• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Блакітны зніч [Лірычнае]»

1624

Описание

«Блакітны зніч» — лірычная споведзь прызнанага майстра прозы пра сябе i свет, пра самых блізкіх людзей, пра светла-ўзнёслыя i сумна-трагічныя праявы быцця, пра ўсё тое, што дапамагае па-сапраўднаму жыць, верыць i спадзявацца на Чалавечае ў чалавеку.

1 страница из 13
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Блакітны зніч [Лірычнае] (fb2) файл не оценен - Блакітны зніч [Лірычнае] (Бібліятэка часопіса «Наша Вера») 214K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Янка Брыль


Янка Брыль

БЛАКІТНЫ ЗНІЧ

Лірычнае


Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Блакітны Зніч. Лірычнае, — Мінск: Про Хрысто, 2004. — 92 с. (Бібліятэка часопіса «Наша вера»)


Рэдактар: К. Лялько


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ЦІ-ШЫ-НЯ


* * *

Каторую ўжо раніцу з крутога павароту дарогі бачу вялікі барвяны шчыт нізкага сонца — праз рэдка-лісцяную крону старое ліпы. Летась асірацелай, калі буран абярнуў з яе таксама старую, грувасткую ад бясконцых вясновых рамонтаў буслянку. I не пустую, а з нялётнай моладдзю, якую мы, суседзі, дружна шкадавалі, асабліва дзеці.


* * *

Калі мне трапляе на вочы штотыднёвая «таўсцюшка» модна легкадумнай ды развязнай «Комсомольской правды», я ў ёй адразу шукаю пад канец старонак абавязковы прыродазнаўчы нарыс Васіля Пяскова. Ён многа ведае i тонка, чыста адчувае.

Сёння ў яго пра кулікоў.

А мне не проста цікава, — я жыва ўспамінаю неверагодна далёкую раннюю восень трыццаць восьмага года. Сонечную, калі касілі атаву. Людзей паблізу мяне не было, я адзін убачыў як на зацішны брод нашай рыбнай Вушы чародкай аселі кулікі. Перада мною быў крутаваты ўзмежак, i я, прылёгшы, поўз на вышэйшае, каб убачыць тых кулікоў бліжэй.

Радасць ледзь не дзіцячай цікаўнасці. Хоць на душы ў мяне толькі што былі туга i страх. Па дэтэктарным радыёпрыёмнічку пачуў дома ўранні, што ў палякаў з чэхаславакамі, мусіць, дойдзе ўсё-такі да найгоршага. Словы такія: Заользе, канфлікт, ультыматум... А за імі такое простае, жахлівае — вайна!.. Мне пайшоў з лета дваццаць другі, вясною адбыў прызыўную камісію. Яшчэ адно страшнае слова: мабілізацыя... А я ж так мірна настроены маладою душой, любасцю да жыцця, антываеннымі кнігамі, я ж у такім жахлівым тупіку!..

На той час найстрашнейшае адклалася.

Я неўзабаве напісаў апавяданне «Кулікі». У вайну яно прапала. I часта, даволі часта ціха, радасна ўспамінаецца. Але ж няма як праверыць, ці й сапраўды яно было добра напісана.


* * *

На стале маім — прачытаныя за апошнія дні «Скарыніч», «Куфэрак Віленшчыны», «Annus Albaruthenicus 2002». Для Беларусі стараюцца: у Маскве Аляксей Каўка, у Маладзечне Міхась Казлоўскі, у беластоцкіх Крынках Сакрат Яновіч. I гэта ж не ўсё, чым жыве, абараняецца наша роднае слова, ёсць i будуць яшчэ сумленна-чыстыя, няхай сабе i рэдкія выхадам, i малыя тыражамі выданні, у якіх, па вялікім рахунку, ёсць што пачытаць, чым паганарыцца, падмацаваць душу.


* * *

Суседава, цераз вуліцу, дачка, хросніца майго бацькі, адна з трох цётак славутага брусельскага мастака-рэстаўратара Міхася Саўкі-Міхальскага, — Саўчына Віліта. Дзеўка няскладна рослая, няўдалая, замуж пайшла — абы выйсці, дый сямейнікі — стары, удовы бацька, гаспадарлівы браг i драпежная братавуха, — спяшаліся яе пазбыцца. Выйшла ў блізка суседнюю вёску, за Парашчынага Івана, таксама няўдаліцу, але нярослага, трапяткога. Яны абое з маткай былі вельмі працавітыя i скупыя. Разліюць малыя, калі яны з'явіліся, малако на стале, дык бацька, ужо й вусаты, схлебча яго, каб дарма не прападала. Біў ён Віліту часцей не адзін, а з мамай. Выбіраў момант, калi яго «дэрба» стаяла каля лавы: ускокваў курдупель на лаву — ды зверху, нібы каршун. Маці-свякроў шчыкалася ды штурхалася знізу.

Я сваю «Марылю» пісаў у асноўным з Горавай Мані, з якою ў маленстве сябраваў у школу разам хадзілі. Дзеўкай яна была i мілавідная, i з пашкоджанай у маёнтку рукою. Але замуж я выдаваў яе прыдумана, няўдаліцу жаніха пісаў з іншага Івана, a ўжо білі яе, як у Парашчыных, сын з мамай. У першым маім зборніку «Апавяданні» было так: «Як толькі пажаніліся, без таты i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся». A ўжо далей — правяраю па двухтомніку 1960-га, — тата быў выкраслены, не памятаю, чаму. I мамай не замяніў яго, як у Парашчыных было, таксама не памятаю, чаму.

A днямі тое касмічна даўняе, пустыннае ўспомніў чамусьці ў тым ідыёцкім варыянце, як яно было, пра што ў абедзвюх вёсках гаварылася. I стала мне па-старэчы, па-бацькоўску востра шкада тую няўдаліцу Віліту, нават i плач яе нібы пачуў у спалучэнні дарослага з дзіцячым...

Можна, відаць, i так: хвараблівая жаласць. Калі тое было, а ты...

Але ж яно само прыйшло!..


* * *

Цяжка чытаю «Розу Мира» Данііла Андрэева.

Над нагрувашчаннем прамудрых разваг i тлумачэнняў скрозь ix i за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы.

Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды i бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць ix разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутлівай смерці?

А потым я вельмі проста сігануў з той старадаўняй далечы ў свой час, у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвайшлі ў кнігу памяці «Я з вогненнай вёскі...», у жахі дарослых i дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта?..


* * *

Немаладая ўжо руплівіца ўчора ўранні зжала ў суседнім агародзе амаль увесь ячмень, a ўвечары, прыехаўшы з пасёлка роварам, з унучкай на раме, ca страху перад вось-вось магчымым дажджом павязала жмені ў снапы, а снапы знасіла i паставіла ў даўно не бачаныя мною мэндлікі.

Убачыўшы ix уранні, успомніў Максіма Танка: вось i тэма яму для настальгічнага верша.


* * *

Чытаю як быццам вясёлыя апавяданні турэцкага сацрэаліста Азіза Несына, а тут за акном, нарэшце, хоць рэдкі дожджык.

«Пакіну кнігу, пайду на ганак ды пачытаю дождж».

Але, гэта не дождж, а дожджык, які — згадалася — «покапал и прошел», i засталася такая ўрачыстая ціш, што кветкі цыніі — гляджу, прысеўшы на ганку, — стаяць на сваіх высокіх сцяблінках так непарушна, што самому хочацца застыць, суцішыцца ў пытанні: а што гэта такое — ці-шы-ня?..


* * *

Чарнавік — справа інтымная, якою хваліцца няёмка.


* * *

У нашым Загоры: «Не тут кажучы», a ў Крынічным сёння пачуў: «Нікому кажучы». Пра нейкую бяду, каб не наклікаць яе.

...Сала ў вёсцы i сёння, як заўсёды было, не малая ўдарная сіла. I ў прыказках гэта жыве. Адразу адна прыгадалася: «Дурны, дурны, а сала хоча!»

...Помніцца маміна: «Усё, канец, i дуды вобземлю!»

У «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча» на Ашмяншчыне запісана: «Дуды ў мех i па ўсіх танцах» — пра канец справы, работы». А нашае, з Міршчыны, у пэўным адчаі ці проста малайцавата.


* * *

Наколькі лепш было б ведаць пра чалавека, пакуль ён жывы, усё тое, што раскрываецца пасля, калі ўжо яго няма, a засталіся толькі запісы, успаміны...

Апошні прыклад — Мар'ян Пецюкевіч, кнігу якога «Кара за службу народу» днямі з цікавасцю прачытаў. Тут у яго кара лягчэйшая — ссылка ў Сібір, жыццё нейкім чынам свабоднае. Ёсць яшчэ кніга «У пошуках зачараваных скарбаў», дзе ў яго i допыты, i турма, i лагер. Хочацца прачытаць яе, можа, i ўдасца. A калі чытаў пра ссылку, мне хораша раскрывалася душа яшчэ аднаго, па-свойму значнага чалавека. Думалася i пpa тое, як мала я ведаў пра яго, калі ён пісаў мне з Торуня, здаецца, ужо ў шасцідзесятых, між іншым, паведамляючы i пра смерць старога віленчука архітэктара Стэфана Нарэмбскага, таксама мала вядомага мне пасля нашага знаёмства з ім увосені 1955-га, калі я пісаў пра гэта ў нарысе «Польскі дзённік», а з яго дачкой, мастачкай Барбарай Нарэмбскай-Дэмбскай, пазнаёміўся летам 1964-га на Нарачы, i яна погым прыслала мне манаграфію пра бацькава жыццё i творчасць з прыязным аўтографам вясёлага маэстра.

Столькі пражыўшы, так даўно ўжо займаючыся здаваннем у архівы таго, што бачыцца вартым захавання, дзіўна ўсё-такі, неяк па-асабліваму нязвычна, што трэба вось схадзіць у бібліятэку Акадэміі навук або ў Дзяржаўны архіў літаратуры i мастацтва, каб перачытаць там дзесятак пісьмаў Пецюкевіча ці яшчэ кагосьці, — так усё забылася, толькі сяк-так узнікае зрэдку ў перанасычанай, стомленай памяці, часамі, праўда, i радуючы нейкім «адкрыццём».


* * *

Комментарии к книге «Блакітны зніч [Лірычнае]», Янка Брыль

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!