Касмічная багіня палявання (fb2)
- Касмічная багіня палявання 65K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Геннадий Петрович Авласенко
Генадзь Аўласенка
Касмічная багіня палявання
Апавяданне
1
— Да вас наведвальнік! — весела аб’явіла мне маладзенькая санітарка, зазірнуўшы ў палату. — Пусціць?
— Ні ў якім разе! — прасіпела я, марна спрабуючы прыдаць ахрыпламу голасу хоць нейкі элемент уладнасці. — Не жадаю нікога бачыць!
— Як скажаце! — разгублена прашаптала санітарка, асцярожна зачыняючы за сабой дзверы.
— І не ўздумай усё ж пускаць! — сабраўшы апошнія сілы, гыркнула я наўздагон. — Аклямаюся — заб’ю!
Я ўжо здагадвалася, што гэта за наведвальнік, а праз імгненне ўпэўнілася, што ні на ёту не памылілася, бо ён ужо ўваходзіў у палату. Той, бачыць каго мне хацелася цяпер менш за ўсё. Мой глыбокапаважаны шэф.
Выглядаў ён на здзіўленне бадзёра і элегантна. Зрэшты, шэф заўсёды так выглядаў. А яшчэ ён быў д’ябальскі абаяльным.
Не прывабным, а менавіта абаяльным. Ён літаральна зачароўваў сваім абаяннем усіх дурненькіх і наіўных асобін супрацьлеглага полу і зачароўваў да такой ступені, што гэтыя прасцячкі проста гублялі галовы. Я сама прайшла праз усё гэта ў свой час і таму перадумала забіваць маладзенькую санітарку, якая асмелілася, нягледзячы на катэгарычную маю забарону, упусціць у палату гэтага гнюснага тыпа.
— Салют! — данёсся да маіх вушэй сакавіты барытон (хоць, у дадзены момант я аддала б перавагу злавеснаму змяінаму сыканню). — Слухай, а ты малайцом!
Стараючыся трымаць сябе ў руках, я адразу ж выказала ўладальніку сакавітага барытону ўсё, што ў дадзены момант думаю. У думках выказала, а не ўслых…
Зрэшты, я зусім забылася, што мой шэф, калі верыць плёткам, здольны чытаць думкі.
— Скадзі, Скадзі! — уздыхнуў ён, падыходзячы бліжэй да ложка. — Ты такая ж прыгожая, як Фрэйя, але чаму ў цябе няма яе здольнасці да самаахвярнай уседаравальнай любові?
Наш шэф — вялікі знаўца і гарачы прыхільнік скандынаўскай міфалогіі. Але ягоны любімы герой — не Одзін і не Тор, а хітрамудры і каварны Локі. Што, дарэчы, нікога і не здзіўляе…
А яшчэ шэфу вельмі падабаецца Фрэйя, багіня кахання і прыгажосці.
Але ж я не Фрэйя, а Скадзі! Так, між іншым, называлі скандынаўскую багіню палявання…
— Успомні, як Фрэйя аднойчы, каб атрымаць каралі Брысінгамен, правяла чатыры ночы кахання з брыдкімі карлікамі, — працягваў развіваць любімую тэму шэф. — А я, здаецца, і няблага выглядаю, і прапанаваць табе магу куды больш, чым нейкія там старажытныя каралі. Гэта не тое, каб намёк, але…
— Ты лепш успомні, што зрабіла сапраўдная Скадзі з тваім любімым Локі, калі ён яе канчаткова дастаў! — перабіла я шэфа. — Гэта таксама, не тое, каб намёк.
— Добра, не будзем пра сумнае! — адразу ж змяніў тэму шэф. — Дарэчы, магчыма, табе будзе цікава даведацца, што толькі за сённяшні дзень да нас, у Цэнтр, паступіла не менш як дзесяць тысяч электронных паштовак з віншаваннямі і пажаданнямі ў твой адрас. У першую чаргу, каб ты хутчэй пайшла на папраўку…
— А ці не пайшоў бы ты сам куды далей! —.. прасіпела я, адкінуўшы ўсялякую дыпламатыю. — Думаў купіць мяне на гэткую туфту?!
— Ды не, з чаго ты ўзяла? — прагаварыў шэф, і выраз ягонага твару зрабіўся крыху разгубленным. — Проста я лічыў, што табе будзе прыемна пачуць, як ты патрэбна людзям і як усе шчыра жадаюць хутчэйшага твайго вяртання ў строй.
— Ніякага вяртання! — з самых апошніх сіл прасіпела я і адразу ж ледзь не страціла прытомнасць ад страшэннага болю ў скронях і патыліцы. — Так што можаш топаць адсюль на ўсе чатыры бакі!
Але шэф топаць (тым больш, на ўсе чатыры бакі) пакуль што не спяшаўся. Замест гэтага ён нетаропка прайшоўся па палаце, потым зноў павярнуўся да мяне.
— Якія яшчэ будуць пажаданні? — весела пацікавіўся ён. — Акрамя таго, каб я топаў адсюль.
— Пацалуй мяне ў адно месца! — адразу ж прапанавала я. А потым падумала крыху і дадала, куды канкрэтна.
— Мая даўняя і, на жаль, пакуль што неажыццявімая мара! — уздыхнуў шэф, акідваючы крытычным позіркам бясформеннае нагрувашчанне гіпсу, бінтоў і ваты, якое я з сябе ў гэты момант і ўяўляла. — Тым больш цяпер, у дадзенай канкрэтнай сітуацыі… Дарэчы, а табе не хацелася б максімальна паскорыць працэс выздараўлення?
— Ні ў якім разе! — зларадна ўхмыльнулася я. — Хачу загадзя папярэдзіць, што лячыцца збіраюся традыцыйным спосабам! І адразу ж пасля гэтага назаўсёды змываюся з вашай паршывай канторы!І не ўздумай мяне адгаворваць!
— Не збіраюся нават! — сказаў шэф, паціскаючы плячамі. — Незаменных у нас няма!
Вось у гэтым ён глыбока памыляўся!
Я — адна з тых, каго цяжка замяніць, бо такія трапляюцца надзвычай рэдка. Дзесьці адзін шанец на дзесяць мільёнаў. Прытым, не ўсе з патэнцыяльных кандыдатаў здольныя на гэтую д’ябальскую працу.
І не ўсе з тых, хто здольны, на яе згаджаюцца…
Так што я — адна з незаменных!
Але што зробіш, калі я зламалася!
І не толькі фізічна, хоць адных пераломаў на маім целе ўрачы налічылі больш як два дзясяткі, але і маральна. Маральна — у першую чаргу!
Гэты апошні паядынак… ён мяне даканаў!
— Ну што ж! — прамовіў шэф прымірэнча. — Не — дык не!
Пасля гэтага ён засунуў руку ў бакавую кішэню курткі, доўга там корпаўся і нарэшце выцягнуў з яе пляскатую шкляную бутэльку з такім знаёмым іскрыстым змесцівам.
Кактэйль «Зорны пыл»… любімы мой кактэйль!
— Прабач, што не прапаную! — прагаварыў шэф, зрабіўшы глыток. — Але за тваё будучае здароўе не грэх і выпіць!
Я горда прамаўчала, адчуваючы, як засмяглы рот павольна напаўняецца слінай.
— І вось яшчэ, ледзь не забыўся! — шэф на імгненне змоўк, зноў прыклаўся да бутэлькі. — Твая малодшая сястрычка, я чуў, падала заяву пра перавод на другую лінію.
— Навошта ты мне гэта кажаш? — прасіпела я, насцярожыўшыся.
Сапраўдная размова пачыналася толькі цяпер — гэта я выдатна разумела. А ўсё,
што было да гэтага — так, размінка. Прэлюдыя, як кажуць музыканты.
— На якую канкрэтна?
— На якую?
Шэф задумаўся. Ці, хутчэй, зрабіў выгляд, што задумаўся.
— Канкрэтна не ведаю, але, здаецца, на адну са знешніх. «Зямля — Тытан» ці «Зямля — Ганімед».
— Што?!
Менавіта на трасе «Зямля — Ганімед» і адбылася тая, ракавая для мяне, сустрэча з касмазаўрам. І касмазаўр, як гэта не сумна, ледзь не выйшаў з яе пераможцам.
— Вы гэта спецыяльна падстроілі, хіба не так?! Вам проста неабходна ў мінімальна сціслыя тэрміны вярнуць мяне ў строй, а для гэтага ўсе сродкі падыходзяць, так?!
Замест адказу шэф моўчкі прыклаўся да «Зорнага пылу». Здаецца, перад гэтым ён самазадаволена ўсміхнуўся, што канчаткова вывела мяне з сябе.
— Майце на ўвазе, — прасіпела я з пагрозай, — калі з маёй сястрычкай хоць што-небудзь здарыцца.
— А калі гэта здарыцца з якой-небудзь іншай сцюардэсай?! — з нечаканай злосцю выгукнуў шэф. — Тады ўсё ў парадку, так?! Дачка маёй сястры — другі пілот на трасе «Зямля — Тытан»! А мой унук праходзіць стажыроўку на адным з патрульных караблёў у поясе астэроідаў! І хачу, каб ты ведала: сястра твая сама пажадала перавесціся на знешнія лініі, нягледзячы на тое, што яе ўсяляк спрабавалі ад гэтага адгаварыць.
Шэф змоўк, так і не скончыўшы фразы, а я на яго пазірала і марна спрабавала зразумець, што гэта было? Чарговы шахматны ход. ці ўсё ж.
Часам мне вельмі цяжка зразумець шэфа.
— Добра! — прасіпела я на здзіўленне спакойна. — Твая зноў узяла! Даю згоду на паскораную тэрапію! Але сястрычку маю вы вернеце на лінію «Зямля— Венера»!
— Сёння ж вернем, як бы яна не брыкалася. Тым больш, што іх лайнер пакуль яшчэ на перазагрузцы! — паабяцаў шэф, імгненна выхопліваючы з кішэні і падносячы да майго знявечанага носу партатыўны прыбор пад сціплай назвай «Натарыус- аўтамат». — А ты, калі ласка, зноў паўтары сваю згоду на паскораную тэрапію! Толькі выразна і зразумела!
— Як умею! — агрызнулася я і сіплым голасам пачала паўтараць сваю згоду.
Згоду на яшчэ адзін год вар’яцкага жыцця, з якога я, здаецца, так ніколі і не
вырвуся!
Да самай сваёй пагібелі.
Комментарии к книге «Касмічная багіня палявання», Геннадий Петрович Авласенко
Всего 0 комментариев