Палескі Напалеон (fb2)
- Палескі Напалеон 767K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Анатоль Крэйдзіч
Анатоль Крэйдзіч
ПАЛЕСКІ НАПАЛЕОН
Аповесць, апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Анатоль Крэйдзіч, Палескі Напалеон. Аповесць, апавяданні, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. — 219 [2] с.
ISBN 985-02-0513-Х
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Споведзь перад людзьмі
У свой час Міхась Стральцоў, пішучы літаратурна-крытычнае эсэ пра Кузьму Чорнага, заўважыў, што чытача цікавяць толькі тыя пошукі пісьменніка, якія завяршаюцца творчай удачай. Або яшчэ: важна не тое, як ты шукаеш, але тое, што ты знайшоў.
Гэтыя словы нашага слыннага пісьменніка прыгадаліся падчас знаёмства з рукапісам кнігі Анатоля Крэйдзіча. Асабліва па-добраму, вельмі светла ўразіла аповесць аўтара «Шчасце ў падарунак», якая мае падзагаловак (гісторыя адной меланхоліі). Гэта твор сталы, шматгранны, нават рамантычны, які напаўняе душу чытача (прынамсі маю) ружовым светам дабрыні і чалавечай годнасці, дзе праз сардэчныя пакуты героя атрымліваеш асабістае ачышчэнне. Галоўны герой аповесці «Шчасце ў падарунак» Косцік, не гледзячы на ўсе перэпетыі лёсу, не страціўшы сваёй рэальнасці, стаў мастацкім адкрыццём аўтара. Мы, чытаючы, паступова, ад пачатку, да завяршэння твора праслежваем, як радасць спазнання чалавечай сутнасці адбіваецца ў чалавеку, мяняе яго. Нельга не заўважыць у кнізе Анатоля Крэйдзіча адметнай рысы яго творчасці - шчодрасці. Яна праследжваецца, як ў аповесці, так і ў апавяданнях «Нічога не здарылася», «Шчаслівая ты, Ленка», «Смех», «Партрэт», «У цягніку», «Баравы мёд» і шмат іншых. Шчодрасць аўтара бачна ў мастацкай самааддачы, ва ўражаннях і ў успрыманні навакольнага свету.
Міжволі хочацца зноў звярнуцца да выказвання Міхася Стральцова. Разважаючы пра літаратуру і месца пісьменніка ў ёй, Міхась Стральцоў адзначаў, што ў літаратуры перамагае толькі чалавечае і чалавечнае, а фальш, пустазвонства, бяздумная даніна чарговай модзе, колькі б яны ні прэтэндавалі на жыццё ў слове, на ўвагу сучаснікаў ці нашчадкаў, урэшце будуць названы сваімі імёнамі.
Дык вось, кніга Анатоля Крэйдзіча - гэта споведзь чалавека перад людзьмі, перад кожным паасобку і перад усімі разам. Часам і за знарочыстай прыхарошанасцю мы бачым боль за няскладнасць лёсу, самаабман герояў з-за іх рамантычнага складу характару. Але, як вядома: шыла ў мяшку не схаваеш. Дзякуючы розным жыццёвым акалічнасцям усё ўраўнаважваецца. Так, па законах быцця і існасці, усё становіцца на свае месцы ў адносінах герояў аповесці «Шчасце ў падарунак» Косціка і Рыты.
Пісьменніку нельга ніколі забываць, што чалавек - гэта цэлы свет. Бязмежны і супрацьлеглы, просты і парадаксальны, шчыры і хцівы, прамалінейны і завуаляваны, сур'ёзны і блазнаваты...
Анатоль Крэйдзіч бачыць, разумее і надзяляе сваіх герояў не лялечным схематызмам, а ўсімі жывымі рысамі людскога жыцця. Менавіта ўсё гэта і стварае непаўторны свет аўтара, ягоныя пошукі, як гаварыў М.Стральцоў «завершаны творчай удачай». У гэтым лёгка пераканацца, калі прачытаць кнігу аўтара.
Анатоль Казлоў
ШЧАСЦЕ Ў ПАДАРУНАК
Гісторыя адной меланхоліі
Трэба шукаць сарцавіну, самую глыбокую канцэнтрацыю чалавечага ў чалавеку.
М. Булгакаў
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Шаноўны рэдактар!
Хоць я і не прафесійны літаратар, а ўсяго толькі журналіст, тым не менш нейкае чуццё падказвае мне, што твор, які выпадкова трапіў у мае рукі і які я пераадрасоўваю Вам, патрабуе якраз гэтага дадатку-тлумачэння. Такім чынам, прашу лічыць гэты мой суправаджальны ліст часткаю «Гісторыі...» Калі, вядома, у Вас будзе на тое згода.
Шаноўны чытач!
Цябе я таксама прасіў бы не аддзяляць запіску ад асноўнага, аўтарскага тэксту. Лічыце яе... ну, скажам, асобным раздзелам.
Калі ўжо я падпісваю твор сваім імем, то, пэўна ж, маю права распараджацца ім па свайму разуменню, на што і ўпаўнаважыў мяне аўтар, які сам падпісацца наадрэз адмовіўся. Калі Вы дачытаеце запіску да канца, то зразумееце, чаму ён паступіў менавіта так, а не іначай.
Але пачнем спачатку, з таго слотнага вераснёўскага дня, калі абрыдлы за некалькі дзён дождж, што шумеў за акном, нібыта ўваліўся ў мой кабінет у чалавечым абліччы. З жанчыны няпэўнага ўзросту, з яе доўгага, з накінутым на галаву капюшонам, чорнага плашча сцякала на падлогу вада. Твар яе таксама быў мокры, і, як мне падалося, не толькі ад дажджу. Нібыта пацвярджаючы маю здагадку, жанчына ўсхліпнула.
Паздароўкаўшыся і справіўшыся, хто гаспадар кабінета, яна выцягнула з-пад плашча абгорнуты чысценькім белым ватманам альбом, і паклала на самы край майго заваленага паперамі стала.
- Што гэта?
- Гэта? - нібы перапытала яна. - А Вы адгарніце вокладку, і самі ўбачыце, што.
На першай старонцы каліграфічнымі літарамі было выведзена: «Шчасце ў падарунак. Раман». Унізе стаяла імя і прозвішча аўтара.
- Прабачце, але Вы не па адрасу. Вам трэба ў рэдакцыю літаратурнага часопіса. А гэта газета. Мы не друкуем раманаў.
- Я ведаю, што газета, - захвалявалася жанчына. - Але я знарок шукала якраз вас. Вы адкуль родам?.. Ну, бачыце, мы з вамі землякі. Мне так і тлумачылі. Няўжо ж па-зямляцку не паможаце? Вы ж лепш ведаеце, дзе тут гэтыя вашыя часопісы. Можа б паклапаціліся.
Яна ўмольна зірнула на мяне з глыбіні накінутага на самыя вочы капюшона. Гэткая знябожаная і бездапаможная.
- Гм. Па-зямляцку, кажаце.
- Ну, вядома. Няўжо ж мне шукаць, нічога і нікога не ведаючы, тыя часопісы. Грэх землякам адмаўляць. Мы аддзячым, не падумайце...
- А хто вы будзеце аўтару, калі не сакрэт?
- Я? - яна лёгка ўсміхнулася. - Які ж тут сакрэт. Ён прасіў, каб я назвалася Маргарытай. Проста Маргарыта. Гэта маё імя.
І, ужо прачыніўшы дзверы, каб выйсці, азірнулася, дадала:
- Жонка я яму. - Затрымалася, крыху падумала, сказала, нібыта вінячыся. - Там усё прыдумана, не падумайце...
- А чаму ж ён сdd- Хворы ён...
І жанчына хуценька, забыўшыся развітацца, прычыніла за сабой дзверы.
Праз які тыдзень ці мо нават раней да мяне ў кабінет літаральна ўварваўся малады чалавек. Выгляд ён меў яўна нездаровы. Найперш пра гэта сведчылі запаленыя вочы і сцягнуты, высахлы твар. Позірк хваравіта блукаў па кабінеце.
- Гэта да вас прыходзіла жанчына па імені Маргарыта?
- Да мяне, - успомніў я і адразу ж здагадаўся, хто перада мною.
- Альбом... у вас?
- У мяне.
Нечаканы госць замяўся.
- Вы ўжо прачыталі?
- Прачытаў. Але...
- Не працягвайце, - ён замахаў рукамі, - прашу вас, нічога больш не кажыце. І нікому, нікому яго не паказвайце. Пакуль я не дам на тое сваю згоду. Усё. Бывай, зямляк.
Ён знік гэтак жа нечаканна, як і жанчына, якая назвалася Маргарытай.
Мне нічога не заставалася, як толькі здзіўлена паціснуць плячыма і забыцца на рукапіс. Балазе, хапала сваіх клопатаў...
Праз некалькі месяцаў пасля дзіўных візітаў не менш дзіўных землякоў (а мо і праз год), наведаўшыся ў родны свой гарадок, я пацікавіўся быў у сваякоў, ці не ведаюць яны такіх маладых людзей альбо хоць бы ці не чулі пра іх што-кольвек.
Аказалася - чулі.
Матцы нібыта нехта расказваў, што жыве ў іх гарадку такая сям'я. Ён працуе мулярам. З некім, кажуць, не падзяліў кватэру, лічы, адабраў, а пасля схаваўся на цэлы месяц ці нават болей ад помсты. Але той, пакрыўджаны, усё адно дарваўся да яго і ледзь не скалечыў. Яна, праўда, дакладна не магла сказаць, ці таго маладога муляра спачатку пабілі, а тады ён схаваўся, ці знайшлі ў схованцы і надавалі кухталёў. Дакладна ведала толькі, што бойка была, і што яго, гэтага муляра, уратавала жонка.
- Кажуць людзі, - у матчыным голасле з'явілася трагічная нотка, - што за ёю, за сваёй Рыткаю, здаецца, гэтак яе завуць, ён жыве, як за каменнай сцяной. Накорміць, апране, дзетак дагледзіць, усё і па хаце, і па гаспадарцы ўправіць. Нават і катэдж - нібыта больш яе заслуга, чым яго...
Матка, у рэшце рэшт, ахрысціла яе «залатой жанчынай», маўляў, такім трэба помнік пры жыцці ставіць.
Комментарии к книге «Палескі Напалеон», Анатоль Крэйдзіч
Всего 0 комментариев