканалі ж нормы на значок «Варашылаўскі стралок».
Хведзі дома не было, і Антон пакіраваўся ў цэнтр горада. Так, без якой мэты. Прыгадаў, як дзед яго любіў казаць: «Па сялу прайду — можа што знайду». Усміхнуўся: жартаўнік дзед!..
Горад жыў сваім звычайным жыццём. Адчынены былі ўсе магазіны, у ларках гандлявалі марожаным і морсам. Але людзі хадзілі засмучаныя, устрывожаныя. Каля касы клуба «Кастрычнік» тоўпілася чарга — паказвалі кінафільм «Музыкальная история». Спачатку Антон наважыўся быў пайсці ў кіно, ды перадумаў: двойчы ж ужо глядзеў гэты фільм. Купіў марожанага, запіў морсам і рушыў дадому. Ішоў і ў думках напяваў: «Если завтра война, если завтра в поход, если тёмная сила нагрянет, как один человек, весь советский народ за свободную родину встанет». Ён ужо акрыяў ад першага пачуцця страхавітай разгубленасці і чуў у сабе імпэт непадробнага, шчырага юначага патрыятызму.
За абедам ён сказаў маці:
— Чырвоная Армія хутка разаб'е фашыстаў, от пабачыш, мама. — Яму хацелася неяк падбадзёрыць невясёлую, зажураную матулю, якая чамусьці пазірала на яго нейкімі ўмольнымі вачамі.
Паабедаўшы, Антон узяў «Цусіму», вышаў у сад.
Ціха шамацелі старонкі, і неўзабаве ён увесь перанёсся ў свет загадкавай, неўтаймоўна-грознай стыхіі акіяна, у вогненную буру, дзе сярод велізарных бяскрайніх хваляў грукатала, гуло, выла і стагнала, палыхалі пажарамі сталёвыя веліканы.
Падзьмуў вецер. Над галавой зашамацела лісцем разгалістая яблыня. У вецці ўстрывожана заціўкала сінічка. Антон узняў вочы, пашукаў яе позіркам. Знайшоў, пацікаваў за ёю, далёкі думкамі ад усяго, што яго акружала.
— Ціў-ціў, ціў-ціў, — нечакана перадражніў птушку. — Як камар. Ты б — як чайка! — I раптам сябе ў думках: «А як яны, марскія чайкі, крычаць? — Заклаў два пальцы ў рот, прарэзлівы свіст разарваў цішыню саду. — Так, можа?»
Сінічку як ветрам здзьмула, і ён раптам пашкадаваў, што спалохаў яе.
Вячэрняя зара шырока запаліла неба на захадзе крывава-чырвоным водбліскам. Дзень дагараў злавесным відовішчам пажару. Першы дзень страшэннай вайны. Антон згарнуў кніжку, пайшоў у хату, несучы ва ўзрушанай хлапечай душы глухое падсвядомае прадчуванне якойсьці непазбежнай крутой перамены ў яго блізкім лёсе.
Радыё перадавала трывожныя звесткі аб падзеях на франтах. Чырвоная Армія вяла цяжкія баі і адступала. Спачатку Антон не верыў, не хацеў гэтаму верыць. Тым часам над Жлобінам пачалі з'яўляцца нямецкія самалёты. 3 цягучым, здушлівым гулам у строгім страі трохвугольнікам ляцелі на ўсход, на Гомель, цяжкія бамбавозы, праносіліся імклівыя, тонкія, як восы, «ястрабкі». Пакутліва назіраючы за самалётамі, Антон з хлапчукоўскай гарачнасцю думаў: «От бы мне зенітны кулямёт! Палёталі б яны ў зямлю носам!..» А сэрца пякло крыўднае недаўменне: як жа так, Чырвоная ж Армія — самая магутная ў свеце!.. На памяць прыходзілі радкі песні: «И от тайги до Британских морей Красная Армия всех сильней».
Комментарии к книге «Хлапчук з дняпроўскіх берагоў. Аповесць пра Антона Губарава», Александр Петрович Капустин
Всего 0 комментариев