АЛЯКСЕЙ ГАРДЗІЦКІ
ПІСЬМЕННІЦКІЯ БЫЛІ І НЕБЫЛІЦЫ
Літаратурныя эцюды
Жанр гумарэскі, анекдота пра пісьменнікаў у нас быў няразвіты. На гэта ёсць прычыны. Адна з іх — наша сціпласць, недаацэнка гісторыі беларускай літаратуры, наогул культуры, маўляў, у рускіх пра Пушкіна гавораць, дык гэта ж Пушкін, у іх жа развітая літаратура! Куды там нам?! А калі згадаць, то гэты жартоўны жанр не менш, а, магчыма, і больш, чым у іншых рэспубліках, у нас бытаваў непасрэдна ў жыцці, пісьменнікі любілі і любяць пажартаваць адзін з аднаго. Аднак публікацый амаль не было. Не было, мусіць, і таму, што яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць назад самі героі гэтых анекдотаў, жартаў прымалі б іх, як кажуць, не за здаровы гумар, а за своеасаблівыя кпіны, нават крытыку. Хоць крытыку тады, як вядома, толькі на словах паважалі, на справе яна магла і нашкодзіць. Што ні кажыце, галоснасць неяк незаўважна паўплывала на нашы адносіны да гумару, дакладней, да падобных гумарыстычных твораў. Імкнучыся быць, як цяпер прынята гаварыць, карэктным, я пазваніў асобным героям, на мой погляд, найбольш вострых жартаў (I. Чыгрынаву, Г. Марчуку, А. Ставеру), спытаў: ці можна друкаваць у такім выглядзе гэтыя рэчы, а можа, змякчыць што? Адказ быў прыкладна аднолькавы: «Можаш даваць, гэта мяне не крыўдзіць». I справядліва. Як даўно вядома, дасціпная жартаўлівасць — сведчанне высокага інтэлекту чалавека.
Мне здаецца, што сёння больш раскавана пачынаюць адчуваць сябе і аўтары такіх публікацый.
Прапаную чытачам гэтую бывальшчыну, якая неяк незаўважна назбіралася ў мяне.
ШТО СВОЙ, ШТО ЧУЖЫ
Заходні фронт. На машыне едуць ваенныя пісьменнікі. Раптам у паветры з'явіўся самалёт. Пятрусь Броўка крычыць Аляксею Суркову:
— Алёша, хавайся!
— Дык гэта ж наш самалёт,— пярэчыць Суркоў.
— Ці свой, ці чужы — усё адно хавайся.
ЯК ЗЛАВІЛІ ГІТЛЕРА
На пачатку вайны двое сяброў-студэнтаў, абодва Міколы — Аўрамчык і Сурначоў — рынуліся з натоўпам людзей на ўсход. У Мсціславе ваенкамат арганізаваў полк пераважна са студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Трапілі ў гэты полк і абодва Міколы, і Анатоль Плюшкоў, які толькі што скончыў дзесяцігодку. Hi абмундзіраванння, ні харчоў не далі, таму кожны шукаў ежу самастойна. У час маршу на ўсход, недзе ўжо на Тамбоўшчыне, беларуская троіца адбегла ў недалёкую вёску, каб з’есці што ды і ўзяць на запас. Даганяючы так званы полк, а яго наступны прывал ім быў вядомы, хлопцы падселі на спадарожную фурманку. Раптам з лесу выйшлі на дарогу двое вайскоўцаў, адзін пры шпале, што азначала на той час званне капітана, а другі пры кубіках — лейтэнант. Каторы пры кубіках адразу пераняў за вобраць каня і сказаў капітану, паказваючы вачыма на Плюшкова: «Вельмі ж падобны на Гітлера, толькі, гад, паспеў вусікі збрыць, а гэтыя двое — яго памагатыя». Мікола Аўрамчык пасля ўспамінаў: «Я глянуў на Толю, што там магло паказацца падобным на Гітлера? Круглатвары, светлавалосы, праўда, ад нашай бегатні ў яго прыліп да ўспацелага ілба наўскасяк чубок. Адразу раздалася каманда: «Вашы дакументы!» Якія там дакументы, калі іх забралі ў ваенкамаце. Пачалі тлумачыць, што мы з палка, які спыніўся непадалёку. Дагналі полк. Як толькі хлопцы, убачыўшы нас, зарагаталі, вайскоўцы адразу рэціраваліся, зніклі».
ПЛАТОН ВАРАНЬКО ПАМАГАЕ АДКРЫЦЬ ДРУГІ ФРОНТ
Ваенная Масква. Сюды з каўпакоўскага злучэння прыляцеў украінскі партызан і паэт Платон Варанько. Якраз у той час у сталіцы пачалі з’яўляцца прадстаўнікі саюзніцкіх дзяржаў Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі. На сустрэчах заўсёды ўзнімалася гаворка аб адкрыцці другога фронту. Вядома, што саюзнікі ўсё марудзілі. I вось на адзін з урадавых прыёмаў запрасілі як партызана Платона Варанько. Сеў ён сціпла, напрыканцы даўжэзнага стала, дакладней, расстаўленых у даўжыню меншых сталоў, і стаў слухаць гасцей. А калі яму надакучылі іхнія апраўданні, то ўзлез на стол, а тады пайшоў па ім прама да кіраўнікоў дэлегацый, што сядзелі ў канцы, і абурана выкрыкнуў: «Вы наўмысна не адкрываеце другі фронт, чакаеце, каб Савецкі Саюз знямог!» Вярнуўшыся ў свой нумар, што быў тады ў атэлі «Масква», паэт ціха вымавіў жонцы: «Сушы сухары. Заўтра мяне забяруць».
Назаўтра ён нікуды не выходзіў, чакаў... Раптам раздаецца тэлефонны званок. Ледзь жывы, паэт паднімае трубку і чуе: «Таварыш Варанько?.. Мы ўдзячны Вам за ўчарашняе выступление на прыёме. Вы вельмі добра выказалі думку савецкага народа аб неабходнасці як найхутчэй адкрыць другі фронт. Мы Вас запрашаем сёння на прыём яшчэ адной саюзніцкай дэлегацыі».
3 ФАНТАЗІЙ ДЗЕДА ТАЛАША
Героя коласаўскай аповесці «Дрыгва» палескага партызана часоў грамадзянскай вайны і нямецкай акупацыі дзеда Талаша на пачатку 1944 года прывезлі ў Маскву, дзе тады знаходзіўся ўрад Беларусі. Героя-партызана, якому было далёка за дзевяноста, пачалі вазіць на сустрэчы з рабочымі заводаў, прадпрыемстваў. На адной з такіх сустрэч былі сакратар ЦК КП Беларусі Ц. С. Гарбуноў і Максім Танк. Нехта з залы спытаў дзеда Талаша, як ён ваяваў з немцам!.
— Як Карла Маркс, на кані і з шабляй,— прамовіў дзед.
ШУКАЙЛАВА АВАНТУРА
Калі я працаваў над пісьменніцкім даведнікам 1981 года, то старэйшыя літаратары раілі мне ўключыць у гэтае выданне і нататку пра рэпрэсіраванага ў свой час паэта і крытыка Паўлюка Шукайлу. За апошняе слова ў даведачнай літаратуры тады была прынята Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, але ў ёй імя гэтага пісьменніка нават не ўпаміналася. Пайшоў я да аднаго адказнага таварыша высветліць гэтае пытанне (а тады людзі чамусьці былі падзелены на адказных і, мусіць, астатніх, безадказных). Дык вось, той адказны таварыш мне і кажа:
— Уключаць у даведнік Шукайлу нельга. Гэта авантурыст.
Я дазволіў сабе спытаць, у чым гэты авантурызм выявіўся. Аказваецца, на пачатку 30-х гадоў у час працы ў Ленінградзе віцэ-прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў на яго пачаліся паклёпы і абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Адчуваючы небяспеку, Шукайла едзе ў Маскву і адтуль дае тэлеграму ў Акадэмію мастацтваў: «Прашу спыніць траўлю таварыша Шукайлы. Кагановіч».
Аказваецца, ёсць розны авантурызм. Гэты — у імя выратавання жыцця. Але, мабыць, і не без гумару ў той час, калі нікому не хацелася смяяцца.
Неўзабаве пісьменнік пераехаў у Маскву. Але і тут яго знайшлі. I ён знік назаўсёды. Так скончылася гэтая трагікамічная гісторыя трагікамічнага часу.
ЯК АНТОН БЯЛЕВІЧ ЗЛАВІЎ ДЫВЕРСАНТА
Масква ваеннага часу. У тралейбусе едзе Антон Бялевіч і чуе размову двух мужчын. Адзін з іх гаворыць, што нямецкія самалёты «Месершміты» добрыя. Антон Пятровіч адразу яго за рукаво:
— Пойдзем у міліцыю, ты дыверсант!
У міліцыі Бялевіч сказаў:
— Я злавіў дыверсанта, ён хваліць нямецкія самалёты.
— Вашы дакументы,— запатрабаваў дзяжурны.
— Я галоўны авіяканструктар Якаўлеў, аўтар самалётаў «ЯК»,— вось маё паеведчанне,— заявіў мужчына.
— А вы хто?
— Я паэт Антон Бялевіч.
Дзяжурны вярнуў абодвум дакументы, а замест развітання мацюкнуўся.
«ПРАЦУЙЦЕ 3 ГЭТЫМІ»
Сярод пісьменнікаў бытуе такая легенда. Недзе ў пасляваенныя гады ў Саюзе пісьменнікаў СССР прыступіў да працы новы партыйны сакратар. У тыя ды і ў пазнейшыя часы была такая завядзёнка: калі ты заняў новую пасаду, то найлепш было абганіць работу папярэдніка, тым самым паказаць, што да цябе тут нічога не зроблена, а на гэтым фоне пазней можна будзе пахваліцца сваімі поспехамі, глядзі, можа, і падвысяць. I вось новы парторг вырашыў далажыць пра ідэйна-маральны клімат у Саюзе пісьменнікаў самому таварышу Сталіну. У сваім дакладзе парторг называў многа вядомых імён, гаварыў, што вось гэты пісьменнік піша малаідэйныя творы, а той не праяўляе актыўнасці на сходах, у трэцяга не ладзіцца ў сям’і, чацвёрты выпівае, пяты... ну і так пайшло-паехала далей.
Іосіф Вісарыёнавіч паслухаў парторга і завяршыў: «Іншых пісьменнікаў у нас у краіне няма. Працуйце з гэтымі».
СЕНСАЦЫІ НЕ АДБЫЛОСЯ
У чэрвені 1953 года ў Кіеў была запрошана група беларускіх пісьменнікаў і артыстаў. 3 дакладам пра нашу літаратуру і яе творчыя сувязі з украінскай на вечары выступіў Павел Кавалёў. Тады да так званай адлігі было яшчэ далекавата, тым больш не надышлі застольна-застойныя часы, але банкет гаспадары наладзілі адмысловы. Яно, канечне, і разышліся позна, і толькі ў атэлі беларусы заўважылі, што недзе знік Павел Кавалёў. Няўжо тут вінавата жанчына?.. Усе ведалі Паўла Нічыпаравіча як прыстойнага сем’яніна і раптам — на табе такое. Во будзе сенсацыя!
Назаўтра за сняданнем калегі цікавяцца ў Кавалёва, дзе ж прападаў ён.
— Быў у адной жанчыны,— прызнаўся пісьменнік.
— Ну і што? — у чаканні сенсацыі ўсе позіркі былі скіраваны на Паўла Нічыпаравіча.
— Вельмі цікавая жанчына,— агульнымі словамі адказаў ён.
— Ну і што? — ужо з нецярпеннем пыталіся калегі.
— Член партыі з 1905 года.
ПРАМОВА ПІЛІПА ПЕСТРAKA Ў ГАРОДНІ
Пісьменнік-рэвалюцыянер, былы падпольшчык і вязень польскай дэфензівы, Піліп Пестрак прыехаў з групай пісьменнікаў на літаратурныя выступленні ў Гародню. Першая сустрэча адбылася са студэнтамі. Піліп Сымонавіч выйшаў да іх і сказаў:
— Дарагія таварышы гародзенцы! Я вас вельмі люблю, бо я тут сядзеў у турме.
ЧЫЯ ВАРОЖАЯ РУКА?..
Комментарии к книге «Пісьменніцкія былі і небыліцы», Аляксей Гардзіцкі
Всего 0 комментариев