Адам Клакоцкі і ягоныя цені (fb2)
- Адам Клакоцкі і ягоныя цені 317K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў
АДАМ КЛАКОЦКІ І ЯГОНЫЯ ЦЕНІ
Бабкоў І.М.
Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Раман у дзесяці гісторыях. 2-е выд. / Ігар Бабкоў. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. — 136 с. — (Серыя “Я кнігу маю”).
ISBN 978-985-6991-90-8.
© Бабкоў І., 2012
© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2012
Адам Клакоцкі і ягоныя цені
Раман у дзесяці гісторыях з жыцьця адважнага асьветніка й энцыкляпэдысты Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў, з дадаткам зацемаў аўтара, двух эпіграфаў зь лістоў сусьветна вядомых творцаў ды пасьляслоўем Францішка Эн., у якім той упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве скарыстоўвае пост-каляніяльны панятак галюцынагеннай прысутнасьці Сябе як Іншага, а таксама фрагмэнтаў двух ненапісаных раманаў, якія — з глыбокай мэтафізычнай пэрспэктывы – бачацца як адзін ненапісаны раман пад рознымі назвамі.
У гэтую кнігу можна ўвайсьці праз чатыры розныя дзьверы. Выйсьця зь яе няма аніякага. Вы ўваходзіце ў раман, калі ўпэўненыя, што ўсё ў сьвеце мусіць мець свой сэнс і сваё мейсца. Вы ўваходзіце ў кнігу гісторыяў, калі перакананыя, што ня варта склейваць у адно чарапкі ад розных вазонаў. Вы ўваходзіце ў філязафічны трактат, калі вы ня ў чым не перакананыя й ня ўпэўненыя. Вы ўваходзіце ў практычны дапаможнік па кітайскай народнай гульні ў інь і ян, калі адчуваеце, што няма каму быць у чымсьці перакананым альбо ўпэўненым.
Пасьля таго, як сон на працягу доўгага часу прагульвае мой дух сярод буксаў, садоў ды чароўных палацаў, дзе я атрымоўваю ўсе казачныя прыемнасьці, я незаўважна перамешваю свае дзённыя і начныя мроі...
Рэнэ Дэкарт, зь ліста да Жана Люі Бальзака
Мы надта лёгка паверылі, што прыгажосьць не ратуе Вядзе легкадумных ад сну да сну — ажно да сьмерці
Зьбігнеў Гэрбэрт, зь ліста да Рышарда Крыніцкага
Матэрыялы да жыцьцяпiсу Адама Клакоцкага
Ян Адам Марыя Клакоцкi нарадзiўся шостага верасьня 1793 году ў фальварку Сапуны непадалёку ад Наваградку ў сям’i дробнага шляхцiца. Год ягонага нараджэньня супаў з годам другога падзелу Рэчы Паспалiтай, ён сам заўсёды памятаў пра гэта, неаднаразова падкрэсьлiваў, а пад канец жыцьця нават надаваў гэтаму факту сымбалiчнае значэньне.
Ягонае жыцьцё дастаткова вывучанае дасьледнiкамi, каб спадзявацца ў гэтым сьцiплым нарысе прапанаваць нешта новае. Зрэшты, гэта й ня ёсьць нашай мэтай. Усё, што можна было знайсьцi ў архiвах, ужо знойдзена, апошнiя знаходкi Язэпа Янушкевiча, якiя тычацца «беларускага» пэрыяду жыцьця гэтага вядомага лiтаратара й навукоўцы, толькi падкрэсьлiваюць агульнае правiла. З усяе багатае спадчыны Яна Адама Марыi, якой «маглi б пазайздросьцiць энцыкляпэдысты» (* Словы Сыракомлі.), мы хацелi б выбраць толькi адну лiнiю, адну тэму, а менавiта: Адам Клакоцкi як зьбiральнiк, сыстэматызатар i дасьледнiк сноў. Перад тым, як цалкам заглыбiцца ў гэтую праблему, у сьвятле якой, мы перакананыя, толькi й можна па-сапраўднаму зразумець i ацанiць цэльнасьць ягонага жыцьця, мы ўсё ж такi спынiмся на некаторых момантах ягонай бiяграфii.
Як мы ўжо казалi, Ян Адам Марыя нарадзiўся ў фальварку Сапуны ў тыповай для таго часу сям’i дробнага шляхцiца. Ягоная мацi атрымала выдатную адукацыю: ад яе Адам навучыўся даволi добра гаварыць па-француску, а таксама займеў цiкавасьць да ўсяго чароўнага, таямнiчага, iрацыянальнага. Гэтая цiкавасьць яшчэ больш узмацнiлася пасьля даўгiх зiмовых вечароў, падчас якiх распавядалiся страшныя гiсторыi пра русалак, чараўнiкоў, пра розныя незвычайныя здарэньнi.
Пра пэрыяд вучобы ў наваградзкай школе мы маем крыху больш зьвестак. Адам меў добрыя адзнакi ў лацiне, крыху горшыя па астатнiх прадметах. Ён быў досыць флегматычны, задумлiвы i ўхiляўся ад звычайных падлеткавых гульняў i забаваў. Ад гэтага пэрыяду да нас дайшоў адзiн ягоны верш па-польску, у якiм Ян Адам Марыя параўноўвае радзiму з прыгожым сном, якi сьнiцца герою. Напрыканцы, у звароце да чытача, выказваецца пажаданьне, каб гэты сон доўжыўся вечна, бо мы ня ведаем, дзе i ў якiх краявiдах нам давядзецца прачнуцца.
Пасьля школы Адам Клакоцкi паступае ў Вiленскi ўнiвэрсытэт. У гэты пэрыяд ён сустракае сваё першае каханьне, рамантычны сантымэнт да якога ён пранясе праз усё сваё жыцьцё. Ва ўнiвэрсытэцкiя гады Ян Адам Марыя заводзiць безьлiч знаёмстваў, удзельнiчае ва ўсiх магчымых сябрынах, як легальных, так i нелегальных, — часам супрацьлеглай скiраванасьцi. У гэтыя часы ён пачынае цiкавiцца iдэяй усеагульнай энцыкляпэдыi — iдэяй, якой, разам з глыбокай цiкавасьцю да сноў, было наканавана адыграць такую iстотную ролю ў ягоным жыцьцi. Ён наведвае лекцыi па гiсторыi, праве, лiтаратуры, але канчаткова спыняе свой выбар на фiлязофii як навуцы, якая здольная сынтэзаваць усе магчымыя веды ў адзiны вялiкi энцыкляпэдычны сынтэз. Пэўны час ён знаходзiцца пад сьледствам за сувязi з гуртком фiляматаў, але ў чымсьці канкрэтным яго так i не змаглi абвінаваціць. Разам з усiмi Ян Адам Марыя захапляўся Напалеонам i нават распавядаў пра сон, у якiм ён быў адным зь ягоных слаўных маршалаў.
Пасьля сканчэньня Вiленскага ўнiвэрсытэту Адам Клакоцкi важыўся абаранiць дысэртацыю «Сон як аргумэнт у палемiцы з картэзiянствам», у якой спрабаваў далучыцца да запозьненай на стагодзьдзе тэмы палемiкi з Дэкартам. Агульны патас дысэртацыi цалкам супадаў з настроямi тагачаснай вiленскай прафэсуры, але яна так i не была залiчаная. Хутчэй за ўсё, сама аргумэнтацыя падалася занадта радыкальнай. Ян Адам Марыя цьвердзiў, што менавiта сон ёсьць тым неабходным i дастатковым аргумэнтам, якi цалкам руйнуе славутую тэзу cogito ergo sum, а таксама апазыцыю рэчы працяглай i рэчы ўяўнай. Калi мы сьпiм, пiсаў ён, мы, вiдавочна, ёсьць, прысутныя ў гэтым сьвеце, але анiякага cogito, анiякага ўсьведамленьня не назiраецца. Зь iншага боку, калi браць пад увагу сны й палiчыць iх пэўнай зьмененай формай такога ўсьведамленьня, ўсё роўна немагчыма выснаваць з гэтага факту анiякага праўдзiвага цьверджаньня аб iснаваньнi «Я». Таксама, паколькi рэальнае «Я» зьнiкае разам з сном, мы мусiм прыняць магчымасьць iснаваньня ў адной асобе некалькiх «Я», адно (альбо адны) зь якiх мела бы iснаваньне рэальнае, а другое — соннае. Анiякiх крытэрыяў, якое з гэтых «Я» памеркаваць праўдзiвым, знайсьці немагчыма.
Адразу пасьля сканчэньня ўнiвэрсытэту ўсялякiя сьляды аб iм губляюцца, гэта той самы «загадкавы» пэрыяд, якi iнтрыгуе шматлiкiх дасьледчыкаў. Адзiнае, што мы пэўна ведаем, гэта тое, што Ян Адам Марыя быў заангажаваны ў падрыхтоўку паўстаньня, але ў якой дакладна якасьцi — невядома. Тое, што засталося ад гэтага пэрыяду, гэта лiставаньне з Адамам Чарноцкiм i Аляксандрам Рыпiнскiм. Я думаю, менавiта ад iх пайшла глыбокая цiкавасьць, нават замiлаваньне народнай культурай, якое затым будзе рэалiзаванае ў другiм томе «Ўсеагульнай энцыкляпэдыi сноў».
Па некаторых зьвестках, у гэты час Ян Адам Марыя вывучаў гiпноз у Бэрлiне. Прынамсi лiсты да Адама Чарноцкага маюць вiдавочны «бэрлiнскi» калярыт. Падчас паўстаньня Адам Клакоцкi — зноў на радзiме. Ёсьць тры розныя вэрсіi ягонага ўдзелу: паводле адной, ён быў шараговым iнсургентам у адным з аддзелаў пад Вiльняй, паводле другой — кiраваў аддзелам пад Наваградкам, а паводле трэцяй — увогуле не прымаў удзелу ў вайсковых дзеяньнях, а даваў iстотную iнфармацыю пра перамяшчэньні расейскiх войскаў, служачы на пошце ў Менску. Ягоная цiкавасьць да сноў, гiпнозу і мрояў набывае практычную скiраванасьць: ва ўспамiнах паўстанцаў апiсваецца гiсторыя, як ён загiпнатызаваў цэлы эскадрон казакаў (разам з коньмi), якiя заснулi i прапусьцiлi рэшткi iнсургентаў у накiрунку аўстрыйскае мяжы (праўда, паводле расейскiх рапартаў, заснулi менавiта iнсургенты i ўсе да аднаго былi адпраўленыя ў кiрунку iншай мяжы — расейска-японскай).
Далей лёс Яна Адама Марыi складваўся даволi традыцыйна. Пасьля здушэньня паўстаньня мы знаходзiм яго ў парыскай эмiграцыi. Ён заняў у Парыжы вiдавочную антымагнацкую пазыцыю, што дазволiла некаторым абвiнавацiць яго ў хлапаманстве. У Парыжы ён быў блiзкi да асяродку лiцьвiнаў, сябраваў зь Мiцкевiчам, адзiн час нават уваходзiў у Кола Тавяньскага. Шапэн прысьвяцiў яму адзiн са сваiх палянэзаў. Але, безумоўна, менавiта парыская эмiграцыя паспрыяла рэалiзацыi самае iстотнае падзеi ягонага жыцьця. У Парыжы ён падрыхтаваў i выдаў тры тамы з сваёй «Усеагульнай энцыкляпэдыi сноў».
Энцыкляпэдыя мусіла выйсьці па-француску, на мове тагачаснай адукаванай Эўропы, i сам гэты факт паказвае ўсю амбiтнасьць аўтаравай задумы. Тэхнiчныя праблемы занялi каля трох год, i ў 1836 годзе выйшаў першы том энцыкляпэдыi (паводле агульнай нумарацыi — сёмы), якi меў назву «Сны адроджанай Польшчы» i адбiваў усеагульную цiкавасьць да «польскага пытаньня» ў Эўропе.
Комментарии к книге «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», Ігар Бабкоў
Всего 0 комментариев