Валянцін АКУДОВІЧ
ТРЭБА ЎЯВІЦЬ СІЗІФА ШЧАСЛІВЫМ
(Хронікі беларускага інтэлектуала)
ЛІТАРАТУРНЫ ІНСТЫТУТ
Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра Літаратурны інстытут.
Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, аднак, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжыцы адразу, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.
Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадаць ёй, што хоць я яшчэ малы, але ўжо чытаю некаторыя кніжыцы і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой.
Я адно вінавата ўгінаў галаву і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.
Калі б у тую пару мне прапанавалі выбар: быць Уладаром усіх сонцаў і сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што сусвет і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.
Што там казаць, мне вельмі карцела і самому далучыцца да гэтай блаславёнай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў творыва, патрабавалася вырашыць адну сур’ёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой трэба раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.
І я скраў у старэйшага прыяцеля аўтаручку...
Але кнігу тады не напісаў, бо бацькі майго прыяцеля (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.
Было вельмі сорамна - і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжыцу выдаў праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.
Напрыканцы шасцідзясятых я апынуўся ў Мінску, дзе мяне ўладкавалі на маторны завод (токар, слесар, выпрабавальнік рухавікоў, экспедытар). Паміж зменай гэтых прафесій забралі ў войска. Там асколак гранаты трапіў у вока, і пасля шпіталя мяне камісавалі з войска. Тады я зноў вярнуўся ў свой эксперыментальны цэх.
Мой раман з маторным заводам запыніўся на 1975 годзе. Я даслаў на конкурс у маскоўскі Літаратурны інстытут невялічкую аповесць, паспяхова яго прайшоў (казалі пра больш як сто чалавек на месца), і пасля іспытаў мяне запрасілі на вучобу.
Ад шчасця мяне напраўду ліхаманіла, аднак страху было яшчэ болей. Раптам не прыдамся і мяне пагоняць назад у задымлены цэх Мінскага маторнага завода!
Дарэчы, на пачатку сітуацыя яшчэ моцна ўскладнілася адным драматычным сюжэтам. Я ж паступаў на завочнае аддзяленне, толькі адразу пасля апошняга іспыту мяне выклікалі ў прыёмную камісію, дзе прапанавалі перабрацца на вочнае навучанне.
Гэта азначала пакінуць Мінск і на пяць гадоў пераехаць у Маскву. Тут я і разгубіўся, паколькі ў Мінску заставалася маё вялікае каханне.
Хаця варта ўдакладніць: другое вялікае каханне. Першае здарылася ў восьмым класе і доўжылася сем гадоў. Гэта было апакаліптычных памераў узрушэнне: неверагодна шчаснае і гэтаксама пакутнае. На выпускным вечары я ўпершыню запаліў цыгарэту, бо ўжо здагадваўся, што ніколі болей не пабачу сваю каханую.
Між іншым, яна і ведаць не ведала пра пакуты маладога Вертэра. Мера маёй сарамлівасці ў тую пару была такой, што я і на дыбе не сказаў бы: "Кахаю!"
(Толькі праз гады здагадаўся, чаму хлопцу бывае так складана вымавіць самае галоўнае слова свайго жыцця? Бо спадысподу прыўкраснага слова "Кахаю" маўчыць брыдкае "Хачу".)
Другое маё каханне ўжо было цалкам дарослым з усімі яго сюжэтамі ды атрыбутамі: ад сарамлівых заляцанняў да жарсных пацалункаў і ўсялякага такога падобнага. Мы з дзяўчынай ужо нават пачыналі як бы жартам разважаць пра шлюб...
Агаломшаны, пабег па парады да прыяцеляў, з якімі прысябраваўся падчас іспытаў. Чаго толькі ні пачуў ад іх за бліжэйшыя некалькі гадзінаў: ідыёт, балбес, прыдурак, хворы на ўсю галаву і г.д. і да т.п.
Што праўда, было і колькі рацыянальных аргументаў. Хіба не найбольш важкі - што Мінск зусім не далёка ад Масквы і можна ездзіць цалавацца хоць сабе кожны ўікэнд... А пяць гадоў са стыпендыяй у сталіцы свету - гэта ж і словаў такіх няма, каб маё шчасце апісаць...
І я здрадзіў каханню дзеля літаратуры. Ну, не зусім здрадзіў, бо і цалавацца ездзіў, і праз нейкі час па вяртанні ў Мінск мы пабраліся шлюбам. Але ў той дзень выбару я ведаў, што здрадзіў.
Мае страхі, што буду выгнаны з Эдэму, не спраўдзіліся. Праз колькі месяцаў пачуваў ужо сябе досыць упэўнена сярод аднакурснікаў, а недзе годам пазней нават быў вызнаны як інтэлектуал. Тады да мяне па кансультацыі наконт філасофскай веды пачалі прыходзіць і хлопцы з старэйшых курсаў.
Даволі хутка знайшоўся і блізкі мне хаўрус, з якім па сёння адчуваю сяброўскую еднасць. Спіс кароткі, таму пералічу: Слава Кіктэнка, паэт з Алма-Аты; Юра Андрыянаў, паэт з Уфы; Сяргей Махоцін, дзіцячы паэт і бард з Ленінграда. (Пазней Слава з Юрам стануць галоўнымі рэдактарамі добра вядомых у Расіі літаратурных часопісаў: першы - алмаацінскага "Прастору", другі - уфімскага "Бельскія прасторы".)
Санжын Пурэў з Улан-Батара не быў у нашым хаўрусе, бо пераважна сябраваў з манголамі, але ўсе гады навучання мы з ім пражылі ў адным пакоі. Ён ужо меў пяцёра дзяцей, кніжку прозы і юрту ў сталіцы Манголіі замест кватэры.
У Санжына выявілася толькі адна загана - ён быў фантастычна харошым чалавекам. Таму ці не ўсе маскоўскія манголы, як і манголы, што рушылі праз Маскву ў Еўропу, не стамляліся раз-пораз завітваць да яго ў госці.
"Перманентнае татарска-мангольскае нашэсце на тэрыторыю аднаго пакоя", - весела скардзіўся я сябрам.
Не магу не згадаць хаця б адзін эпізод з той пары нашага жытва. Пасля чарговых вакацыяў Санжын вярнуўся з вэнджанай нагой жарабяці, вышынёй мне амаль па плячо. Ён разгарнуў тоўстую паперу і сказаў: гэта падарунак. Колер вэнджаніны зачароўваў, а ядлоўцовы пах вабіў як сама эсенцыя смакаты. Да таго ж у камплект прэзента ўваходзіла дзве пляшкі элітнай гарэлкі з блішчастымі змейкамі на дне.
Зразумела, мы ў момант селі за стол. Я адрэзаў сабе кавалак каніны, пакаштаваў - смачна...
А праглынуць не змог. Што і не дзіва, бо ў нас ніхто і ніколі не еў каніну. Нават і падумаць пра такое было гідка.
Я прыкрыў рот рукой, і неўзабаве той недажаваны кавалак апынуўся ў кішэні. Толькі што рабіць далей? Чалавек праз паўнеба цягнуў падарунак! І раптам мяне азарыла. "Слухай, Санжын, - прапанаваў я, - гэтак будзе нядобра, калі мы толькі ўдвох нацешымся такім цудам. Давай запросім маіх сяброў".
Санжын ўзрадаваўся, бо любіў частаваць не толькі дабрынёй свайго сэрца, а ўсім, чым толькі мог.
Запрасілі... Што і казаць, двух пляшак гарэлкі на цэлую нагу жарабяці нам не хапіла. Таму яшчэ некалькі разоў бегалі ў краму.
Калі мы сяброўскім кагалам адпраўлялі Санжына ў Манголію назаўжды, дык я плакаў на пероне, як ніколі раней. А Санжын плакаў у вагоне, прыціснуўшыся да шыбіны так, быццам хацеў яе раздушыць. Ну рыхтык два бабры румзалі...
(Пасля "перабудовы" Санжын Пурэў стане Народным пісьменнікам Манголіі.)
Першым з нашага хаўрусу не стала Юры Андрыянава. Як такое здарылася, то мяне папрасілі што-кольвек напісаць пра сябра для "Бельскіх прастораў".
На той час я ўжо даўно развучыўся пісаць па-руску, аднак тут адмаўляцца не выпадала.
Чем ближе к небу, тем холоднее
Юра был высокий! Естественно, речь здесь не о антропометрии, хотя и о ней тоже, но лишь вскользь. Юра был настолько высокий, что ему не хватало собственной высоты. Поэтому его голова всегда была как бы немного запрокинута. Выше, еще выше... Со стороны это виделось как веселое презрение ко всему, что ниже его. А он всего лишь высматривал небо. Помнится, без устали. Вот отчего облака, зори, луны, закаты, рассветы даже фигуративно присутствуют почти в каждом стихотворении. Отсюда и доминирование «высокого штиля» в его поэзии. Она вся на котурнах пафосной риторики, даже если речь идет о низменном. И временами не совсем уместная дидактика с тех же причин. Впрочем, какой слог, кроме возвышенного, может быть у поэта с запрокинутой головой?
Мне скажет друг: "Зачем невесел ты?.."
Я промолчу - я занят небесами:
Глаза мои наполнены слезами -
Сквозь слезы лучше видятся мечты.
Юра был высокий, а я - обычного роста. Поэтому вместе мы смотрелись, пожалуй, даже несколько пародийно. Но это не мешало нам быть вместе чаще, чем каждому по отдельности.
Утром он заходил ко мне в комнату и мы ехали в институт. За партой все пять лет учебы сидели плечо в плечо. Возвращались в общежитие тоже вдвоем. А там неуемные беседы до утра, нередко с вином и шальными песнями (пел он замечательно!).
Кстати, когда мы еще не были друзьями, Юра меня буквально потряс одним своим поступком. В какой-то ночной попойке наш сокурсник (имя опустим) выбросил из окна пустую бутылку, и она разбилась об асфальт. На шум прибежала вахтерша, переписала собутыльников и доложила ректору. А у того за подобные преступления было одно наказание - исключение из института. Тогда Юра и предложил взять вину на себя, мол, он член партии и за это его, возможно, помилуют. Однако ректор, коммунист сталинской формации, был непреклонен.
Комментарии к книге «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым», Валентин Васильевич Акудович
Всего 0 комментариев