Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV (fb2)
- Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV 374K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Пётр Вяжевич
Пётр ВЯЖЭВІЧ
ДЗЁННІК ПАСОЛЬСТВА ДА ЦАРА МІХАІЛА ФЁДАРАВІЧА АД КАРАЛЯ І ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ УЛАДЗІСЛАВА IV
Дыпламат і майстар слова
Пётр Вяжэвіч — дзяржаўны дзеяч і яркі беларускі пісьменнік эпохі Барока. Ён меў шляхецкі тытул і займаў пасаду мсціслаўскага стольніка. Пэўны час выконваў абавязкі каралеўскага пісара. У 1635 г. у якасці сакратара ўдзельнічаў у пасольстве ў Маскву.
Пяру Вяжэвіча належаць два празаічныя гісторыка-літаратурныя творы — «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV» і «Рэляцыя». Найбольш каштоўным у мастацкіх адносінах з’яўляецца першы. У ім раскрыты падрабязнасці аб’яднанага пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства ў Маскву ў 1635 г. Дыпламатычная місія на ўсход, як вынiкае з «Дзённіка...», ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам Аляксандра Песачынскага і Казіміра Лявона Сапегі — сына знакамітага канцлера і віленскага ваяводы Льва Сапегі.
Аўтар «Дзённіка...» абараняў інтарэсы, перш за ўсё, дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён, відавочна, быў набліжаным К.-Л. Сапегі. Невыпадкова, пісьменнік часцей і больш падрабязна пісаў пра яго, чым пра Песачынскага. Падчас дыскусій і спрэчак паслоў па пытанні аб захоўванні пакта аб вечным міры, а таксама аб месцах за царскім сталом, як правіла, прымаў бок К.-Л. Сапегі.
Творчы метад і мастацкі стыль П. Вяжэвіча відавочна сфарміраваліся пад уздзеяннем эстэтыкі Барока. У творы арганічна спалучаюцца тры моўныя стыхіі — беларуская, руская і польская, што адпавядала мастацка-эстэтычным уяўленням гэтага часу. Аўтар «Дзённіка...» пісаў пераважна пра людзей і гістарычных асоб, якіх ведаў і з якімі кантактаваў. Таксама паведамляў пра факты і здарэнні, вядомыя яму асабіста.
Пётр Вяжэвіч у поўнай меры ўсведамляў пісьменніцкую адказнасць, выключную важнасць для гісторыі ўсяго таго, што адбываецца. Ённ пастараўся дэталёва асвятліць мэты і склад пасольства, маршрут руху, характар перамоў і іх вынікі. Выкладаў падзеі ў строгай храналагічнай паслядоўнасці, па месяцах, дзень за днём, пачынаючы з 20 студзеня да 8 красавіка 1635 г. Скрупулёзна зафіксаваў чарговасць, у якой рухаўся пасольскі абоз. Вельмі часта называў адлегласць, якую паслы пераадольвалі за вызначаны дзень, паведамляў пра месцы начлегаў і прыпынкаў, звяртаў увагу на шматлікія дэталі і абставіны. Старанна фіксаваў ўбранне і вупраж коней, падрабязна пералічваў стравы, якімі частавалі паслоў.
Кульмінацыя «Дзённіка...» — сустрэчы вялікіх паслоў з рускім царом Міхаілам Фёдаравічам у Крамлі, у Гранавітай палаце. Вяжэвіч падрабязна і вельмі маляўніча адлюстраваў сцэны афіцыйных прыёмаў, абмаляваў дыпламатычныя рытуалы таго часу, з пратакольнай дакладнасцю перадаў словы ўдзельнікаў перамоваў. Пісьменнік паказаў нябачанае напружанне і складанасць дыпламатычнай гульні, гістарычную адказнасць удзельнікаў перамоваў за прынятыя рашэнні.
На старонках «Дзённіка...» Вяжэвіч распавёў пра норавы і звычаі рускіх людзей, іх уважлівае стаўленне да замежных паслоў, непадробную цікавасць да іх.
Такім чынам, «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV» Вяжэвіча — сінтэтычны твор эпохі Барока, створаны таленавітым майстрам слова. Ён мае выключную мастацка-эстэтычную каштоўнасць, з 'яўляецца сапраўдным літаратурным шэдэўрам, унікальнай гістарычнай крыніцай, рарытэтным помнікам дыпламатыі і міжнародных адносін.
Пераклад «Дзённіка...» на беларускую мову ажыццёўлены паводле выд.: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Вильня, 1867. Т. 4. С. 92—174.
Іван САВЕРЧАНКА
Пасля перамогі над маскоўскім войскам і ўзяцця Смаленска, у выніку доўгай і складанай аблогі, паўстала неабходнасць падпісання мірнай дамовы з Маскоўскім княствам. На двухтыднёвым Варшаўскім сойме ў 1634 годзе, які адкрыўся 18 ліпеня, было сфармавана пасольства ад яго міласці караля Уладзіслава IV і ад усіх саслоўяў Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Пасольства накіроўвалася да маскоўскага цара Міхаіла Фёдаравіча з мэтай падпісання вечнага міру і атрымання ад яго прысягі.
Сустрэчу паслоў з прадстаўнікамі маскоўскага цара намецілі на 20 лютага 1635 года паводле нашага календара і на 10 лютага па маскоўскім календары, каля ракі Палянаўка. Адтуль разам паслы і царскія баяры павінны былі ехаць у сталіцу.
Вялікае пасольства ўзначалілі: ад Польскай Кароны — Аляксандр Песачынскі, камянецкі і ўланоўскі кашталян, староста наваградскі; ад Вялікага Княства Літоўскага — Казімір Лявон Сапега, віленскі ваяводзіч і вялікакняскі пісар, староста гродзенскі, волпенскі і любашанскі.
Іх міласці паслы — Казімір Лявон Сапега і Аляксандр Песачынскі — пісьмова дамовіліся аб папярэдняй сустрэчы ў Смаленску ў студзені 1635 года.
Віленскі ваяводзіч Казімір Лявон Сапега выехаў з Замосця, ад караля яго міласці, спачатку ў Львоў і знаходзіўся там непрацяглы час. Затым ён накіраваўся ў свае ўладанні ў беларускім краі — у Чарэю і Талачын, дзе пачаў рыхтавацца да ад’езду. Тады ж ён уступіў у перапіску са смаленскім ваяводам, які абараняў мяжу на ўсходзе. Неўзабаве пан Сапега выехаў з Талачына, з імем Божым на вуснах.
I
Студзень 1635 года.
20 студзеня ў суботу. Начавалі ўсім дваром у Старым Сяле. Праехалі пяць міль. Яго міласць пан Сапега начаваў на паўдарозе ў Дудокавічах, у пана Цеханавецкага, аршанскага земскага суддзі.
21 у нядзелю. Абедалі ў Старым Сяле. На ноч паехалі ў Копысь. Праехалі дзве мілі.
22 у панядзелак. На абед паехалі ў Сяльцо, маёнтак яго міласці пана маршалка Вялікага Княства Літоўскага. Начавалі ў тым жа месцы. Праехалі 5 міль.
23 у аўторак. Абедалі ў Горках. Праехалі пяць міль. Двор і падводы начавалі там жа. Яго міласць пан Сапега ўлегцы паехаў начаваць у Горы. Праехалі 2 мілі.
24 у сераду. Увесь двор і падводы карміліся ў Звяровічах. Праехалі пяць міль. Начавалі там жа. І яго міласць пан Сапега там жа начаваў.
25 у чацвер. Начавалі ў Зарнаўцы. Праехалі 5 міль.
26 у пятніцу. Прыехалі абедаць у Смаленск. Праехалі 6 міль.
27 у суботу. Знаходзіліся там жа. Яго міласць пан Сапега аглядаў сцены і пралом у іх.
28 у нядзелю. Знаходзіліся там жа. Падводы і пешых яго міласць пан Казімір Лявон Сапега выправіў паперадзе сябе. Сам ён, разам з усім сваім дваром, застаўся чакаць пана Аляксандра Песачынскага, камянецкага кашталяна. Пан К.-Л. Сапега накіраваў некалькі маладых людзей у Дарагабуж, каб папярэдзіць аб хуткім прыездзе туды паслоў.
У той жа дзень яго міласць пан К.-Л. Сапега даведаўся аб хуткім прыбыцці яго міласці камянецкага кашталяна ад яго слугі, пана Кавальскага, які спецыяльна прыехаў паведаміць аб хуткім прыбыцці свайго гаспадара.
29 у панядзелак. Пасля поўдня прыехаў яго міласць Аляксандр Песачынскі, кашталян камянецкі. Выйшаўшы з карэты, ён неўзабаве паведаміў яго міласці пану ваяводзічу віленскаму, што пакуль не можа яго наведаць, бо яшчэ не ўладкаваўся. Яго міласць пан ваяводзіч віленскі сам пайшоў да яго. Там некалькі гадзін яны правялі разам за агульнай гутаркай.
30 у аўторак. Яго міласць пан Аляксандр Песачынскі з усімі сваімі слугамі быў на абедзе ў яго міласці пана Казіміра Лявона Сапегі, ваяводзіча віленскага. Там іх міласці ўсё ўзгаднілі і напісалі паведамленне пану Крамянецкаму, капітану дарагабужскаму. Яны апавяшчалі яго, што 5 лютага хочуць спыніцца каля рэчкі Палянаўкі. Паслы гэтаксама прасілі яго звярнуцца з просьбай да вяземскага ваяводы, каб той выдзеліў корм і падводы для пасольства. Для нарыхтоўкі корму і падвод пан Сапега выслаў наперад сваіх слуг — пана Станіслава Кошчыца і пана Андрэя Дзевялтоўскага. Яго міласць пан Песачынскі з той жа мэтай выслаў наперад свайго прыяцеля пана Глагоўскага.
31 у сераду. Пасля набажэнства і сняданку яго міласць пан Сапега выехаў са Смаленска. Амаль усіх сваіх слуг ён накіраваў гасцінцам на Пнеўна. Сам жа, з некалькімі маладымі людзьмі, паехаў іншым шляхам. Пан Песачынскі, камянецкі кашталян, рухаўся трэцяй дарогай. Пасольства падзялілася на тры калоны па прычыне спустошанасці тамтэйшых зямель. Інакш бы ўзніклі цяжкасці з забеспячэннем іх харчаваннем.
Недалёка ад пана Сапегі знаходзіліся калёсы са ўсякай жыўнасцю, прывезенай з рускіх зямель; ён меў лепшы доступ да пачастункаў.
Пан Песачынскі вымушаны быў рухацца іншым гасцінцам, каб здабываць харчаванне, якое паслы заўсёды атрымлівалі дарма.
Комментарии к книге «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV», Пётр Вяжевич
Всего 0 комментариев