Сяргей Шыдлоўскі
Ірына Андрэева
ВІРЫ СВОЯ
Трагікамедыя ў трох дзеях
Дзеянне адбываецца ў 1510-х гадах у Вільні, куды пасля шматгадовых падарожжаў прыехаў у пошуках фундатараў для кнігавыдавецкай дзейнасці Францыск Скарына.
Дзейныя асобы:
Францыск Скарына, беларускі першадрукар.
Гугон, арганіст і кіраўнік школьнага тэатра ў Вільні.
Дамініка, былая няня Францыска, цяпер — віленская мяшчанка.
Маргарыта, жонка віленскага радца Юрыя Адверніка, будучая жонка
Францыска Скарыны.
Аляксандра, сяброўка Маргарыты.
Жыгімонт I, вялікі князь літоўскі.
Пан Амброзій, настаўнік.
Дзёмка, слуга Гугона.
Два царадворцы.
«Драматургі» (яны ж — першы і другі з алебардамі, калядоўшчыкі), два шкаляры, складальнікі п’есы.
Удзельнікі школьнага тэатра.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
На рэпетыцыі школьнага тэатра.
На троне сядзіць фараон. Побач жэстыкулюе Прыўкрасны Іосіф. Ён час ад часу запінаецца і чухае патыліцу.
Леваруч меланхалічна пасвяцца мажныя каровы, кожную з якіх прадстаўляе па два чалавекі. Праваруч знаходзяцца худыя каровы, больш падобныя на коз. Прадстаўляюць іх па аднаму чалавеку. Худыя каровы надзвычай гарэзлівыя.
На пярэднім плане стаяць два чалавека з алебардамі.
Першы з алебардай. Маналогі Іосіфа варта было б скараціць.
Другі з алебардай. Як можна, гэта лепшае, што я напісаў. Нават Гугон мяне адзначыў!
Першы з алебардай. Ты ж бачыш, з нашага Прыўкраснага Іосіфа лаціна зыходзіць у момант, як з гуся вада. Ён будзе так запінацца і перад гледачамі.
Другі з алебардай. Можа, яму памяняцца з фараонам? Фараон — пастава важная, а слоў амаль няма.
Першы з алебардай. А раптам гэта не спадабаецца пані Маргарыце, дабрадзейцы нашай. Не ўбачым тады новых строяў.
Другі з алебардай. Хіба так, але ж памарыць трохі можна.
Першы з алебардай. Марыць — дык ужо марыць. Каб мая воля, быць Івану не Прыўкрасным Іосіфам, а гізаваць вунь у тым нягеглым статку (паказвае на худых кароў). Там бы ён быў на месцы. «Му-му» — і ўся роля.
Другі з алебардай. Не ўсё так проста. Ведаю, што многія толькі і прыходзяць сюды, каб на выбрыкі гэтых гарэз паглядзець.
Першы з алебардай. Сапраўды, памятаю аднойчы нехта дасціпны нават мех сена ім ахвяраваў як знак удзячнасці.
Другі з алебардай. Вось бачыш, нельга так рызыкаваць нашым поспехам.
Першы з алебардай. Што ж рабіць?
Другі з алебардай. Вось каб перакласці лацінскія маналогі на простую мову. Тут бы Іван не схібіў.
Першы з алебардай. Дзе ты бачыў, каб у тэатры дзею давалі на простай мове? Да таго ж і Гугон не дазволіць.
Другі з алебардай. А чаму не дазволіць? Нават Святое Пісанне на простую мову ўжо пераклалі. Дарэчы, перакладчык, палачанін Францыск Скарына, нядаўна прыехаў у Вільню. Сам яго бачыў.
Першы з алебардай. Вось яго нам і трэба сюды залучыць, каб ён дапамог пераканаць Гугона.
У хаце Дамінікі.
Францыск. Домна! Дамініка!
Дамініка. Бягу, Праня! Лячу, Пранічак!
Францыск. Як мяне толькі не называлі — Францыск, Францішак, Франак, нават Георгій. І толькі ты адна на ўсім свеце завеш мяне Пранікам.
Дамініка. Бо я цябе, салодкі, вось такім (паказвае) на руках у Полацку гушкала, рыба мая!
Францыск. (задуменна) Рыба мая… Вось таму рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае.
Дамініка. Я заўсёды табе казала: дзе нарадзіўся…
Францыск. … да таго месца вялікую ласку маеш.
Дамініка. …там і згадзіўся. Але ж табе не сядзіцца дома.
Францыск. Чуеш? На каго сабакі на двары брэшуць? Не пускай нікога, хачу сёння адпачыць.
Дамініка. (вярнуўшыся) Нейкія падшыванцы пра цябе пытаюцца. Адправіла іх. Сказала, што нельга такой малечы паважнага чалавека турбаваць.
Францыск. Слухай, ізноў нехта гукае.
Дамініка. (праз момант вярнуўшыся ў разгубленасці) Гэта калядоўшчыкі.
Францыск. Дык рана яшчэ калядаваць.
Дамініка. Гэта так, але не па-людскі будзе калядоўшчыкаў не пусціць.
Францыск. Хай заходзяць.
Забягаюць двое ў строях калядоўшчыкаў. Замест калядная зоркі ў руках аднаго сонейка, у другога — месяц. Яны ўтвараюць «жывую карціну», склаўшы свае знакі. Атрымліваецца скарынаўскае «сонца маладзіковае».
Ля брамкі сядзібы Маргарыты.
Аляксандра. Табе перадавалі паклоны.
Маргарыта. Ці не Ганна-краўчыха? Слухай, я такі ёй цудоўны ядваб прадала з апошняга прывозу, як ад сэрца адарвала.
Аляксандра. Мы ж дамаўляліся, што ўсе новае ты паказваеш мне першай.
Маргарыта. О, для цябе я прытрымала нешта неверагоднае. Такому пазайздросціць і Жыгімонціха.
Аляксандра. Дзякуй, сяброўка, што дазваляеш нам з каралевай перабіраць тое, што не прыдалося крывой краўчысе.
Маргарыта. Калі ёй яшчэ так пашэнціць! Яна ж абяцала справіць пацешныя строі. Майму Івану даручылі важную арацыю ў школе. Ён тлумачыць сны татарскага князька пра кароў.
Аляксандра. Вось дзе гора. Сямнаццаты год мальцу пайшоў, а ён стаіць у меху з радна і тлумачыць сны пра кароў. Па кірмашах яго вазіць збіраешся, як мядзведзя? Вось дзе гора! За матчыну спадніцу сямнаццаты год трымаецца.
Маргарыта. Ведаю наперад, што далей скажаш, і не пачынай.
Аляксандра. Не ведаеш і нават не здагадваешся. Я ж кажу, паклоны табе перадавалі.
Маргарыта. Чула ўжо, паклоны перадавалі … ад краўчыхі.
Аляксандра. Каб ад краўчыхі… Ты прысядзь, прысядзь, у нагах няма праўды.
Маргарыта. Што ты ўздумала, дагаворвай.
Аляксандра. Паклоны табе перадавалі. Нізавошта не здагадаешся. Падказаць? Той, каго ты дваццаты год чакаеш. (Устрывожана) Што ты сяброўка, я ж казала, прысядзь.
Ля брамкі.
Маргарыта. Заходзьце, шаноўны пан, на квасок.
Гугон. Хвала Езусу, пані Мальгажата. Як кажуць, in vino veritas.
Маргарыта. Што кажуць, пан Гугон?
Гугон. Я гавару, дурня вучыць — псаваць толькі.
Маргарыта. Няўжо ізноў мой Іван напракудзіў?
Гугон. Дарэмныя мітрэнгі, пані Мальгажата. Вядома, Ян не першы вучань. Але што за ліха! Першыя прыходзяць і сыходзяць, а Ян, як бы гэта сказаць, старэйшына ў нас, як-ніяк трэці год у адным класе бавіцца.
Маргарыта. Яно так, але ж сярод маленькіх ён адзін з вусамі.
Гугон. Дык жа яшчэ не з барадой, — прадстаўляць Прыўкраснага Іосіфа можа пакуль. І яму карысць — лішні раз пацвічыць сваю ролю, глядзіш, нарэшце і здасць лаціну за першы клас. І для тэатра добра: сярод першакласнікаў другога такога пагляднага вусатага маладзёна не знайсці.
Маргарыта. Дзякую на добрым слове. І я ж да Вас з усім сэрцам. Вось і пацешныя строі ўжо замовіла. Калі школе патрэбна яшчэ якая дапамога, ніколі не адмоўлю.
Гугон. Я і заходзіў, каб спытаць пра строі, бо на Каляды яны будуць нам патрэбны. А сынам такім па цяперашнім часам ганарыцца трэба. Што першыя вучні! Вунь палачанін Скарына вярнуўся, таксама быў першым вучнем. І што?
Маргарыта. Што? Кажуць, вучоным стаў.
Гугон. А яшчэ кажуць, што зрабіўся ён гусітам, ерэтыкам. O tempora, o mores!
Маргарыта. Якая морась?
Гугон. Я гавару, дурня вучыць — псаваць толькі.
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
У хаце Дамінікі.
Францыск. Бачу, вы незвычайныя калядоўшчыкі. І падарункі вам прыгатаваны асаблівыя.
Першы калядоўшчык. Няўжо будзе марцыпанавы выспятак?
Другі калядоўшчык. Летуценнік, нас чакае два мяшочкі ледзянцовых кухталёў.
Францыск. Вось чаго няма ў мяне для вас, таго няма. Хіба адсыплю жменю показак, падсмажаных на сонцы поўдня, прыпраўленых пылам чужых дарог.
Першы калядоўшчык. Гэтыя прысмакі даспадобы паспалітаму густу, а мы, як вы адзначылі, незвычайныя калядоўшчыкі.
Францыск. Сам бачу, што даў маху. Добра, чым вы займаецеся ў вольны ад калядавання час?
Другі калядоўшчык. Калі не спім і не калядуем, то цвічым лаціну.
Францыск. Не ведаю, чым тут і дапамагчы. Апошнюю чароўную пігулку для хуткага засваення лаціны я ўжо аддаў вашаму калегу шкаляру-недарэку.
Комментарии к книге «Віры своя», Ирина Николаевна Андреева
Всего 0 комментариев